Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей у Washington Post: «Мы хочам сябраваць з усімі»


Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

Міністар замежных справаў Беларусі Уладзімер Макей у траўні, напярэдадні саміту Ўсходняга партнэрства ў Рызе, даў інтэрвію аднаму з самых уплывовых амэрыканскіх выданьняў.

Сёньня ў Washington Post апублікавалі фрагмэнты інтэрвію. Прапануем іх пераклад вашай увазе.

WP: Ці павінна Беларусь больш разьвіваць адносіны з Захадам ці з Расеяй?

Макей: Мы ня думаем, што трэба задаваць пытаньне «альбо-альбо». Мы павінны быць і з тымі, і зь іншымі. Лёгіка нашай дзейнасьці палягае ў тым, што павінна быць супрацоўніцтва, а не канфрантацыя. Такім чынам, мы хочам супрацоўнічаць з усімі бакамі сьвету, а не супрацьстаяць ўсходу, поўдню, захаду ці поўначы. Такім чынам, каб адказаць на вашае пытаньне, дзе ж будучыня, ці яна з Расеяй, ці з Захадам, мы хочам сябраваць з усімі. І будучыня Беларусі будзе залежаць ад беларускага народу.

WP: Паляпшэньне вашых сувязяў з Эўропай — гэта пагроза для Расеі?

Макей: Мы робім свой унёсак у забесьпячэньне стабільнасьці, і мы не прычына для канфлікту. Мы перакананыя, што ў нас у будучыні будзе разьвіцьцё стасункаў з Эўропай ва ўсіх абласьцях. Так, на жаль, ёсьць праблемы, але я спадзяюся, што гэта часовая зьява і што мы зможам вырашыць гэтыя праблемы. Але нашы адносіны з Эўропай не павінны перашкаджаць умацаваньню адносінаў з Расеяй. Мы не зьбіраемся сябраваць з Эўропай і пакінуць Расею.

Эўропа ня можа замяніць нам Расею, па меншай меры, ня сёньня.

Давайце быць шчырым. Эўропа ня можа замяніць нам Расею, па меншай меры, ня сёньня. Мы разумеем, што ў цяжкія часы мы заўсёды будзем з Расеяй. І Расея дапамагла нам, калі ў нас былі праблемы ў розных сфэрах. Мы вельмі блізкія, і мы разумеем, што мы будзем падтрымліваць адзін аднаго ў складаных сытуацыях. Беларусь важная для Расеі. Але гэта не азначае, што Расея будзе ставіцца з падазрэньнем, калі мы будзем разьвіваць нармальныя адносіны з Эўразьвязам. Усе бакі, гледзячы на ўкраінскі крызіс, зацікаўленыя ў тым, каб тут была зона стабільнасьці, а не зона канфліктаў.

Сёньня, у кантэксьце ўкраінскага крызісу, мы павінны думаць аб абароне і ўмацаваньні сувэрэнітэту Беларусі і іншых краінаў. Палітычны сувэрэнітэт і незалежнасьць немагчымыя без эканамічнага сувэрэнітэту і незалежнасьці. І мы гаворым аб гэтым з нашымі партнэрамі. Мы зацікаўленыя ў добрых гандлёва-эканамічных адносінах з Эўрапейскім Зьвязам. І мы ня проста гаворым пра гэта, але мы прымаем пэўныя меры.

WP: Ці пагражаюць Беларусі падзеі ва Ўкраіне?

Макей: Мы не баімся таго, што нехта хоча ўварвацца да нас. Але мы ня хочам, каб тут адбыўся эканамічны каляпс.

WP: Як заходнія санкцыі супраць Расеі і расейскія санкцыі супраць Захаду ўплываюць на Беларусь?

Макей: Уплывае ўсё разам. Гэта і ўкраінскі крызіс, і эўрапейскія санкцыі супраць Расеі, а затым і расейскае эмбарга супраць Захаду.

Мы адчуваем ціск санкцый.

Мы адчуваем ціск санкцый. Наша пазыцыя палягае ў тым, што мы катэгарычна супраць санкцый як спосабу ўрэгуляваньня міждзяржаўных адносінаў. Мы перакананыя, што санкцыі ніколі не будуць пасьпяховымі у гэтым канкрэтным выпадку. Расея выжыве, таму што у яе шмат рэсурсаў. Яна выжыве.

Санкцыі робяць шкоду эканоміцы, і не толькі на эканоміцы Беларусі, але і іншых краінаў.

Мы хочам, каб была спыненая вайна, якая ідзе каля нашых «дзьвярэй». Памятаючы вопыт Другой усясьветнай вайны, Беларусь ня хоча, каб вайна ізноў прыйшла на нашу зямлю. І калі сытуацыя будзе дынамічна разьвівацца, калі ўзброены канфлікт будзе абвастрацца, хто ведае, ці ня будзе Беларусь уцягнутая ў гэты канфлікт. Менавіта таму мы зрабілі ўсе магчымыя захады, каб спыніць гэты канфлікт.

WP: Вы не баіцеся, што тое, што адбылося ва Ўкраіне, можа здарыцца з вамі?

Макей: Я ня бачу ніякай падобнай пагрозы для Беларусі, і гэтаму ёсьць шмат прычынаў. Мы не зьбіраемся кідацца з аднаго боку ў іншы, ад Расеі да Эўропы і назад, як гэта рабіла былое кіраўніцтва Ўкраіны. Па-другое, мы маем нармальнае кіраваньне дзяржавай і эканомікай. Можа быць, некаторыя людзі кажуць, што гэта празьмернае ўмяшаньне дзяржавы ў эканоміку, але на дадзены момант, мы бачым ў гэтым неабходнасьць.

WP: Але ці занепакоеныя вы Расеяй?

Мы ня будзем рабіць дурных рашэньняў наконт расейскай мовы ці іншых дурных рашэньняў.

Макей: Ці можа наша ўсходняя суседка ўмешвацца ў нашы палітычныя працэсы? Не, гэта абсалютна немагчыма, таму што ў нас вельмі шчыльныя сяброўскія сувязі з Расеяй, братэрства і добрасуседзтва з Расеяй. Мы ня будзем рабіць дурных рашэньняў наконт расейскай мовы ці іншых дурных рашэньняў. Вядома, мы адсочваем сытуацыю, але мы абсалютна ўпэўненыя, што нічога падобнага немагчыма ў Беларусі, таму што няма ніякіх прычынаў для гэтага.

WP: Як рэагавала Расея на непрызнаньне анэксіі Крыму?

Макей: Мы незалежная дзяржава, незалежная краіна. І мы будуем нашу эканамічную і зьнешнюю палітыку, грунтуючыся на нацыянальных інтарэсах нашай краіны. Такім чынам, мы не зьбіраемся выконваць загады са сталіцаў буйных краінаў, незалежна ад таго, дзе яны знаходзяцца.

WP: Што зьмянілася ў стаўленьні да Беларусі з боку Эўразьвязу і Злучаных Штатаў?

Макей: Нас вельмі цешыць, што сьвет мяняецца, мы ня можам заставацца ў замарожаным стане.

Мы хочам сказаць нашым партнэрам, што радыкальныя зьмены не могуць адбыцца пры дапамозе рэвалюцыі. Яны ня могуць адбыцца за ноч ці за пару дзён. Трэба зьмяніць псыхалёгію людзей, і гэта займае шмат часу. Трэба прызвычаіцца да рынкавай эканомікі, да сапраўднай дэмакратыі, пра што ўсе гавораць. Я заўсёды выкарыстоўваю гэты прыклад: Мы ня можа пакласьціся спаць у Савецкім Саюзе, а прачнуцца ў разьвітой эўрапейскай краіне. Гэта зойме час.

WP: Чаго варта чакаць ад маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбараў?

Мы ня хочам, каб гэтыя выбары трапілі ў цыкль, калі ў нас добрыя адносіны да выбараў і кепскія — пасьля.

Макей: Што тычыцца папярэдніх выбараў, былі скаргі, але не наконт вынікаў выбараў, але наконт падзеяў, якія адбыліся пасьля выбараў. Былі розныя інтэрпрэтацыі гэтых падзеяў нашымі эўрапейскімі партнэрамі і намі. Але ў любым выпадку, у любой краіне для тых, хто хоча ўварвацца ў ўрадавыя будынкі, ёсьць законы, па якіх гэтых людзей трэба судзіць.

Мы ня хочам, каб гэтыя выбары трапілі ў цыкль, калі ў нас добрыя адносіны да выбараў і кепскія — пасьля.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG