Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня 20 сакавіка 2015: пяць дзён да Дня Волі


Падзеі і даты новага дня.

Фота дня

Новае фота кожны дзень, увесь год. Загружайце сюды свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015 альбо на пошту radiosvaboda@gmail.com. Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 16 на 9. Усе аўтары фота, апублікаваных на сайце Свабоды, атрымаюць прызы. Тры найбольш папулярныя здымкі месяца будуць адзначаныя асобна.

Афіша

Менск. Цэнтар прававой інфармацыі Lawtrend і праект "Эўрапейскае кафэ - адкрытая прастора Эўропы" запрашаюць на публічную лекцыю "WikiLeaks і Anonymous: крытычная журналістыка замест тэхнацэнтрызму?" прафэсара журналістыкі ў Стакгольмскім унівэрсытэце Крыстыяна Крыстэнсэнэ. Месца правядзеньня - прастора ЦЭХ (вул. Кастрычніцкая, 16, над барам "Хуліган"). Пачатак а 18.30.

У офісе Партыі БНФ (вул. Чарнышэўскага, 3) адбудзецца прэс-канфэрэнцыя прадстаўнікоў аргкамітэту па сьвяткаваньні Дня Волі 25 сакавіка. Пачатак а 13.00.

Дзень Волі - 2014
Дзень Волі - 2014

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Акадэміі Навук (вул. Сурганава, 15) адбудзецца супольнае мерапрыемства Дзяржаўнага музэю гісторыі беларускай літаратуры і бібліятэкі "Мы сьвятло наноў адкрывалі ...", прымеркаванае да 95-годзьдзя з дня нараджэньня, ляўрэата Дзяржаўнай прэміі імя Я. Купалы, заслужанага работніка культуры Беларусі Аляксея Пысіна. Пачатак а 16.00.

У Літаратурным музэі Максіма Багдановіча (вул. М. Багдановіча, 7а) адбудзецца Дзень паэзіі. Удзельнічаюць: Андрэй Адамовіч, Георгі Барташ, Павал Касьцюкевіч, Уладзімер Пыльчанка, Цімафей Авілін, Павал Селівончык, Сяргей Башлыкевіч. Пачатак а 19.00.

Літаратурны музэй Петруся Броўкі і беларускі жаночы партал VELVET запрашаюць школьнікаў 9-11 клясаў, іх настаўнікаў і ўсіх зацікаўленых на другую сустрэчу "Уладзімер Дубоўка: Гісторыя палётаў і падзеньняў" у рамках праекту "Чытаем сваё. Клясыка". Пачатак у 17.30.

А ў Астане (Казахстан) мае адбыцца перанесеная з 13 сакавіка сустрэча прэзыдэнтаў Казахстану, Расіі і Беларусі Назарбаева, Пуціна і Лукашэнкі. Яны зьбіраюцца разгледзець пытаньні паглыбленьня ўзаемнага гандлю і эканамічнага ўзаемадзеяньня трох краін, разьвіцьцё тэндэнцый у сусьветнай эканоміцы і сытуацыю ва Ўкраіне.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


1767 – стварэньне Слуцкай канфэдэрацыі.

1815 – Напалеон, які вярнуўся са ссылкі на выспу Эльба, са сваім войскам уваходзіць у Парыж. Пачатак «ста дзён».

1828 – нарадзіўся Генрык Ібсэн, нарвэскі драматург.

Генрык Ібсэн
Генрык Ібсэн


1862 – нарадзіўся Адам Багдановіч, беларускі этнограф, фальклярыст, гісторык, бацька паэта Максіма Багдановіча.

1933 – у Дахаў, у нацысцкай Нямеччыне, пачаў функцыянаваць першы канцэнтрацыйны лягер.

1976 – памёр Уладзімер Дубоўка, беларускі паэт, празаік, перакладчык, крытык.

Уладзімер Дубоўка. 1960-я гг. З фондаў БДАМЛМ
Уладзімер Дубоўка. 1960-я гг. З фондаў БДАМЛМ



1977 – нарадзіўся Вадзім Дзевятоўскі, беларускі кідальнік молата.

1988 – у Менску адбыўся мітынг у абарону гістарычнага Верхняга гораду, супраць будаўніцтва станцыі мэтро «Няміга» на месцы Менскага замчышча.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ


Мае сябры, супольнікі у працы;
штурмуйце будучыні аванпосты!
Мы звыклі перашкодаў не баяцца,—
яны спрыяюць нашаму узросту.

У час нялёгкі выйшлі мы ў дарогу,
кагорту нашу ксьцілі навальніцы.
Байкушы розныя ўздымалі скогат, —
імкнуліся прымусіць нас спыніцца.

А мы ішлі з імпэтам віратлівым,
а мы ішлі няспынна і упарта.
I пурпуровых ветразей узьвівы
трымалі курс на сонечнае заўтра.


Уладзімер Дубоўка, з паэмы «I пурпуровых ветразей узвівы...»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG