Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аддайце мне аўтамат», — прасіў затрыманы амэрыканцамі ў францускім цягніку


Француская паліцыя каля цягніка ў Арасе
Француская паліцыя каля цягніка ў Арасе

Узброены чалавек, якога затрымалі на цягніку з Амстэрдаму ў Парыж, прасіў аддаць яму аўтамат Калашнікава, паведамляе агенцтва France-Presse са спасылкай на аднаго з амэрыканцаў.

«Усё адбылося вельмі хутка», — сказаў францускаму тэлеканалу BFM Энтані Сэдлэр, студэнт з ЗША, які падарожнічаў разам са сваімі сябрамі, амэрыканскімі вайскоўцамі Алекам Скарлатасам і Спэнсэрам Стоўнам.

«Я зразумеў, што адбываецца, толькі калі пабачыў, што побач бяжыць ахоўнік. Я паглядзеў назад і пабачыў, як заходзіць хлопец з Калашнікавым. Мы зь сябрам прыселі і потым я сказаў «Давай на яго», — цытуе BBC Скарлатаса, 22-гадовага вайскоўца Нацыянальнай Гвардыі ў амэрыканскім штаце Арэгон, які нядаўна вярнуўся са службы ў Аўганістане.

«Мы ня ведалі, ці то аўтамат не спрацаваў, ці нешта яшчэ такое. Спэнсэр проста пабег у любым выпадку, і калі б некага застрэлілі, дык найперш Спэнсэра, і нам проста пашанцавала, што ніхто не загінуў,» — дадаў Скарлатас.

Стоўн схапіў узброенага і быў паранены нажом. Яшчэ адзін пасажыр быў паранены стрэлам у плячо.

«Я падбег, выхапіў у яго аўтамат і пачаў біць яго па галаве, пакуль ён ня ўпаў без прытомнасьці,» — кажа Скарлатас. Паводле яго, мужчына крычаў, каб яму вярнулі зброю.

У затрыманьні таксама ўзяў удзел брытанец Крыс Норман, які ехаў у цягніку. Затрыманага перадалі паліцыі францускага гораду Арас — акрамя аўтамата і нажа, ён меў пісталет і дзевяць абоймаў. Паведамляецца, што гэта 26-гадовы мужчына мараканскага паходжаньня, які жыў у Гішпаніі, але сёлета пераехаў у Бэльгію.

Міністар унутраных спраў Францыі Бэрнар Казнэў сказаў, што ўдзельнікі затрыманьня праявілі вялікую мужнасьць. «Бязь іх вытрыманых дзеяньняў мог адбыцца жахлівы інцыдэнт», — сказаў ён.

Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд запрасіў амэрыканцаў на сустрэчу, якая мае адбыцца празь некалькі дзён. Сэдлэр сказаў тэлеканалу BFM, што ён размаўляў са Стоўнам, які знаходзіцца ў шпіталі, і што той пачуваецца добра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG