На думку сьледчых, малайзійскі Боінг 777 быў зьбіты ракетай «зямля-паветра» у раёне, кантраляваным прарасейскімі сэпаратыстамі.
Пра гэта заявіў прэм’ер-міністар Малайзіі Наджыб Разак, піша The Wall Street Journal.
«Што нам трэба рабіць далей — сабраць рэчавыя доказы, якія могуць быць ужытыя ў судзе, калі прыйдзе час, каб зь іх дапамогай даказаць, што самалёт быў зьбіты ракетай» — адзначыў Разак.
Паводле слоў прэм’ер-міністра Малайзіі, сьледчым спатрэбіцца як мінімум некалькі тыдняў для пошуку парэшткаў на месцы катастрофы лайнэра перад тым, як справа можа быць перададзена ў суд.
Нагадаем, на 9 верасьня ў Радзе па бясьпецы Нідэрляндаў заплянавана абнародаваньне папярэдняга дакладу па факце расьсьледаваньня катастрофы малайзійскага авіялайнэра.
Рада плянуе правесьці далейшыя дасьледаваньні і плянуе апублікаваць канчатковы даклад на працягу году пасьля крушэньня лайнэра.