Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтар «пранкерскага» відэа пра стаўленьня да геяў у Маскве: «Я не чакаў такой жорсткай рэакцыі»


Маладыя людзі ўзяліся за рукі і прагуляліся па Маскве, здымаючы рэакцыю мінакоў. Пра рэакцыю масквічоў і ацэнкі ўдзельнікаў акцыі — ў рэпартажы расейскай службы радыё Свабода.

Гэты відэаролік, які сабраў за суткі больш за тры мільёны праглядаў, прысьвечаны адносінам да ЛГБТ-супольнасьці ў Расеі. Два маладзёны ўзяліся за рукі і зрабілі гадзінны шпацыр па цэнтры Масквы. Ідэя правесьці такі экспэрымэнт прыйшла адразу пасьля таго, як у ЗША легалізавалі аднаполыя шлюбы, распавёў Арцём Французаў, аўтар відэапраекту ChebuRussiaTV, які займаецца, у тым ліку, і такога кшталту сацыяльнымі экспэрымэнтамі. Заўважалі іх у асноўным мужчыны, жанчыны амаль не зьвярталі ўвагі. Рэакцыя ж мужчын была ня проста нэгатыўнай, але агрэсіўнай, кажа Французаў, які сам зьняўся ў роліку.

Камэнтары да роліку на YouТube таксама часта нецэнзурныя, самыя талерантныя — ад замежнікаў, зьдзіўленых сытуацыяй у Расеі.

Былі таксама экспэрымэнты, якія тычацца адносінаў расейцаў да інвалідаў, вэтэранаў, бедных. У цэлым жа праект — зусім не сацыяльны, а хутчэй «пранкерскі», для маладой аўдыторыі. У інтэрвію Радыё Свабода Арцём Французаў распавёў пра тое, што не чакаў настолькі нэгатыўнай ацэнкі мінакоў падчас апошняга экспэрымэнту і ўжо ніяк ня быў гатовы да агрэсіі і гвалту ў адносінах да сябе.

Французаў: Ідэя прыйшла, як толькі ў Амэрыцы легалізавалі аднаполыя шлюбы. Нам адразу стала цікава, як у Расеі на гэта паглядзяць. Былі падазрэньні, што ўзьнікнуць неадэкватныя рэакцыі. У нас шмат нецярпімасьці, але мы неяк не завастралі на гэтым увагі. Тыдзень мы думалі, як гэта рэалізаваць, — вырашылі абраць фармат гадзіннага шпацыру. Пасьля таго, як мы ўсё гэта адздымалі, мы падыходзілі да людзей і для сябе пыталіся: як вы ставіцеся да гэтага? Ну, і ўсе казалі альбо «трэба пысу ім чысьціць», альбо «ніяк я да гэтага ня стаўлюся».

РС: Вас зьдзівіў вынік? Вы былі гатовыя да такой рэакцыі людзей?

Французаў: Шчыра кажучы, я зьдзівіўся. Я думаў, максымум буду ісьці з Жэням і будуць касыя погляды, можа быць, пырханьне, пра фізычны кантакт я наагул маўчу, я ня думаў, што такое магчыма, што людзей настолькі моцна хвалюе, чым займаюцца іншыя людзі. Як мне падалося, гэта не выглядала вульгарна. Мы проста ішлі, узяўшыся за рукі.

РС: Ведаючы, якую рэакцыю вы сустрэнеце цяпер, вы гатовыя былі б паўтарыць гэта?

Французаў: Мне здаецца, так, гэта варта таго.

РС: Ці хацелі б вы, каб у Расеі легалізавалі аднаполыя шлюбы? І ці лічыце вы, што гэта магчыма?

Французаў: Я лічу, што гэта немагчыма ў Расеі. Прынамсі цяпер. А хацеў бы я ці не хацеў... мне, шчыра, бяз розьніцы. Легалізуюць — о’кей, не легалізуюць — о’кей, мяне гэта ня тычыцца.

РС: Але ведаючы цяпер, як да ЛГБТ ставяцца простыя расейцы...

Французаў: Таму я і кажу: гэта мроі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG