Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітай праз заднія дзьверы. Фотападарожжа (2)


Падарожнічаючы аўтастопам зь Вільні ў Бангкок Ян Шупа праехаў сёлета каля шасьці тысячаў кілямэтраў па Заходнім Кітаі - ад Кашгару да Куньміну. З нагоды візыту кіраўніка Кітаю ў Беларусь Ян дзеліцца замалёўкамі з падарожжа. Сёньня - другая, заключная частка.

1. За Сі’анем на поўдзень дарога ідзе цераз яшчэ адну Сьцяну — хвост Куньлуньскіх гор, якія дзеляць Кітай на паўночны і паўдзённы — ня толькі гeаграфічна, але і з пункту гледжаньня культуры, мовы, мэнталітэту. Шлях праходзіць празь некалькі соцень тунэляў. Пытаюся ў сычуаньца, які мяне ўзяў — ці тут ёсьць што цікавага. Падумаўшы, ён адказвае: «Панды, часам рысі».

2. Чэнду — горад вялікі, але ня вельмі выразны.

3. Заходжу ў будысцкі манастыр. У садах сядзяць старыя кітайцы і п’юць гарбату з тэрмасаў. А ва ўнутраным дворыку манахі не на жыццё, а на сьмерць рэжуцца ў настольны тэніс.

4. Далей, бліжэй да галоўнага храму, расьце цэлая альтанка з банзаю. Унутры дзеці ў камсамольскім адзеньні сьпяваюць песні пра радзіму-сонца.

5. Калі выедзеш з Чэнду, пачынаецца не зусім кітайскі край — усе знакі пачынаюць пісацца ня толькі на кітайскай, але і на тыбэцкай мове. Клімат таксама мяняецца — з кантынэнтальнага холаду пераходзіць у задушлівую трапічную сьпякоту. Дый лясы гусьцеюць, дрэваў робіцца больш і больш.

6. Сычуань і Юннань — горныя правінцыі. Тут увесь час туман, схаваныя ў гарах тыбэцкія вёскі і адна з найвастрэйшых кухняў ў сьвеце. Як мне расказаў горды сычуанец — «Калі эўрапейцы хочуць найсмачнейшую кухню на сьвеце, яны едуць ў Кітай. Калі кітайцы хочуць найсмачнейшую кухню, яны едуць ў Сычуань».

7. Першы раз спыняю машыну без нумароў — у Кітаі на дарогах такіх даволі шмат. Пытаюся — чаму? Выяўляецца, што гэта новыя машыны, купленыя ў іншых правінцыях — вязуць дадому, бо толькі там могуць афіцыйна атрымаць нумар. На разьвітаньне кіроўца просіць пакінуць якую-небудзь манэту, страшна радуецца эўрацэнтам.

8. Січан — унікальны горад у Кітаі — тут амаль чыстае паветра. Таму адсюль непадалёк запускаюць у космас кітайскія спадарожнікі. Пачуцьцё ў горадзе чымсьці нагадвае постсавецкія курортныя гарадкі. У горадзе вельмі шмат караоке, нават для Кітаю.

9. Ля гораду вялікае возера і балота, абвешчанае «асаблівай экалягічнай зонай». Па ўсёй зоне вялікія інфатабліцы пра птушак, якія тут жывуць. Саміх птушак практычна не відаць. Тут я сустракаюся зь першымі джунглямі за маё падарожжа.

10. Ёсць ў Січане і старая вуліца — адзінае, што засталося ад старадаўняй вёскі-крэпасьці. Тут у крамках пераважна сядзяць тыбэтцы, па вуліцы ходзяць старыя зь дзецьмі ў кашах за сьпінай.

11. Асобная тэма ў Кітаі — алькаголь. П’юць у Кітаі шмат, асабліва ў меншых гарадах — на вуліцы заўсёды чуеш ад кагосьці пах перагару. Алькаголь дзеліцца на індустрыйны — танная атрута, якую купляюць у крамах — і разьліўны, традыцыйны, якога, на жаль, усё менш і менш.

12. Зь Січану ў Куньмін мяне падвозіць карэец. Расказвае, што жыве ў Юннані ўжо амаль 15 гадоў, перад карэйскім Новым Годам ляцеў ў Карэю пабыць з бацькамі. Усю дарогу замест стандартнай кітайскай папсы грае карэйская.

13. Куньмін — сталіца правінцыі Юннань. Горад падчас Другой Сусьветнай быў адным з двух стратэгічных цэнтраў, што заставаліся пад кантролем камуністаў. Таму па ўсім цэнтры раскіданыя колішнія штаб-кватэры і месцы падпольных збораў.

14. Але Куньмін — горад альтэрнатыўшчыкаў. Калі прыяжджаю — натыкаюся на зьлёт аматараў анімэ. Першы раз бачу ў кітайскім горадзе шмат размаляваных сьцен і графіці. Тут пачынаеццa і кітайская дарога хіппі, якая ідзе праз увесь Лаос.

15. На мяжы з Лаосам і Бірмай стаіць горад-аазіс у джунглях — Цзіньхун. Кітаю тут зусім не адчуваецца — амаль усе надпісы па-бірманску, замест звыклых пагадаў — будысцкія храмы Паўднёва-ўсходняй Азіі. Адсюль пачынаецца новы сусьвет.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG