Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ выявіла танкі і артылерыю сэпаратыстаў ля лініі разьмежаваньня


Украінскія вайскоўцы паведамляюць пра абстрэл з боку сэпаратыстаў з забароненых прыладаў

Назіральнікі АБСЭ ва Ўкраіне выявілі вайсковую тэхніку сэпаратыстаў побач зь лініяй разьмежаваньня бакоў канфлікту ў Данбасе, што парушае Менскія дамоўленасьці.

10 танкаў і 27 браніраваных машын былі заўважаныя каля гораду Камсамольскае Данецкай вобласьці. Яшчэ некалькі адзінак цяжкай тэхнікі, у тым ліку самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «Гвоздика», выяўленыя каля гарадоў Шахцёрскае, Зугрэс і вёскі Васільеўка. Як паведамляюць у адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны, вялікую колькасьць цяжкай тэхнікі сэпаратысты падцягнулі ў Горлаўку.

За апошнія суткі ў Данбасе загінулі двое ўкраінскіх вайскоўцаў, шасьцёра параненыя. Баявыя дзеяньні вяліся на Марыюпальскім і Данецкім напрамках, ля гарадоў Шырокіна і Горлаўка. Паводле дадзеных камандаваньня ўкраінскай арміі, сэпаратысты ў гэтых рэгіёнах абстралялі вайскоўцаў з гармат, калібар якіх забаронены для ўжываньня ў Данбасе менскімі пагадненьнямі.

У самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспубліцы» заяўляюць, што ўкраінскія вайскоўцы за суткі каля 40 разоў парушылі рэжым спыненьня агню. Стратаў сярод сэпаратыстаў няма.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG