У дасьледаваньні, якое на замову Балтыйскага інстытуту прагрэсіўных тэхналёгіяў выканаў дасьледчы цэнтар «Vilmorus», больш за 34 працэнты апытаных прызналася, што з прычыны расейска-ўкраінскага канфлікту не адчуваюць сябе бясьпечна, а больш за 70 працэнтаў лічаць, што літоўскае грамадзтва і збройныя сілы не гатовыя для абароны краіны. Зь цьверджаньнем, што для забесьпячэньня бясьпекі дзяржавы вельмі важна чым хутчэй павялічыць фінансаваньне сыстэмы абароны, пагадзіўся амаль кожны другі рэспандэнт.
Як паведаміў дырэктар Балтыйскага інстытуту прагрэсіўных тэхналёгіяў Томас Жаландаўскас, большая частка людзей сьцьвердзіла, што ня падзялілася б сваімі ўласнымі сродкамі для дадатковага фінансаваньня абароны. Частка, паводле яго, падзялілася б, але тут важна зазначыць, што абарона краю ў Літве фінансуецца з грошай падаткаплатнікаў, і значная частка рэспандэнтаў менавіта з гэтай прычыны ня выдзеліла б дадатковых грошай на абарону. Большая частка тых, хто быў бы ня супраць падзяліцца ўласнымі сродкамі дзеля патрэбаў абароны, проста ня ведаюць, як гэта зрабіць.
«Значная частка рэспандэнтаў — каля 40 працэнтаў — гэта перадусім людзі з вышэйшай адукацыяй, якія жывуць у гарадах, маюць вышэйшыя даходы. Яны гатовыя паспрыяць абароннай сыстэме. Аднак бальшыня экспэртаў заўважае, што ў Літве гэтая дзейнасьць ніяк не каардынаваная, людзі ў яе ня ўцягнутыя. Калі б, скажам, узьнікла нейкая пагроза, яны б проста ня ведалі, што рабіць», — цьвердзіць Т. Жаландаўскас.