Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Готланд: Швэды рыхтуюцца бараніцца ад Расеі


Рэзэрвісты народнага апалчэньня Швэцыі падчас вучэньняў на востраве Готлянд, 27.05.2015
Рэзэрвісты народнага апалчэньня Швэцыі падчас вучэньняў на востраве Готлянд, 27.05.2015

Швэдзкія пацыфісты гей-сымболікай адпужваюць расейскія субмарыны, пакуль швэдзкія вайскоўцы ўмацоўваюць абарону ўзьбярэжжа

Андрэй Шараградзкі, Аляксандар Госьцеў, расейская служба РС

У Арктыцы з 25 траўня праходзяць буйныя вайсковыя вучэньні краінаў НАТО Arctic Challenge Exercise, якія праводзяцца супольна з нэўтральнымі Швэцыяй, Фінляндыяй і Швэйцарыяй і працягнуцца да 6 чэрвеня. Хоць афіцыйна пра гэта не гавораць, рэальная іх мэта — праверка ўзаемадзеяньня ўсіх гэтых дзяржаваў паблізу межаў Расіі ў сувязі зь яе ваеннай актыўнасьцю на поўначы Эўропы. Рост напружаньня, пасьля пачатку канфлікту ва Ўкраіне і расейскай анэксіі Крыму, асабліва заўважны ў швэдзкім грамадзтве. Пакуль вайскоўцы занятыя манэўрамі, грамадзянскія актывісты Швэцыі таксама спрабуюць рэагаваць на сытуацыю, і часам вельмі пацешна — напрыклад, выкарыстоўваючы гомасэксуальную тэматыку ў сваіх акцыях, накіраваных на зьніжэньне агульнага ўзроўню трывожнасьці.

У вучэннях Arctic Challenge Exercise ў арктычных раёнах Нарвэгіі, Швэцыі і Фінляндыі ўдзельнічаюць прыкладна сто зьнішчальнікаў-бамбавікоў, дапаможных і транспартных самалётаў розных тыпаў, якія часова базуюцца на аэрадромах Раваніемі, Калакса і Будэ, і чатыры тысячы вайскоўцаў — з ЗША і васьмі краін Эўропы, Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Францыі, Нідэрляндаў, Швэйцарыі, Нарвэгіі, Швэцыі і Фінляндыі. Камандуючы вучэньнямі нарвэскі брыгадны генэрал Ян Увэ Рыг загадзя заявіў, што ў іх ходзе адпрацоўваецца ўзаемадзеяньне ў складаных умовах Арктыкі — паветраныя баі, дазапраўка ў паветры і паражэньне наземных цэляў.

Фінскі зьнішчальнік F\A-18 Hornet у нарвэскім аэрапорце Будэ. 26 траўня 2015 году
Фінскі зьнішчальнік F\A-18 Hornet у нарвэскім аэрапорце Будэ. 26 траўня 2015 году

Arctic Challenge Exercise — адны з самых буйных вучэньняў сёлета ў Эўропе, падкрэсьлівае падпалкоўнік Джэф Мантгомэры, камандзір 510-й эскадрыльлі ВПС ЗША, часова перадысьлякаванай на поўнач Швэцыі:

— Для нас вучэньні ўяўляюць сабой магчымасьць, па-першае, патрэніравацца разам з нашымі саюзьнікамі і партнэрамі, каб павысіць нашы здольнасьці да ўзаемадзеяньня і заадно проста ўмацаваць адносіны. Па-другое, мы выкарыстоўваем на ўсе сто адсоткаў умовы, якія дае гэты ўнікальны рэгіён, яго паветраная і марская прастора, каб правесьці поўнамаштабныя вучэньні ў рэальных умовах, што, безумоўна, павысіць нашу агульную боегатовасьць і ў выніку дапаможа нам супольна ўмацоўваць дабрабыт і бясьпеку Эўропы.

Airbus 310 ВПС Нямеччыны призямляецца ў нарвэскім аэрапорце Будэ. 25 траўня 2015 году
Airbus 310 ВПС Нямеччыны призямляецца ў нарвэскім аэрапорце Будэ. 25 траўня 2015 году

Нэўтральныя Швэцыя і Фінляндыя рэдка ўдзельнічаюць у такіх маштабных, і, адпаведна, дарагіх вайсковых манэўрах разам з войскамі краінаў НАТО, аднак за апошні год шэраг дэпутатаў Рыксдагу ў Стакгольме неаднаразова адзначалі неабходнасьць больш цеснага ўзаемадзеяньня каралеўства з Паўночнаатлянтычным саюзам з-за «зьмененых абставінаў». Збольшага на гэта, мабыць, намякаў у сваіх асьцярожных заявах журналістам камандуючы ВПС Швэцыі Карл-Юхан Эдстрэм:

— Цяперашнія вучэньні ніякім чынам не зьяўляюцца нейкім адказам на нешта і не зьвязаны з тым, што адбываецца ў Эўропе. З другога боку, мы бачым, як сытуацыя зь бясьпекай у рэгіёне на нашых вачах пастаянна мяняецца.

Швэдзкае грамадзтва вельмі занепакоена расейскай ваеннай актыўнасьцю на поўначы Эўропы, у першую чаргу ў Балтыйскім моры, і лік швэдаў, якія асьцерагаюцца, што наступнай мэтай Масквы ў той або іншай форме могуць стаць краіны Балтыі, дзе да таго ж жыве значная расейскамоўная меншасьць, мяркуючы па апытаньнях, расьце.

"В Швеции все опасаются русских"
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:03 0:00

Вайсковы бюджэт швэдзкага каралеўства бліжэйшым часам можа быць павялічаны на 1 мільярд 900 мільёнаў даляраў. Расейскія вайсковыя караблі, падводныя лодкі і самалёты апошнім часам выяўлялі ў рэгіёне павышаную і часта абуральна дэманстрацыйную актыўнасьць. Пра гэта, у тым ліку, нядаўна зноў казаў Генэральны сакратар НАТО, былы прэм’ер-міністар Нарвэгіі Енс Стольтэнбэрг:

Расейскі шматмэтавы зьнішчальнік Су-27 над водамі Балтыкі паблізу швэдзкіх берагоў. Чэрвень 2014 году
Расейскі шматмэтавы зьнішчальнік Су-27 над водамі Балтыкі паблізу швэдзкіх берагоў. Чэрвень 2014 году

— Мы занепакоеныя вялікай колькасьцю вайсковых вучэньняў, якія праводзяцца Расеяй. Пазачарговыя вучэньні Масквы, іх колькасьць і іх маштаб памяншаюць «прадказальнасьць» сытуацыі паблізу нашых межаў. Пазыцыя НАТО застаецца нязьменнай. Мы прыпынілі ўсё практычнае супрацоўніцтва з Расеяй у якасьці адказу на іх паводзіны ў Крыме і ва Ўкраіне. Але мы трымаем адкрытымі лініі палітычных кантактаў.​

Ужо прайшоў роўна месяц з дня, калі непадалёк ад Стакгольмскага архіпэлягу актывістамі арганізацыі «Швэдзкае таварыства міру і вырашэньня канфліктаў» у рамках нашумелай акцыі «Пявучы марак» пад ваду быў апушчаны нэонавы шчыт. На ім намаляваны стрыптызёр у марацкай бесказырцы, упрыгожаны ружовымі сэрцайкамі, які вабна калыша сьцёгнамі, і надпіс на расейскай і ангельскай мовах «Сардэчна запрашаем у Швэцыю, гомасэксуальную з 1944 году» (тады гомасэксуалізм ў Швэцыі быў цалкам легалізаваны). Шчыт таксама абсталяваны падводнай сыстэмай сувязі і час ад часу перадае з дапамогай азбукі Морзэ паведамленьне: «Заходзьце сюды, калі вы геі». «Швэдзкае таварыства міру і вырашэньня канфліктаў» — самая старая ў сьвеце пацыфісцкая арганізацыя, якая тройчы мела дачыненьне да прысуджэньня Нобэлеўскай прэміі міру. Яе члены перакананыя, што канфліктаў можна пазьбягаць з дапамогай супрацоўніцтва, дыпляматыі і гумару, тлумачыць адна з аўтараў акцыі «Пявучы марак», прэзыдэнт таварыства Анна Эк:

Падводны нэонавы шчыт з "Пявучым мараком"
Падводны нэонавы шчыт з "Пявучым мараком"

— «Швэдзкае таварыства міру і вырашэньня канфліктаў» лічыць, што такі мэтад адпужваньня замежных падводных лодак ня толькі таньнейшы, але і больш эфэктыўны за сродкі, якія ўжываюцца міністэрствам абароны. Грамадзтва заклікае ўрад Швэцыі не займацца пераўзбраеньнем арміі, прызывам грамадзян на вайсковую службу і так далей, а шукаць мірныя шляхі ўрэгуляваньня ўзьніклых супярэчнасьцяў. Мы нагадваем, што нядаўна для пошуку расейскай падводнай лодкі, якая нібыта апынулася ў швэдзкіх тэрытарыяльных водах, былі мабілізаваны велізарныя рэсурсы, аднак нічога выяўлена не было. Аднак прапановы выдзяленьня дадатковых сродкаў для перааснашчэньня сыстэм назіраньня і берагавой аховы працягваюць выказвацца. У адказ таварыства заклікае пераразьмеркаваць грошы з ваеннага бюджэту на патрэбы разьвіцьця грамадзтва і перагледзець існуючую канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі.

Анна Эк дадае, што акцыя «Пявучы марак» зьвернутая ня толькі да швэдзкага ўраду. «Калі экіпаж якой-небудзь падводнай лодкі ўбачыць або пачуе „Пявучага марака“, то мы запрашаем яго склад прыняць удзел у гей-парадзе ў Стакгольме 1 жніўня», — гаворыцца ў прэс-рэлізе грамадзтва. «У неспакойныя часы любоў і мір асабліва важныя. Мы хочам даць адпор гвалту». Запрашэньне пашыраецца і на экіпажы швэдзкіх субмарын.

Зрэшты, меркаваньне, што замежнай ваеннай пагрозы можна пазьбегнуць з дапамогай гумару і любові, падзяляюць ня ўсе швэды. У прыватнасьці, найбольшую занепакоенасьць у сувязі з ростам напружанасьці ў Балтыйскім моры праяўляюць жыхары буйнога швэдзкага вострава Готлянд, разьмешчанага за 80 кілямэтраў ад узьбярэжжа каралеўства і менш чым за 200 кілямэтраў ад расейскай Калінінградзкай вобласьці. За апошні год колькасьць готляндцаў, якія запісаліся ў атрады Народнага апалчэньня Швэцыі Hemvärnet, вырасла ў некалькі разоў, з 56 да 454 чалавек. Камандуючы мясцовымі сіламі Народнага апалчэньня Готлянду падпалкоўнік Ханс Хокансан распавядае, што мясцовыя жыхары старанна сочаць за інфармацыйнай карцінай сьвету і адчуваюць неабходнасьць абараніць родны востраў:

Востраў Готлянд на карце рэгіёну Балтыйскага мора
Востраў Готлянд на карце рэгіёну Балтыйскага мора

— Калі зьвярнуць увагу на гарантаваньне бясьпекі дзяржаваў балтыйскага рэгіёну, то я хачу падкрэсьліць — НАТО акажацца ня ў стане абараніць або аказаць дапамогу гэтым дзяржавам, калі нейкая іншая сіла завалодае востравам Готлянд. Калі вы разьмесьціце на Готляндзе сыстэмы супрацьпаветранай абароны вялікага радыюсу дзеяньня або супрацькарабельныя ракеты, то атрымаеце поўны кантроль над усім Балтыйскім морам. Менавіта таму мы хочам прадэманстраваць розным дзяржавам вакол Балтыкі нашу пастаянную вайсковую прысутнасьць на востраве. І заадно паказаць усяму швэдзкаму народу нашу занепакоенасьць і нашу рашучасьць гарантаваць бясьпеку і абарону востраву Готлянд.

Аднак некалькі сотняў чалавек — нішто ў параўнаньні з групоўкай з 5000 салдат, 60 танкаў і сотняй бронетранспарцёраў, якую Ўзброеныя сілы Каралеўства Швэцыя трымалі на востраве Готлянд у эпоху «халоднай вайны» і існаваньня СССР, кажа адзін з рэзэрвістаў Эрык Фэн:

— У Швэцыі ўсе баяцца расейцаў. У адзін цудоўны дзень яны могуць напасьці на нас. Летась яны зрабілі гэта на ўсходзе Ўкраіны. Я, вядома, сур’ёзна сумняваюся ў магчымасьці інтэрвэнцыі, аднак да канца ніколі нельга быць упэўненым.

Карабель ВМФ Расеі ля берагоў востраву Готлянд, сфатаграфаваны з борта фінскага навуковага судна. Верасень 2014 году
Карабель ВМФ Расеі ля берагоў востраву Готлянд, сфатаграфаваны з борта фінскага навуковага судна. Верасень 2014 году

Готлянд стагоддзямі заставаўся ключом да Балтыйскага мора, нагадвае жыхар Сьлітэ — трэцяга паводле велічыні мястэчка на востраве — адстаўны палкоўнік швэдзкай арміі Ёакім Мартэль, які ў 1990-я гады ўдзельнічаў у міратворчых місіях ААН на Балканах падчас войнаў на тэрыторыі былой Югаславіі. Паводле яго, гэты населены пункт і яго порт — вельмі ўразьлівая цэль, бо любы непрыяцель, які высадзіцца тут, сутыкнецца з супрацівам максымум двух мясцовых немаладых паліцыянтаў:

— Гэта вельмі лёгкадаступная гавань. Да прыкладу, калі тут насамрэч, як у Крыме, зьявяцца «маленькія зялёныя чалавечкі», гэта стане страшнай пагрозай, і Швэцыя наўрад ці здолее тады захаваць сваю тэрытарыяльную цэласьць.

У гэтыя дні швэдзкія апалчэнцы на востраве Готлянд таксама праводзяць уласныя маленькія трэніровачныя зборы — яны праходзяць паралельна з гіганцкімі вучэньнямі Arctic Challenge Exercise на поўначы краіны. Як распавядаюць рэзэрвісты, за імі назірае вялікая колькасьць расейскіх турыстаў, якія чамусьці купляюць буйнамаштабныя карты мясцовасьці, а на ўсім востраве зьявілася нямала аўтамабіляў з расейскімі нумарамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG