Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь — у ТОП-40 самых крэатыўных краінаў сьвету. Горш з талерантнасьцю


Пра гэта паведамляе выданьне «Аргументы и факты в Беларуси» са спасылкай на рэйтынг дасьледнага цэнтру Global Creativity Index.

Беларусь у сёлетнім рэйтынгу заняла 37-ю пазыцыю са 139 краінаў, якія былі ахопленыя дасьледаваньнем. Расея апынулася ў наступным радку — 38-й, а Латвія і Польшча разьмясьціліся яшчэ ніжэй.

Лідэрамі рэйтынгу Global Creativity Index-2015 сталі Аўстралія, ЗША і Новая Зэляндыя, якія занялі п’едэстал гонару. У першую дзясятку таксама трапілі пяць заходнеэўрапейскіх краінаў — Данія, Фінляндыя, Швэцыя, Ісьляндыя і Нідэрлянды.

У рамках дасьледаваньня экспэрты ацэньвалі 139 краінаў сьвету паводле «трох Т» — асноўных напрамках, якія класыфікаваныя як «Талент», «Тэхналёгіі» і «Талерантнасьць». Паводле экспэртаў, Беларусь займае досыць высокую пазыцыю ў рэйтынгу шмат у чым дзякуючы сваім жыхарам — у катэгорыі «Талент» краіна ўвайшла ў першую дзясятку, заняўшы 8-е месца, па суседзтве са Славеніяй, Швэцыяй і Новай Зэляндыяй.


У аналітыкаў не аказалася дадзеных па Беларусі, якія б дазволілі палічыць долю так званай «крэатыўнай клясы» ў структуры насельніцтва (у адпаведнай графе — прочырк).


Але цікава параўнаць, як з гэтым справы ў іншых. У лідэрах — Люксэмбург і Сынгапур, дзе 54% і 47% жыхароў адпаведна занятыя ў сфэры навукі і тэхналёгіяў, мастацтва і культуры, бізнэсу і мэнэджмэнту. Таксама высокая доля «крэатыўнай клясы» (больш за 44%) у Швэйцарыі, Ісьляндыі, Швэцыі, Нідэрляндах, Вялікабрытаніі. Сярод суседзяў Беларусі лічбы наступныя: ва Ўкраіне — 30%, у Расеі — 39%, у Літве — 40%.

У сфэры тэхналёгіяў Беларусь таксама ўваходзіць у ТОП-50 (41-е месца). Горшыя паказьнікі — паводле «Талерантнасьці», тут Беларусь на 97-й пазыцыі. Экспэрты ацэньвалі ступень адкрытасьці дзяржавы да разнастайных інавацыяў і новых ідэяў. «Адкрытасьць спрыяе таму, што краіна прыцягвае крэатыўных людзей, высокакваліфікаваных спэцыялістаў з усяго сьвету, якія робяць сур’ёзны ўнёсак у эканоміку, ствараючы новыя кампаніі, адкрываючы стартапы і новыя рынкі. Гэта вялікая перавага», — перакананы адзін з суаўтараў дасьледаваньня Рычард Флярыда, дырэктар Martin Prosperity Institute ў Школе мэнэджмэнту Ротман Унівэрсытэту Таронта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG