Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ваенна-палявыя суды ДНР будуць выносіць сьмяротныя прысуды


Улады самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» ўводзяць інстытут ваенна-палявых судоў.

«ДНР уводзіць у раёнах, якія знаходзяцца на ваенным становішчы, а таксама раёнах ваенных дзеяньняў адмысловы парадак арганізацыі і камплектаваньня ваенных судоў і судовай вытворчасьці», — гаворыцца ў паведамленьні, разьмешчаным на сайце прэс-цэнтру «ДНР».

Пад юрысдыкцыю ваенна-палявых судоў падпадаюць: непадпарадкаваньне загаду камандзіра, забойства, дзяржаўная здрада, шпіянаж, дывэрсія, наўмыснае зьнішчэньне маёмасьці, марадэрства, разбой, рабунак, крадзеж і пашкоджаньне вайсковай маёмасьці, ухіленьне ад вайсковай службы, дэзэртырства.

«Пра кожны прысуд аб сьмяротным пакараньні (расстрэле) ваенна-палявы суд неадкладна накіроўвае афіцыйныя паведамленьні старшыні ваеннага трыбуналу ДНР і генэральнаму пракурору ў пісьмовай форме, якія, у сваю чаргу, абавязаныя неадкладна арганізаваць праверку законнасьці і абгрунтаванасьці прысуду», — гаворыцца ў паведамленьні.

Калі сьмяротны прысуд прызнаны незаконным, старшыня ваеннага трыбуналу або генпракурор ДНР павінны апратэставаць яго цягам сямі дзён: «У гэтым выпадку прысуд падлягае адмене, а крымінальная справа накіроўваецца на новы разгляд ваенным судом у іншым складзе судзьдзяў. Калі пратэст не паступіць, прысуд будзе прыведзены ў выкананьне. Астатнія прысуды ўступаюць у законную сілу з моманту абвяшчэньня і неадкладна прыводзяцца ў выкананьне», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG