Украінскі інфармацыйны рэсурс «InformNapalm» апублікаваў новыя зьвесткі аб удзеле ў канфлікце на ўсходзе Ўкраіны вайскоўцаў расейскай арміі.
Паводле дадзеных рэсурсу, летась у жніўні на баку сэпаратыстаў ваявалі расейскія кантрактнікі, якія праходзілі службу ў 205-й асобнай мотастралковай брыгадзе, што базуецца ў горадзе Будзёнаўск ў Стаўрапольскім краі.
«InformNapalm» прыводзіць фатаграфіі з профілю ў сетцы «УКантакце» расейскага сяржанта-зэнітчыка Сяргея Палканава, які, па зьвестках рэсурсу, у жніўні 2014 знаходзіўся на вучэньнях 205-й брыгады ў Астраханскай вобласьці, адкуль быў накіраваны на ўсход Украіны. Пра «камандзіроўку» ваеннаслужачым 27 жніўня паведаміў камандзір брыгады, генэрал-маёр Юрый Данскіх (пра гэта тады паведамляў у «Фэйсбуку» блогер Андрэй Каліх).
У фотаальбоме Палканава ў сацыяльнай сетцы «InformNapalm» выявіў яго фатаграфіі на мяжы з Украінай, а таксама на фоне расейскага бронеаўтамабіля «Тыгр» без нумарных знакаў. Сам сяржант на фотаздымках апрануты ў нестатутную форму з белымі апазнавальнымі павязкамі байца «Наваросіі». На некаторых здымках ён трымае ў руках пераносны зэнітна-ракетны комплекс «Ігла». Яшчэ на адной фатаграфіі Палканаў пазуе на аўтамабілі Mitsubishi з усталяваным на ім кулямётам — з гэтай жа машынай у верасьні 2014 здымаўся на відэа адзін зь лідэраў «Наваросіі» Павел Губараў.
Па дадзеных рэсурсу «InformNapalm», у сьнежні 2014 году міністэрства абароны Расеі ўзнагародзіла Палканава медалём «За баявыя адзнакі». Пра ўдзел расейскага сяржанта ў канфлікце на ўсходзе Ўкраіны стала вядома ў выніку расьсьледаваньня падзеньня ўкраінскага верталёта Мі-24 у жніўні мінулага года ў Луганскай вобласьці. Як мяркуецца, верталёт зьбілі зэнітна-ракетным комплексам «Ігла». Тады загінулі два ўкраінскія пілёты.