Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі эканаміст: Да канца году курс будзе 75 рублёў за даляр, да дна яшчэ далёка


Паводле расейскага эканаміста Ігара Нікалаева, няма падстаў верыць афіцыйным запэўніваньням, што ў Расеі ўжо закончыліся спад вытворчасьці і абясцэньваньне рубля.

«Напэўна, ёсьць падстава сур’ёзна задумацца» — сказаў міністар эканамічнага разьвіцьця Расеі Аляксей Улюкаеў, калі яго спыталі аб спадзе ВУП у другім квартале, які дасягнуў 4,6% і аказаўся большым за прагназаваны ўзровень.

У канцы ліпеня міністар прагназаваў спад 4,4% і казаў, што краіна ўжо прайшла ніжнюю кропку па тэмпах спаду эканомікі: «Сытуацыя ў эканоміцы лепшая, чым мы прагназавалі, чым большасьць аналітыкаў прагназавала ў канцы мінулага — пачатку гэтага году». Тады ён таксама заўважыў, што не чакае «нейкай рэзкай няўстойлівасьці на валютным рынку».

Эканаміст Ігар Нікалаеў сумняваецца ў рэалістычнасьці гэтых абяцаньняў. Паводле яго, рэч тут ня толькі ў падзеньні цэнаў на нафту, зь якімі, як многія лічаць, цесна зьвязаны курс расейскага рубля.

Ігар Нікалаеў: Вядома, цэны на нафту, іх падзеньне — гэта ключавы чыньнік, гэта безумоўна. Але ня толькі гэтым чыньнікам абумоўлена такая паніжальная дынаміка расейскага рубля. Cтан макраэканомікі таксама мае вельмі важнае значэньне, таму што калі справы ідуць дрэнна, а справы ідуць менавіта такім чынам, калі ласка, вам апошнія дадзеныя Расстату — 4,6% мінус у другім квартале бягучага году падзеньне па ВУП у параўнаньні з адпаведным пэрыядам мінулага году — то гэта таксама аказвае ўплыў на рубель па адной простай прычыне: калі эканоміка падае, нявызначанасьць высокая, значыць, ёсьць жаданьне ў інвэстараў, спэкулянтаў застрахавацца ад усіх гэтых рызыкаў і перакласьці грошы ў валюту. Ёсьць і іншыя чыньнікі. Напрыклад, чаканьне павышэньня ставак Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы ЗША, якое, па ўсёй бачнасьці, адбудзецца восеньню. Гэта азначае, што даляр стане даражэйшым.

РС: Расейскія ўлады кажуць, што будзе нейкае дно, а потым, скарыстаўшыся аслабленым рублём, эканоміка рушыць ў адваротны бок. Вы бачыце гэты сцэнар?

Ігар Нікалаеў: Калі падыходзіць зусім ужо тэарэтычна, вядома, некалі будзе дно, і вядома, некалі будзе рост. Але ўлады кажуць выразна, што мы рост ўбачым ужо да канца гэтага году, а такога сцэнару, на жаль, я ня бачу. Паглядзім на чыньнікі, якія могуць паўплываць на гэта: цэны на нафту — мы бачым, што зь імі адбываецца. Яшчэ і Кітай дадае нэгатыву са сваёй дэвальвацыяй юаня. Можна сказаць, што цэны на нафту ня вырастуць да тых узроўняў, якія маглі б дапамагчы расейскай эканоміцы. Санкцыі і антысанкцыі працягваюцца — гэта таксама нэгатыўна ўплывае. Структурныя рэформы — нават калі іх пачнуць сёньня інтэнсіўна ўкараняць, для іх ажыцьцяўленьня трэба час. Я ня бачу, што магло б павярнуць эканоміку да росту ў бліжэйшыя месяцы. Адсюль выснова: такі сцэнар, што дно ўжо пройдзена і мы ўжо ледзь не расьцем, ніякім чынам не падмацоўваецца тым, што адбываецца насамрэч.

РС: А ў вас ёсьць прагноз, што будзе далей рабіць рубель? Узімку было падзеньне рубля, а потым ён падрос. Цяпер было падзеньне рубля, і ён зноў падрасьце? Або працягне падзеньне?

Ігар Нікалаеў: Скокі магчымыя. Але каб ён зноў так умацаваўся, і даляр стаў бы каштаваць менш за 49 рублёў — такога, я думаю, ужо ня будзе. Гэта значыць, скокі магчымыя, і ўмацаваньне, але трэба ўлічваць, што ў нас у бліжэйшыя месяцы будзе адбывацца — рэчы, якія ня вельмі для расейскай эканомікі, для расейскага рубля прыемныя, і якіх не было вясной, калі умацоўваўся рубель. Я маю на ўвазе павышэньне ставак Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы, зьняцьце санкцый з Ірану, а мы ведаем, што гэта азначае дадатковую нафту на сусьветных рынках, і гэта таксама працуе супраць рубля. Гэта значыць, такога досыць магутнага ўмацаваньня, якое мы бачылі ў лютым-красавіку, ня варта чакаць. Усё будзе куды горш, рубель будзе слабець. І па нашай ацэнцы, 75 рублёў за даляр, а можа быць, і ніжэй, мы да канца года ўбачым.

Цалкам матэрыял чытаць тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG