Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея стала спонсарам тэрарызму,— амэрыканскія СМІ


Агляд апошніх публікацый СМІ ЗША аб палітыцы Расеі супраць Украіны, падрыхтаваны «Голасам Амэрыкі».

Washington Post

«Калі Захад пачне дзейнічаць?» — задае пытаньне рэдакцыйная калёнка «Washington Post»:

«Яшчэ ў гэтыя выходныя жорсткі адказ Захаду мог бы спыніць расейскі наступ, але цяпер, калі пралілася кроў, Крэмль, магчыма, атрымаў падставу пачаць адкрыты наступ супраць Украіны. Урад Украіны, са свайго боку, абраў верную пазыцыю, што ён ня можа без супраціву дазволіць Расеі захопліваць ўкраінскія гарады.

Тыднямі Абама казаў, што ваеннае ўварваньне на ўсходзе Ўкраіны выкліча значна больш сур’ёзныя санкцыі з боку ЗША, чым тыя, якія былі ўведзеныя 20 сакавіка супраць жменькі паслугачоў Уладзімера Пуціна. Расея ўжо ўварвалася на ўсход Украіны. Што яшчэ мае зрабіць Масква, каб Захад адказаў?»

«Washington Post» зазначае, што Абама чакае вынікаў 4-баковай сустрэчы ў Жэнэве ў чацьвер, зрэшты, ужо відавочна, што там ня будзе дасягнута прымальнага для Ўкраіны рашэньня. Масква патрабуе падзелу краіны і прадстаўленьня падкантрольным ёй тэрыторыям права вета адносна дзяржаўнай палітыкі ўсёй Украіны.

«Вайну на ўсходзе Ўкраіны ўжо ня спыніш, але ЗША павінны неадкладна ўвесьці абяцаныя Абамам і Кэры санкцыі, каб захаваць рэшткі павагі да сябе ва Ўкраіне», — гаворыцца ў матэрыяле газэты.

«Калі ўкраінцаў прымусілі ваяваць за сваю краіну, то ім трэба дапамагчы», — рэзюмуе «Washington Post».
Foreign Policy

«Пуцін па ўсіх прыкметах ідзе па сьлядах самых адыёзных самадураў чалавецтва, яго рашэньні і знаёмыя, і страшныя», — пішуць аўтары матэрыялу «Ці наступіць Пуцін на клясычныя граблі гісторыі» ў выданьні «Foreign Policy»:

«Пуцін аднаасобна паставіў пад пагрозу слабую эканоміку Расеі, выклікаў асуджэньне, падазрэньне і агіду ў цэлага сьвету; абудзіў Эўропу ад стратэгічнай комы; ажывіў НАТО; ўзмацніў канкурэнцыю на рынку газу і выклікаў анты-расійскія настроі ва Ўсходняй Эўропе», — гаворыцца ў артыкуле.

«Пуцін можа разьлічваць, што Захад баіцца ўмешвацца, а армія Ўкраіны слабаватая, але гэта яшчэ не канец. Украінцы могуць разгарнуць супраць Расіі вайну падобную той, якую вялі аўганцы супраць савецкіх войскаў. НАТО можа і не даслаць войскі на абарону Ўкраіны — як ужо было ў Вугоршчыне, Чэхаславаччыне і Польшчы. Але ўварваньне ва Ўкраіну прымусіць Захад павялічыць выдаткі на абарону, і Расея — зь яе значна слабейшай эканомікай прайграе новую гонку ўзбраеньняў».

«Застаецца толькі спадзявацца, што Пуцін і ягоныя паплечнікі будуць вучыцца на памылках іншых і ня нападуць на Ўкраіну. Вайна можа ізаляваць Расею і пагрузіць яе ў галечу. Пуцін можа думаць, што ён зьменіць гісторыю, але яна звычайна паўтараецца«,— піша выданьні «Foreign Policy».

World Affairs journal

Расея стала спонсарам тэрарызму, згодна з прыкметамі ўстаноўленымі Дзяржаўным дэпартамэнтам ЗША — піша Аляксандр Матыль на сайце «World Affairs journal»:

«Улічваючы тое, што Расея наўпрост і ўскосна падтрымлівае міжнародны тэрарызм ва ўсходняй Украіне, яна падпадае пад вызначэньне «дзяржавы, якая падтрымлівае тэрарызм» і пасьля таго, як ёй фармальна нададуць гэты статус, ЗША і ЭЗ павінны неадкладна ўвесьці ў дачыненьні да Расеі санкцыі, прадугледжаны заканадаўствам ЗША",— лічыць аўтар.

Цяпер дзяржавамі-спонсарамі тэрарызму Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША прызнае Кубу, Іран, Судан і Сырыю.

На думку Матыля, гэты пералік павінен папоўніцца Расеяй, калі толькі Вашынгтон і Брусэль не жадаюць дапоўніць свой і без таго кволы супраціў Пуціну, ціхай маўклівай падтрымкай тэрарызму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG