Сьвятары з крыжом абыходзяць касьцёл. Тут мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
Да жалобнай цырымоніі далучыліся каталіцкія сьвятары.
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч: «Перастала біцца сэрца вялікага чалавека нашай зямлі».
Працягваецца памінальная служба паводле каталіцкага абраду.
«Барадулін збудаваў сабе нярукатворны помнік»
Мітрапаліт Тавдэвуш Кандрусевіч выступіў зь вялікім эмацыйным, сапраўды палымяным казаньнем аб жыцьці, сьмерці чалавека, ролі ў ім Бога, аб рыгору Барадуліну:
«Дзядзька Рыгор! Дзякуем табе за твой прыклад, за твае вершы, за тваё сьведчаньне веры, за тое. што ў розныя часы ты заўсёды заставаўся верным свайму хрысьціянскаму і грамадзянскаму пакліканьню...
Дзядзька Рыгор сабе збудаваў сабе нярукатворны помнік, сваімі вершамі, творамі, да якога не зарасьце дарога. Зь яго твораў мы можам вучыцца, як жыць, як адказваць на складаныя пытаньні нашага часу, як жыць Божай праўдай».
Пачынаецца супольная малітва за Рыгора Барадуліна.
Зачытваюць зварот апостальскага нунцыя. Сам ён знаходзіцца па за межамі Беларусі.
Апостальскі нунцый Кляўдыё Гуджэроці ў сваім звароце завіў:
«Нерухомае маўчаньне гэтага цела — апошні жэст творчасьці Рыгора Барадуліна. Мова — гэта інструмэнт, якім Бог гаворыць з народам. На гэтым інструмэнце Рыгор Барадулін выконваў дзівосныя мэлёдыі. Ён таксама хацеў, каб іншыя шляхетныя народы і іншыя культуры спрычыніліся да Беларусі. Ён пераклаў кнігу вершаў „Рымскі трыпціх“ Яна Паўла ІІ, якога неўзабаве далучаць да сьвятых. Я веру, што беларусы выйдуць яму насустрач, каб вывесьці яго да Бога. Беларусы, любіце сваіх мастакоў, якія вучаць вас уздымаць вочы да Бога. Божа, благаславі Беларусь і яе народ».
Просяць вызваліць праход для вынасу труны.
Б'юць званы, выносяць вянкі і труну. На вуліцы сабраліся сотні людзей.
У труну Барадуліна паклалі бел-чырвона-белы сьцяг.
На вуліцы яшчэ адна малітва. Сьвятары пяюць: «Вечная памяць!»
Пачаўся жалобны мітынг Труну Барадуліна з нацыянальным сьцягам паклалі на сталы пры парозе касьцёла. Пачаўся грамадзянскі мітынг. Першым выступае Ўладземер Някляеў.
«Барадулін роўны Купалу, Коласу, Багдановічу»
Уладзімер Някляеў на прыступках Чырвонага касьцёла пра Рыгора Барадуліна:
«Чалавеку духоўна сьляпому не давядзеш, што Рыгор Барадулін — гэта цуд, як сьпеў салоўкі, як узыход сонца. Але ёсьць людзі, не глухія і не сьляпыя, беларусы, якія сёньня жалобна разьвітваюцца з паэтам, з чарадзеем беларускага слова.
Яны разумеюць, з кім яны разьвітваюцца. Як разумелі, калі разьвітваліся з Багдановічам, Коласам, Купалам. Сёньня зразумела, што Рыгор Барадулін роўны зь імі. І няма роўнага яму сучасьніка. Ён увабраў у сябе ўсё, што мы лічым беларушчынай, увабраў сапраўды беларускі дух. Давайце ўсім беларускім сьветам памолімся за нашага нацыянальнага паэта, за беларускую зямлю і беларускае неба. Дзякуй Богу, што дай такога сына Беларускай зямлі».
Труну нясуць да катафалка. На Плошчы незалежнасьці каля тысячы людзей. Яны пяюць гімн Магутны Божа.
Партрэт Барадуліна нясе Ўладзімер Някляеў.