Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ганконгу і Канадзе прайшлі маршы ў абарону жаночых грудзей


Акцыя Femen, 2014 год
Акцыя Femen, 2014 год

Адразу дзьве масавыя акцыі ў абарону жаночых грудзей прайшлі ў процілеглых канцах Зямлі — у Ганконгу і канадзкім горадзе Ўотэрлу.

У ганконскіх актывістаў, якія размахвалі станікамі, падстава была сур’ёзнай: яны выйшлі ў абарону жанчыны, якую пасадзілі ў турму за «напад на паліцыянта», якога яна падчас масавай акцыі зачапіла грудзьмі.

У ганконскім маршы, паводле AFP, прынялі ўдзел каля 100 чалавек. Некаторыя несьлі станікі ў руках, іншыя на адзеньні.

У чацьвер 33-гадовую настаўніцу асудзілі на 3,5 месяцы турмы за напад на афіцэра падчас маршу супраць гандлёвых пагадненьняў з мацерыковым Кітаем. Суд вызначыў, што яна штурхала паліцыянта грудзьмі ў руку. Жанчына падала на апэляцыю і выплаціла заклад, каб чакаць разгляду скаргі на волі. Паводле яе словаў, «напад» было выпадковым: рука паліцыянта апынулася на яе грудзях пасьля таго, як яму не ўдалося схапіць яе за раменьчык торбачкі.

У канадзкім горадзе Ўотэрлу (правінцыя Антарыё) каля 300 жанчын вырашылі падтрымаць трох сёстраў, якіх паліцыянты затрымалі за язду на ровары без кашуляў.

У руках жанчыны трымалі плякаты «Гэта грудзі, а ня бомбы, расслабцеся» і «Нудызм не азначае сэксуальнасьць», перадае ВВС.

Як растлумачылі самі затрыманыя сёстры Надзя, Таміру і Аліша Махамэд, яны зьнялі зь сябе кашулі з-за вельмі сьпякотнага надвор’я. Паліцыянты ж спынілі іх і загадалі адзецца дзеля бясьпекі саміх дзяўчат.

Закон, які дзейнічае на тэрыторыі правінцыі Антарыё, дазваляе жанчынам хадзіць топлес пасьля рашэньня суда 1996 года. Усе трое напісалі скаргу кіраўніцтву паліцыі на дзеяньні афіцэра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG