Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горан Брэгавіч: «Мне няма каго ненавідзець...»


Горан Брэгавіч прызнаўся харвацкаму выданьню Večernji list, што ён засмучаны адменай сваіх канцэртаў з-за ягонага нядаўняга выступу ў Крыме.

На сцэне ён зьзяе ў белым гарнітуры, але за сцэнай перад канцэртам, які ў мінулую суботу адбыўся ў рамках фэстывалю «Балкан трафік» у Брусэлі, Горан Брэгавіч сустракае нас увесь у чорным. Месяц таму яму споўнілася 65, гады ўжо немаладыя, але ўсьмешка ўсё яшчэ юнацкая. Брэгавіч вельмі прыемны суразмоўца, з мэлёдыяй у словах, нават калі мы гаворым на непрыемную для яго тэму: пра рашэньне арганізатараў аднаго фэстывалю ў Польшчы адмяніць ягоны выступ з-за таго, што ён наведаў Крым, які Расея год таму забрала ў Украіны.

Як вы ўспрынялі навіну, што вы непажаданы на фэстывалі ў Асьвенціме ў Польшчы з-за таго, што вы выступалі ў Крыме?

Найгорш было б пачаць зараз нешта тлумачыць... Мая музыка шукае публіку. Там, дзе знойдзе — знойдзе. Мая музыка не служыла палітыцы ў тыя часы, калі гэтага было цяжка пазьбегчы, а тым болей сёньня. Не хапала яшчэ, каб я хоць неяк ублытаўся ў палітыку. Як і ў нашай вайне, ты ня можаш сказаць нічога, каб некага не абразіць, пакуль гінуць людзі. У мяне там няма ворагаў, як і ў нашай вайне. Я люблю і Ўкраіну, і Расею, і адыграў шмат канцэртаў і ва Ўкраіне, і ў Расеі. Я граў канцэрт ва Ўкраіне, калі перамагла Аранжавая рэвалюцыя, на тым самым Майдане. Так што ў мяне там сапраўды няма ворагаў. Але мне шкада, бо мне было б прыемна быць амбасадарам таго фэстывалю (Live Festival) у Асьвенціме. Летась быў, здаецца, Стынг, пазалетась быў Клэптан. Ведаеш, я — з малой культуры, і тое, што са мной адбываецца — цуд, які ніколі не адбываўся ў нашай культуры: каб кампазытар з Балканаў меў выхад на цэлы сьвет. Упершыню гэта здараецца са мною. Так што мне шкада, калі я страчваю нагоду выступіць. Але мне адразу замовілі нейкі канцэрт у Варшаве гэтай восеньню.

Ці нагадвае вам гэты канфлікт ва Ўкраіне вайну ў былой Югаславіі?

Я заўсёды памятаю, што мы насамрэч нічога ня ведаем, і што мы даведаемся, што за гэтым стаіць, толькі тады, калі гэта будзе ўжо няважна. Памятаеце, мы вырасьлі зь лёзунгам «bolje rat nego pakt, bolje grob nego rob» («лепш вайна, чым пакт, лепш магіла, чым раб»). Людзі выйшлі на бялградзкія вуліцы ў красавіку 1941, а назаўтра іх бамбавалі і загінула колькі, 2 мільёны. Пасьля таго «bolje rat nego pakt, bolje grob nego rob». Каб некалькі гадоў таму адкрылі архівы брытанскай службы і выявілася, што той лёзунг прыдумала брытанская сакрэтная служба. Столькі людзей будзе пакутаваць, столькі страціць дом і жыцьцё, і хто ведае, ці стане вядома, калі гэта ўжо ня будзе важна, як і нам сёньня няважна, хто выдумаў тое «bolje rat nego pakt»

Калі так паглядзець, дык ці ня шлях гэта да рэлятывізацыі ўсяго?

Можа, калі ты малады, дык маеш нейкую тэмпэратуру для хуткага разагрэву. У маім веку ўсё ж неяк стараесься трошку падумаць, чым некуды кінуцца або нешта сказаць. Але я й праўда не магу сабе знайсьці ворагаў. Як у нашай вайне — у каго страляць? Мой бацька з Загор’я, каталік, харват. Мая маці — сэрбка зь Віравіціцы. Мая жонка мусульманка. У каго мне цэліцца? Так і ў гэтай вайне. Мне няма каго ненавідзець — ні ўкраінцаў, ні расейцаў, гэта для мяне немагчыма. Гэта блізкія нам культуры. Мне блізка ўсё, што там ёсьць. Ад Кіева да Масквы і далей. Я граў у гарадах, якія вы сабе ня можаце і ўявіць. Я дакладна граў у 7-8 гарадах ва Ўкраіне, а ў Расеі і ў такіх гарадах, як Омск, Томск, Краснаярск, Навасібірск... Гэта краіны, якія лёгка любіць, бо людзі там падобныя да нашых.

Як сёньня выглядае ваша жыцьцё, у адзін момант вы перабраліся назад у Сараева... Зусім або толькі часткова?

Я перасяліўся ў Сараева. Толькі мне цяжкавата арганізаваць працу. У Парыжы мне ніколі не ўдавалася гэта зрабіць. Я спрабаваў, але не выходзіла. Я не магу працаваць адзін. Я з рок-н-рола, мне трэба, каб навокал нехта быў, каб вакол мяне была нейкая камуна, каб зрабілася нейкая музыка. У Францыі мне гэта не ўдалося. Але ў Бялградзе ўсё йшло добра. І ідзе добра. Магло б і ў Сараеве. Можна было б працаваць. Але пакуль што я паміж Бялградам і Сараевам. Але падаткі я плачу ў Сараеве, так што значыць — я ў Сараеве.

Горан Брэгавіч меўся выступіць 16 траўня ў Кіеве, але арганізатары адмянілі канцэрт у сувязі з выступам музыкі 26 сакавіка ў анэксаваным Расеяй Крыме. Падчас выступу ў Сэвастопалі Брэгавіч распавёў пра «веліч Расеі». Адказваючы на пытаньне крымскіх журналістаў, музыкант адзначыў, што не баіцца таго, што праз канцэрт у Крыме ў яго могуць зрывацца канцэрты ў Эўропе: «Ды мне ўсё роўна. Ва ўсялякім выпадку, мы на Балканах заўсёды адчуваем веліч, якая зыходзіць з усходу: ад Расеі. Мне здаецца, Захад заўсёды адчуваў невялікую параною з гэтай нагоды. Спадзяюся, яна пройдзе, і яны вынайдуць якія-небудзь лекі ад гэтага», — заявіў Горан Брэгавіч.

Горан Брэгавіч (нар. 1950) стаў вядомы шырэйшай публіцы ў сярэдзіне 1970-х як гітарыст і аўтар большасьці песень сёньня ўжо легендарнага югаслаўскага рок-гурта «Bijelo Dugme» (1974-1989).

Песьня «Bijelo Dugme» «Tako ti je mala moja kad ljubi Bosanac» (Вось так яно, мая малая, калі цалуе басьніец) з альбому «Šta bi dao da si na mom mjestu» (1975).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG