Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Луганску сэпаратысты ўтрымліваюць 60 закладнікаў, у Харкаве напалі на аўтобусы зь міліцыяй


Луганскія сэпаратысты замініравалі будынак СБУ ў горадзе і захапілі закладнікаў.

Служба бясьпекі Ўкраіны патрабуе ад зламысьнікаў вызваліць закладнікаў, а таксама скласьці зброю і разьмініраваць адміністрацыйнае памяшканьне.

Антытэрарыстычная група Службы бясьпекі Ўкраіны, якая ажыцьцяўляе мерапрыемствы па вызваленьні захопленага членамі радыкальнай арганізацыі адміністрацыйнага будынка Ўпраўленьня СБУ ў Луганску, устанавіла, што зламысьнікі замініравалі памяшканьне.

Пра гэта УНІАН паведамілі ў прэс-цэнтры Службы бясьпекі Ўкраіны.
Адзначаецца, што, пагражаючы зброяй і выбухоўкай, сэпаратысты гвалтоўна ўтрымліваюць каля 60 грамадзян, якім не дазваляюць пакінуць памяшканьне і вярнуцца дадому. А гэта значыць, што яны практыкуюць мэтады, якія выкарыстоўваюць тэрарысты.

«Такія дзеяньні зьяўляюцца вельмі небясьпечнымі, паколькі пагражаюць жыцьцю людзей як у сярэдзіне памяшканьня, так і тым, хто знаходзіцца звонку. Служба бясьпекі Ўкраіны патрабуе ад зламысьнікаў вызваліць закладнікаў, даць ім магчымасьць свабодна пакінуць будынак, а таксама скласьці зброю і разьмініраваць адміністрацыйнае памяшканьне», — гаворыцца ў паведамленьні.

Як паведамлялася раней, 6 красавіка ў Луганску сэпаратысты захапілі будынак УСБУ і зброю, якая знаходзілася ва ўправе. Падчас штурму былі выбітыя ўваходныя дзьверы ў будынку, камянямі разьбітыя вокны, сэпаратыстам ўдалося ўварвацца ўнутр упраўленьня і ўсталяваць на брылі будынка сьцяг Расейскай Фэдэрацыі. Падчас штурму УСБУ пацярпелі 9 чалавек. У той жа дзень старшыня Луганскай абласной дзяржадміністрацыі Міхаіл Балотскіх і начальнік Луганскага абласнога ГУ МУС Уладзімір Гуслаўскі правялі з захопнікамі будынка перамовы, пасьля якіх былі вызваленыя з-пад варты 6 прарасейскіх актывістаў, затрыманых за сэпаратызм.

Па фактах захопу будынка абласнога Упраўленьня СБУ ў Луганску, а таксама завалодваньня зброяй, якая захоўвалася ў будынку, пачатая крымінальная вытворчасьць па ч. 1 арт. 294 (масавыя беспарадкі) і ч. 2 арт. 262 (выкраданьне, прысваеньне, завалодваньне агнястрэльнай зброяй) Крымінальнага кодэксу Ўкраіны.

У Харкаве сэпаратысты, узброеныя бітамі, камянямі і цэглаю, напалі на аўтобусы зь міліцыяй.

Агрэсіўна настроены натоўп дагнаў міліцэйскі аўтобус, які ехаў па вуліцы Іванова, і закідаў яго камянямі, паведамляе Медиапорт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG