Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнку давядзецца ствараць канцлягеры, каб змагацца з дармаедамі»


невясёлыя карцінкі, дармаед, дармаеды, тунеядец, тунеядцы.
невясёлыя карцінкі, дармаед, дармаеды, тунеядец, тунеядцы.

На нарадзе ў панядзелак прэзыдэнт даручыў зрабіць захады супраць дармаедаў. Чаму раптам узьнікла гэтая праблема? Якіх мэтаў імкнуцца дасягнуць улады? Да якіх вынікаў могуць прывесьці іх высілкі па барацьбе з дармаедамі?

Удзельнікі: былы міністар працы Беларусі Аляксандар Сасноў і прафэсар Барыс Жаліба.

Аляксандар Сасноў
Аляксандар Сасноў

Чаму раптам узьнікла гэтая праблема?

Валер Карбалевіч: «Ня першы раз улады ўзгадваюць гэтую тэму. Колькі гадоў таму Лукашэнка абураўся, што шмат людзей працуе за мяжой, а карыстаецца тымі сацыяльнымі льготамі, якія дае беларуская дзяржава. І пагражаў пазбавіць іх гэтых ільготаў. Пазьней узьнікла ідэя падатку на дармаедаў. І вось цяпер прымаецца комплекс захадаў адносна гэтак званых „дармаедаў“.

Лукашэнка назваў лічбу 500 тысяч. Гэта людзі працаздольнага ўзросту, якія не занятыя афіцыйна ў беларускай эканоміцы. Што гэта за людзі?»

Аляксандр Сасноў: «Гэтая лічба ўключае ў сябе і хатніх гаспадынь, і людзей, занятых у „ценевай“ ці „шэрай“ эканоміцы. Таксама гэта „фрылансэры“ — людзі, якія жывуць тут, а працуюць на замежныя структуры. І таксама працоўныя мігранты, якія працуюць за мяжой».

Барыс Жаліба: «Сапраўдных дармаедаў там мала. Паводле некаторых дасьледаваньняў, толькі ў Расеі працуе да 800 тыс. беларусаў. А яшчэ ж нямала працуе ў Эўропе, іншых краінах. Яны дасылаюць у Беларусь, сваім сем’ям валюту, чым дапамагаюць эканоміцы краіны».

Карбалевіч: «Чаму ўвогуле ўзьнікла такая праблема? Навошта яна падымаецца? Чаму ўлады раптам зацікавіліся гэтай тэмай? Праблема дармаедаў — гэта праблема ня рынкавай, а сацыялістычнай эканомікі».

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Сасноў: «Гэта праблема філязофская. Любая сыстэма можа працаваць менавіта як сыстэма. Калі ўзяць частку элемэнтаў з адной сыстэмы, а іншую частку — з другой, то такая мадэль працаваць ня будзе. І калі дзейнічаць у лёгіцы савецкай сыстэмы, то Лукашэнку хутка давядзецца ствараць канцлягеры. Бо як інакш прымусіць працаваць людзей, якія ня хочуць працаваць ці ў якіх няма стымулаў?»

Карбалевіч: «Можа, праблема ў тым, што аўтарытарная дзяржава імкнецца ўсё кантраляваць. І яна адчувае дыскамфорт, калі нейкая частка насельніцтва выпадае з-пад гэтага кантролю, калі незразумела, чым яны займаюцца».

Мэтады барацьбы з дармаедамі

Жаліба: «МУС выйшаў з ініцыятывай вылічваць дармаедаў і прыцягваць да працы. Няўжо ў міліцыі няма іншых спраў? Думаю, тут усё ж ініцыятыва ідзе не ад МУС.

Для прымусу да працы патрэбнае рашэньне суду. Нашы суды ў выніку будуць заваленыя гэтымі справамі. У разьвітых краінах няма адказнасьці за дармаедзтва. Калі ёсьць людзі, якія вядуць антысацыяльны лад жыцьця, іх трэба прыцягваць да адказнасьці ў індывідуальным парадку, а ня ладзіць кампанію».

Карбалевіч: «Можа, улады зьвярнуліся да гэтай тэмы з-за фінансавых праблемаў. Не хапае грошай у Фондзе сацыяльнай абароны, і ўлады вырашылі скараціць выдаткі на пэнсіі дармаедам і знайсьці новыя крыніцы фінансаваньня».

Жаліба: «Якія тут крыніцы? Калі гаворка ідзе пра сапраўдных дармаедаў, то з гэтых людзей шмат ня возьмеш. Былі спробы прымусіць працаваць тых бацькоў, у якіх забралі дзяцей і аддалі ў дзіцячыя дамы. Ніякага толку з гэтага няма».

Барыс Жаліба
Барыс Жаліба

Сасноў: «Гэтыя захады антыканстытуцыйныя. Гэта ж кампанія. Хутка ўсё пройдзе, пена спадзе, і ўсё вернецца назад. З-пад палкі ніхто добра не працуе. Людзі працуюць дзякуючы стымулам. Гэта ўсё пустое».

Карбалевіч: «Але акрамя прымусу прапаноўваецца і стымул. Віцэ-прэм’ер Тозік прапанаваў, што той, хто мала працаваў, не атрымае пэнсіі або атрымае вельмі малую. Ці можа так здарыцца, што тыя людзі, якія цяпер працуюць у Расеі, пачуўшы пра гэтыя навацыі, спужаюцца застацца бяз пэнсіяў і вернуцца дадому, выйдуць зь ценю, каб зарабіць на пэнсію?»

Да якіх вынікаў могуць прывесьці высілкі па барацьбе з дармаедамі?

Сасноў: «Беларуская пэнсія такая малая, што стымулам не зьяўляецца. Асабліва для людзей, якія за мяжой зарабляюць нармальныя грошы. Напрыклад, чалавек зарабіў у Расеі грошы, купіў тут аднапакаёвую кватэру, здае яе ў арэнду за 350-400 даляраў. А пэнсія яго будзе мінімальная 250 даляраў (бо ў яго малы стаж, ён шмат працаваў за мяжой). Што ён выбера?»

Карбалевіч: «Ці, напрыклад, пакласьці гэтыя грошы на банкаўскі дэпазыт — працэнт будзе большы, чым памер пэнсіі».

Сасноў: «Так, але гульня з банкаўскім дэпазытам у нашых умовах рызыкоўная».

Жаліба: «Цяпер мінімальны працоўны стаж, які неабходны для атрыманьня пэнсіі, будзе 15 гадоў. Беларусы жывуць сёньняшнім днём, ня думаюць пра пэнсію. Тым больш што сытуацыя няпэўная. Можа, да моманту выхаду чалавека на пэнсію тут будзе іншая дзяржава, іншая ўлада, іншыя законы і парадкі».

Карбалевіч: «Які будзе рэзананс у грамадзтве? Ці вялікі пласт насельніцтва закране гэтая кампанія? Калі глядзець па водгуках на форумах, то рэакцыя людзей адмоўная».

Жаліба: «Частка людзей падтрымае. Электарат Лукашэнкі скажа, што вось „бацька“ наводзіць парадак і ў гэтай сфэры. Іншая частка ўспрыме гэта адмоўна».

Сасноў: «Гэта падвысіць карупцыю ў краіне. Можна будзе „адкупіцца“ ад міліцыянтаў, каб не чапляліся. Або „купіць“ фармальнае працоўнае месца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG