Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парады на лета: як абараніцца ад ультрафіялету


Ультрафіялетавае апраменьваньне і заўчаснае старэньне скуры

Заўчаснае старэньне скуры зьяўляецца сынонімам фотастареньня і зьнешняга старэньня скуры. Прыблізна 80% зьнешняга старэньня скуры тлумачыцца ўльтрафіялетавым (УФ) апраменьваньнем. Іншыя зьнешнія фактары ўключаюць узьдзеяньне тытунёвага дыму, наяўнасьць шкодных часьціц у паветры, інфрачырвонае выпраменьваньне і недаяданьне.

Фотапашкоджаньне ўключае ў сябе розныя працэсы, такія як запаленьне, акісьляльны стрэс, распад пазаклеткавага матрыкса і далейшае разьвіцьцё раку скуры. Уздзеяньне сонца лічыцца адным з самых важных фактараў рызыкі для абодвух мэляном скуры -- дабраякаснай і мэляномы раку.

Ультрафіялетавае апраменьваньне можна падзяліць на тры катэгорыі ў залежнасьці ад даўжыні хваляў: UVA (320-400 нм), UVB (280-320 нм) і UVC (< 280 нм). Высокаэнергічныя кароткія хвалі UVC і большая частка UVB паглынаюцца азонавым слоем і атмасфэрай, таму яны не дасягаюць паверхні Зямлі, дзе яны могуць нанесьці шкоду жыцьцёвым формам. Больш доўгія хвалі прамянёў спэктру UVB складаюць толькі 5-10% атмасфэрнага выпраменьваньня, але яны маюць шкоднае ўзьдзеяньне на імунную сыстэму скуры, спрыяюць акісьляльнаму стрэсу, фотастарэньню і захворваньням скуры, у тым ліку раку. У той час як UVB, у асноўным, паглынаецца эпідэрмальным пластом, UVA ўплывае на дэрмальны пласт. UVA апраменьваньне значна больш істотнае, яно складае каля 90% ад усяго УФ. Зьнешнія зьмены скуры, зьвязаныя з фотастарэньнем, такія як шурпатасьць, дробныя маршчыны, плямістая гіпэрпігмэнтацыя і страта элястычнасьці, ёсьць вынікам апраменьваньня UVA.

Пашкоджаньне клетак эпідэрмісу скуры становіцца відавочным ужо праз 2 гадзіны пасьля сонечнага апраменьваньня. Унутрыклеткавы ацёк (празьмернае назапашваньне вадкасьці) можна ўбачыць праз 16-18 гадзін пасьля ўзьдзеяньня, а праз 30-48 гадзін утвараецца міжклеткавы ацёк.

Зыходзячы з вышэйапісанага, абарона ад сонечнага апраменьваньня з дапамогай УФ-блякатараў -- неабходнасьць. Трэба мець на ўвазе, што каля 80% сонечнага апраменьваньня праходзіць скрозь аблокі, таму варта быць асьцярожным таксама і ў пахмурныя дні.

Антыаксыданты супраць ультрафіялетавага апраменьваньня

Клінічныя дасьледаваньні паказваюць, што спалучэньне антыаксыдантаў, а менавіта формул, якія зьмяшчаюць сэлен, цынк і вітамін Е, можа быць карысным у мінімізацыі ўльтрафіялетавага пашкоджаньня.

Поліфэнолы таксама валодаюць відавочнымі антыаксыдантнымі ўласьцівасьцямі. Поліфэнолы (раней іх калектыўна называлі вітамінам Р) -- гэта другасныя расьлінныя мэтабаліты. Яны фізіялягічна неабходныя для працэсаў накшталт росту расьлін і іх пігмэнтацыі, апыленьня, разьвіцьця драўніны, алелапатыі (узаемадзеяньня расьлін). Некалькі тысяч поліфэнолаў вызначаны на сёньняшні дзень.

У выніку навуковых дасьледаваньняў было паказана, што поліфэнол лікапін, атрыманы з таматаў і таматавых прадуктаў, зьяўляецца эфэктыўным гасільнікам шкоднага кіслароду.

Сярод усіх караціноідаў лікапін пераважае ў чалавечай плазьме, розных тканінах і прастаце. Асноўнымі крыніцамі лікапіну зьяўляюцца таматная паста, таматны соўс, таматны суп, кетчуп, сырыя памідоры, кавун, ружовы грэйпфрут, гуава і папая. Лікапін зьяўляецца ліпафільным агентам ("любіць тлушч"). Гэта азначае, што яго паглынаньне адбываецца ў прысутнасьці харчовых тлушчаў. На практыцы гэта значыць, што даданьне аліўкавага алею да нарэзаных памідораў значна павялічвае паглынаньне лікапіну. Дарэчы, адна з самых вялікіх крыніц лікапіну на зямлі -- вяленыя памідоры ў алеі, на другім месцы знаходзіцца таматная паста.

Шматлікія клінічныя дасьледаваньні з выкарыстаньнем экстракту граната паказалі, што гранат запавольвае пігмэнтацыю скуры, выкліканую ўльтрафіялетавым апраменьваньнем.

Рэгулярнае ўжываньне зялёнай гарбаты ці поліфэнолаў, атрыманых з зялёнай гарбаты, у прыватнасьці поліфэнолу EGCG, таксама спрыяе абароне скуры ад УФ апраменьваньня.

Практычныя рэкамэндацыі

• Заўсёды выкарыстоўвайце добры сонечны крэм-пратэктар з фільтрамі ад UVA і UVB прамянёў.

• Дадайце зьмесьціва капсулы вадкага АЕвіту ў ваш крэм-пратэктар.

• Піце зялёную гарбату штодня.

• Уключыце ў свой штодзённы рацыён наступныя прадукты, багатыя на лікапін: вяленыя памідоры ў алеі, сырыя памідоры з расьлінным алеем, кавун, ружовы грэйпфрут.

• Уключыце ў свой штодзённы рацыён прадукты, багатыя на вітамін Е : зародкі пшаніцы, арэхавы алей, міндаль і фундук, семкі сланечніку.

• Ешце бразыльскія арэхі : яны зьяўляюцца самай багатай крыніцай сэлену на Зямлі.

• Уключыце ў свой рацыён прадукты, багатыя на цынк: семкі сланечніку, малюскі, ёгурт.

• Рэгулярна ўжывайце гранат ці гранатавы сок.

• Калі вы вырашылі дадаткова ахоўваць сябе ад ультрафіялетавага апраменьваньня з дапамогай антыаксыдантнай формулы, уважліва прачытайце этыкетку, каб пераканацца, што яна ўтрымлівае наступныя інгрэдыенты: вітамін Е, сэлен, лікапін і цынк.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG