Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эстонцы хочуць пасьмяяцца зь сябе самых


Estonia - Daily cartoon, Postimees newspaper
Estonia - Daily cartoon, Postimees newspaper

Эстонская газэта пастанавіла скарыстаць міжнародную дыскусію аб свабодзе выказваньняў на рэлігійныя і палітычныя тэмы як нагоду для запуску міжнароднага конкурсу на найлепшыя жарты і насьмешкі з эстонцаў.

Алар Танклер, галоўны рэдактар Eesti Ekspress, сказаў Радыё Свабода, што пасьля тэрарыстычнай атакі на сатырычны тыднёвік Charlie Hebdo ў Парыжы ў студзені — у якой загінулі 12 чалавек — у ягонай рэдакцыі адбылася дыскусія аб свабодзе выказваньняў і яе межах.

«А што, калі наша цярпімасьць да свабоды выказваньняў адносіцца толькі да сытуацый, калі высьмейваюць некага іншага, але ня нас? Як бы мы самі рэагавалі, калі б сталі аб’ектам насьмешкі? Ці таксама сьмяяліся б?» — вось такія пытаньні, паводле Танклера, ставілі ягоныя журналісты падчас рэдакцыйнай дыскусіі.

«Мы захацелі выпрабаваць нашу цярпімасьць», — так Танклер тлумачыць рэдакцыйнае рашэньне абвясьціць у Фэйсбуку конкурс на анэкдоты і сатырычныя малюнкі пра эстонцаў і Эстонію. Пераможцы конкурсу атрымаюць нагоду наведаць Эстонію, а рэдакцыя абавязваецца поўнасьцю аплаціць усе іхныя выдаткі падчас гэтых экскурсій.

Танклер адзначае, што конкурс таксама натхніўся красавіцкім заклікам фінскай штодзённай газэты Helsingin Sanomat да фінаў прысылаць у рэдакцыю мянушкі, якія яны выкарыстоўваюць у адносінах да эстонцаў (сталіца Эстоніі, Талін — надзвычай папулярнае месца турызму для фінаў).

Танклер кажа, што шмат эстонцаў — таксама, як і фінаў — абурыліся конкурсам, які публічна агучыў пэўную колькасьць зьневажальных мянушак і што ў справу ўмяшаўся нават сам прэзыдэнт Эстоніі Томас Хендрык Ільвэс.

Helsingin Sanomat пазьней папрасіў прабачэньня, і конкурс быў адменены.

Але Танклер адзначае, што гэты інцыдэнт даў ягонай рэдакцыі дадатковую спажыву для роздумаў над межамі гумару ў СМІ і над тым, хто павінен усталёўваць гэтыя межы.

Паводле Танклера, вялікая колькасьць эстонцаў «страшна пераймаецца» тым, што іншыя людзі думаюць пра іх — гэтую нацыянальную прыкмету ён часткова прыпісвае факту, што Эстонія зьяўляецца такой маленькай краінай.

Танклер кажа, што найбольшым расчараваньнем для яго газэты будзе, калі гэты конкурс выявіць, што «людзям не прыходзіць у галаву нічога — нават тупы ці абразьлівы анэкдот — калі яны чуюць слова Эстонія».

Прапановы на конкурс прымаюцца да 29 траўня, і ўсе яны будуць апублікаваныя ў інтэрнэце і ў газэце 3 чэрвеня.

Чытачы ў галасаваньні маюць выбраць найлепшы анэкдот і найлепшую карыкатуру, і імёны двух пераможцаў будуць абвешчаныя 12 чэрвеня.

Анэкдоты пра эстонцаў і Эстонію ды карыкатуры можна слаць на адрас fun@ekspress.ee.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG