У інфармацыі на сайце кампаніі ўдакладняецца, што новы тэлеканал будзе працаваць у звыклым для «Deutsche Welle» фармаце сур’ёзнай і ўзважанай журналістыкі і паспрабуе задаволіць усё большую цікавасьць у сьвеце да таго, што адбываецца ў Нямеччыне.
Раней прадстаўнік кампаніі заявіў, што новы канал ствараецца для супрацьстаяньня расейскай прапагандзе. Амэрыканскія СМІ сьцьвярджалі, што ў першую чаргу англамоўны канал «Deutsche Welle» будзе канкураваць з расейскім RT, які вяшчае як на ангельскай, так і на нямецкай мове.
«Deutsche Welle» — нямецкая дзяржаўная тэлерадыёкампанія, арыентаваная на замежную аўдыторыю. Яна пазыцыянуе сябе як незалежная крыніца інфармацыі аб Нямеччыне і яе поглядзе на падзеі ў іншых краінах. Радыёстанцыі і сайты кампаніі працуюць на некалькіх мовах, аднак яе тэлевізія дагэтуль была толькі нямецкамоўная.