Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША засяклі ў Расеі крылатую ракету?


Расея, магчыма, праводзіць выпрабаваньні новай крылатай ракеты наземнага базаваньня, парушаючы расейска-амэрыканскую дамову.

Злучаныя Штаты западозрылі Расею ў парушэньні Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і малой далёкасьці, падпісанай Рональдам Рэйганам і Міхаілам Гарбачовым яшчэ ў 1987 годзе. Пра гэта паведаміла газэта The New York Times. Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША пацьвердзіў, што амэрыканскі бок узьняў гэтае пытаньне перад Расеяй, заявіўшы, аднак, што факт парушэньня афіцыйна пакуль не ўстаноўлены.

Па зьвестках The New York Times, у студзені Злучаныя Штаты паінфармавалі сваіх саюзьнікаў па НАТА аб тым, што Расея, магчыма, правяла выпрабаваньні новай крылатай ракеты наземнага базаваньня, што можа зьяўляцца парушэньнем адной з найважнейшых дамоваў па кантролі над узбраеньнем. Дамова аб ліквідацыі ракет сярэдняй і малой далёкасьці была падпісаная прэзыдэнтам ЗША Рональдам Рэйганам і прэзыдэнтам СССР Міхаілам Гарбачовым ў 1987 годзе. Як адзначае The New York Times, падпісаньне гэтай дамовы лічыцца адным з эпахальных пагадненьняў, якія прывялі да спыненьня халоднай вайны.

Амэрыканскія афіцыйныя асобы, адзначаецца ў газэце, мяркуюць, што Расея пачала праводзіць лётныя выпрабаваньні ракеты яшчэ ў 2008 годзе. З траўня мінулага году выканаўца абавязкаў намесьніка дзяржсакратара па пытаньнях кантролю над узбраеньнямі Роўз Гэтэмюлер неаднаразова ўздымала тэму выпрабаваньня ракет на сустрэчах з расейскімі афіцыйнымі асобамі. Тыя адказвалі, што пытаньне вывучанае і яны лічаць гэтую справу закрытай.

Джэн Сакі
Джэн Сакі

Адміністрацыя прэзыдэнта Абамы пакуль не гатовая афіцыйна абвінаваціць Расею ў парушэньні дамовы, аднак не адмаўляе, што гэтае пытаньне ўздымалася на сустрэчах з расейскімі прадстаўнікамі. «Мы ўзьнімалі гэтае пытаньне перад расейскім бокам. Я сапраўды магу гэта пацьвердзіць», — заявіла прадстаўніца дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Джэн Сакі.

Адказваючы на пытаньне, ці адпавядае сапраўднасьці сьцьвярджэньне The New York Times пра тое, што Расея правяла выпрабаваньне забароненай ракеты яшчэ ў 2008 годзе, прадстаўніца Дзяржаўнага дэпартамэнту сказала: «Я не магу абвергнуць факты, прадстаўленыя ў артыкуле. Але мы праводзім міжведамасны разгляд гэтага пытаньня, каб высьветліць, ці было дапушчана парушэньне дамовы».

Калі ў афіцыйных заявах амэрыканскі бок устрымліваецца ад канчатковых высноваў па гэтым пытаньні, то гэта, на думку The New York Times, магчыма, тлумачыцца тым, што адміністрацыя прэзыдэнта Абамы хоча пазьбегнуць публічнай спрэчкі з Расеяй, бо гэта можа стаць яшчэ адным раздражняльнікам ў і без таго складаных амэрыкана-расейскіх адносінах.

У прыватных жа гутарках, паведамляе газэта, амэрыканскія афіцыйныя асобы кажуць, што выпрабаваньні ракеты, несумненна, супярэчаць дамове. Яны адзначаюць, што адміністрацыя ЗША да гэтага часу дэманстравала вялікую цярплівасьць у дачыненьні да Расеі. Але невядома, як доўга гэта можа працягвацца. Некаторыя члены Кангрэсу, якім на працягу году дакладалі пра выпрабаваньні на ўмовах сакрэтнасьці, патрабуюць ад Белага дому больш жорсткай рэакцыі, адзначаецца ў артыкуле The New York Times.

Газэта нагадвае, што, калі прэзыдэнтам ЗША быў Джордж Буш, Расея прапаноўвала абодвум бакам скасаваць дамову. Пры гэтым Расея прыводзіла аргумэнт, што ёй пагражаюць такія краіны, як Кітай і патэнцыйна Пакістан. Аднак адміністрацыя Буша адкінула гэтую прапанову, лічачы, што дамова зьяўляецца краевугольным каменем кантролю над узбраеньнем і што яе адмена дазволіла б Расеі ўмацаваць свае ядзерныя сілы, накіраваныя на саюзьнікаў ЗША ў Азіі.

Ад часу, як прэзыдэнтам ЗША стаў Барак Абама, расейскі бок запэўнівае, што хоча захаваць дагавор. Але, на погляд амэрыканскіх аналітыкаў, адначасова з гэтым Расея імкнецца ўмацаваць свой ядзерны патэнцыял, каб кампэнсаваць слабасьць сваіх звычайных узброеных сілаў, адзначаецца ў артыкуле The New York Times.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG