Патрыярх Кірыл заявіў, што «жахліва высокі ўзровень абортаў зьяўляецца адной з галоўных бед Расеі». Ён заклікаў заканадаўцаў спыніць практыку бясплатнага прадстаўленьня дзяржаўнай мэдыцынай абортаў і выказаў меркаваньне, што скарачэньне ўдвая колькасьці абортаў прывядзе да «ўстойлівага і моцнага дэмаграфічнага росту».
Паводле афіцыйных ацэнак, у Расеі ў 2013 годзе было зроблена 900 000 абортаў — гэта нашмат вышэйшы ўзровень, чым у іншых краінах. Для параўнаньня, у Беларусі, дзе гэты ўзровень таксама высокі, за 2013 год было зроблена каля 32 тысяч абортаў.
Кірыл таксама асудзіў практыку сурагатнага мацярынства, якая, паводле яго, ператварае жанчын і дзяцей у тавар.
Кірыл заклікаў дэпутатаў узмацніць рэлігійнае навучаньне ў школах і ўзмацніць падтрымку казакоў, чый рух пачаў адраджацца ў апошнія гады, асабліва ў паўднёвых рэгіёнах — такіх, як Краснадарскі край, дзе паліцыя выкарыстоўвала іх як вулічных патрульных і кантралёраў за мігрантамі.