Відэаэкспэрымэнт, у якім гей-пара прагуляліся вакол Кіева ўзяўшыя за рукі, каб вымераць узровень гамафобных настрояў, прайшоў у асноўным без інцыдэнтаў, аж пакуль пара не была аточаная бандай маладых людзей, якія ўчынілі напад з газавымі балёнчыкамі.
Апублікаванае днямі на YouTube відэа першапачаткова паказвае двух мужчын, Зорана Кіся і Цімура Леўчука, якія ходзяць разам па ўкраінскай сталіцы.
Але ў канцы кліпу адзін зь іх сядзіць на каленях іншага на лаўцы на Крашчаціку, цэнтральнай кіеўскай вуліцы. Затым іх атачыла банда дзесяці маладзёнаў. Паводле Кіся, адзін зь мужчынаў запытаў: «Вы патрыёты?», на што атрымаў адказ: «Так, патрыёты». Празь некалькі імгненьняў адзін з мужчынаў пырскае з газавага балёну, а іншыя наносяць удары нагамі. Атака была спыненая некалькімі мужчынамі ў сініх кашулях.
Украінскае відэа зафіксавала паўтор экспэрымэнту, які нядаўна быў праведзены ў Маскве, каб праверыць рэакцыю грамадзкасьці на праявы гомасэксуальнасьці пасьля рашэньня Вярхоўнага Суду ЗША аб ўзаконьваньні аднаполых шлюбаў на ўсёй тэрыторыі Злучаных Штатаў.
У маскоўскім відэа, зробленым ChebuRussia TV, двое мужчын, якія ўзяліся за рукі, сустрэлі агрэсіўную рэакцыю.
Маскоўскае відэа мае амаль 9 мільёнаў праглядаў, украінскае — амаль паўмільёны. З Украіны відэа глядзелі 477000 раз.
«У Маскве мы бачылі шмат вэрбальных абразаў, а ў Кіеве мы такога не пабачылі, — кажа Кіс ў відэа. — Якую выснову мы можам зрабіць? Што ў нашым грамадзтве вельмі мала агрэсіўных гамафобных радыкалаў, якія гатовыя да нападу. Іншых людзей проста не хвалюе, калі гэта ня тычыцца іх асабіста. І гамафобная меншасьць спрабуе прымусіць усіх гуляць па сваіх правілах».