Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне пахавалі Міхаіла Жызьнеўскага

абноўлена

Беларуса, які загінуў 22 студзеня на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве, пахавалі 28 студзеня ў вёсцы Сьцяг Працы пад Гомелем.

26 студзеня ў Кіеве адбылася паніхіда па Міхаілу і памінальная хада. Тысячы людзей прыйшлі, каб ушанаваць памяць загінулага беларуса. На разьвітаньні былі таксама лідэры ўкраінскай апазыцыі Віталь Клічко, Арсень Яцанюк, Алег Цягнібок. Падчас памінальнай хады людзі ў Кіеве скандзіравалі «Герой!» і «Дзякуй, Беларусь!»

Міхаіл Жызьнеўскі быў забіты на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве стрэлам у сэрца 22 студзеня.

Міхаіл доўгі час жыў ва Ўкраіне, быў сябрам арганізацыі УНА-УНСО і моладзевага крыла партыі Віталя Клічко «Ўдар». Паводле афіцыйнай вэрсіі, Міхаіл быў забіты паляўнічай куляй невядомым. Куля трапіла ў аорту каля сэрца.
20:01 28.1.2014
Сьвятар Леанід Акаловіч скончыў адпяваньне словамі:“Раб божы, які нарэшце вярнуўся на родную зямлю, няхай зямля яму будзе пухам“. Сваякі разьвітваюцца зь Міхаілам Жызьнеўскім. Прысутныя, некалькі дзесяткаў чалавек, трымаюць бел-чырвона-белыя сьцягі і ўкраінскія.
19:52 28.1.2014
Паводле сваякоў, украінскія памежнікі прапусьцілі труну зь целам без надгляду. Асноўная затрымка была на беларускай мяжы, бо беларускія памежнікі правялі надгляд.

Разьвітаньне зь Міхаілам Жызьнеўскім праходзіць пры сьвятле фараў.

Адкрылі труну, цела пакрыта чырвона-чорным сьцягам.

Сабралася некалькі дзясяткаў чалавек.
19:37 28.1.2014
На могілкі прывезьлі труну зь целам Міхаіла Жызьнеўскага. Пачынаецца цырымонія разьвітаньня.
19:21 28.1.2014
На могілкі прыехала цётка і папрасіла не здымаць падчас пахаваньня Міхаіла Жызьнеўскага.
19:06 28.1.2014
Сваякі, якія вязуць труну зь целам Міхаіла Жызьнеўскага, перасеклі мяжу. На ўезьдзе на могілкі, дзе пахаваюць актывіста, разгорнутыя бел-чырвона-белыя і блакітна-жоўтыя сьцягі. Актывісты спрабуюць распаліць вогнішча, каб сагрэцца. Сярод іх — Юля Сьцяпанава, Ільля Дабратвор, Леанід Кулакоў, Юры Рубцоў, маладафронтавец Андрусь Цянюта і іншыя. Тут жа сьвятар аўтакефальнай праваслаўнай царквы Леанід Акаловіч.

Каля могілак з другой гадзіны дня дзяжураць два аўтамабілі зь людзьмі ў цывільным.
18:03 28.1.2014
Сваякі зь целам Міхаіла ўжо афармляюцца на беларускай мяжы. Ад мяжы да Сьцяга Працы — менш за гадзіну дарогі.
17:29 28.1.2014
Вёска Сьцяг Працы, дзе пахаваюць Міхаіла Жызьнеўскага, раней мела назву Абрэзы. Пра гэта карэспандэнтам Свабоды апавяла мясцовая жыхарка, якая прыйшла на пахаваньне.
Вера Міхееўна
Вера Міхееўна

«Пасьля вайны ўжо Сьцяг Працы. А да вайны былі Абрэзы. Бо быў лес і яго выразалі, паставілі вёску».

Карэспандэнт: «А вы ведалі Міхаіла, што ён за хлопец?»

«Міша быў харошы хлопец. Мы зь ім агарод сеялі яго бабулі. Ён працаваў у царкве. Размаўляў са мной, вельмі вопытны і граматны, разумны. Гэта вельмі добры хлопец быў, я пра яго нічога не скажу дрэннага. Ён мне так у душу зайшоў, калі б мне такі ўнук. А потым ён працаваў у Гомелі ў царкве. А сюды прыяжджаў да бабулі і дзеда, да цёткі. Ён тут знаходзіўся, а маці яго выйшла замуж, жыве ў Беліцы. А потым ён паехаў і не вядома было куды падзеўся. Яго ўсюды шукалі. Праз перадачу «Чакай мяне». Знайшлі, ён паведаміў, што жыве ва Ўкраіне. Такога хлопца вельмі шкада.

Карэспандэнт: «А цяпер стала вядома, што ён загінуў...»

«Душа ў яго была добрая і недзе ён ня вытрымаў і пайшоў на абарону. Там жа ня ён адзін, а мільёны людзей пайшлі ў абарону. Па тэлевізары паказвалі, што людзі пайшлі на дапамогу. Ён харошы хлопец і пайшоў на дапамогу. А знайшоўся вораг і забіў. Там людзей столькі пабілі, паказваюць па тэлевізары, што ня дай Бог. Таму я шкадую гэтага хлопца, ён харошы».

Карэспандэнт: А хто тут у яго пахаваны на могілках?

«У яго тут і дзед і баба, уся сям’я тут».
17:11 28.1.2014
Труна зь целам загінулага ў Кіеве гамельчука яшчэ знаходзіцца на ўкраінска-беларускай мяжы сказала маці Ніна Васільеўна. Ужо больш за гадзіну сваякі з труной знаходзяцца на мяжы.

Сваякі кажуць, што хоць і будзе цёмна, але пахаваньне трэба скончыць сёньня, бо нельга пакідаць пустой магілу. Яны гатовыя хаваць пры сьвятле фараў. На могілкі прыехала група актывістаў зь Менску, сярод іх Юля Сьцяпанава.
15:35 28.1.2014
Магіла для Міхаіла Жызьнеўскага

14:40 28.1.2014
Ніна Жызьнеўская паведаміла Радыё Свабода, што машына з труной яе сына цяпер едзе недзе каля Чарнігава.

Маці забітага Міхаіла Жызьнеўскага адзначае: колькі разоў хавалі людзей, ніколі сельсавет не прасіў пісаць заяву з просьбай пахаваць на вясковых могілках.
14:33 28.1.2014

У Горадні зьбіраюць грошы для сям’і Жызьнеўскага


Сабрана каля мільёна рублёў для сям’і загінулага ў Кіеве гамельчука Міхала Жызьнеўскага.

Паводле актывіста Андрэя Мялешкі, грошы зьбіраюць толькі другі дзень. Ён атрымлівае шмат тэлефанаваньняў ад самых розных людзей, як актывістаў апазыцыйнага руху, так і ад звычайных гарадзенцаў:

«Да канца тыдня яшчэ працягнецца збор грошай, а потым перадамо іх сям’і Міхала Жызьнеўскага. Думаю, што за гэтыя дні гарадзенцы болей актывізуюцца, бо гэта адчуваецца па званках у сёньняшні дзень».

Зараз грошы зьбіраюць у Менску, Гомелі, Варшаве, Вільні і Горадні.
13:47 28.1.2014

Як выглядае вёска Сьцяг Працы




Дом, дзе жывуць сваякі Міхаіла Жызьнеўскага, у вёсцы Сцяг Працы Гомельскай вобласці
Дом, дзе жывуць сваякі Міхаіла Жызьнеўскага, у вёсцы Сцяг Працы Гомельскай вобласці

Вясковыя могілкі
Вясковыя могілкі
13:44 28.1.2014
На могілкі прыяжджала старшыня Ўлукаўскага сельсавету Жана Бізьня, якая сказала сваякам Жызьнеўскага напісаць заяву на вылучэньне ўчастка пад пахаваньне.

Яны зараз гэта афармляюць. А тым часам ў вёску прыяжджала міліцыя, правяралі на ўезьдзе аўтамабілі. Зараз, паводле зьвестак мясцовых жыхароў, міліцыя правярае аўтамабілі на шашы Гомель—Добруш на павароце да вёскі Сьцяг Працы.
13:13 28.1.2014
Жызьнеўскага маюць пахаваць сёньня ўвечары
10:10 28.1.2014

Цела Жызьнеўскага яшчэ не прывезьлі


Маці Міхаіла Жызьнеўскага паведаміла Свабодзе, што цела загіблага сына яшчэ не забралі з морга ў Кіеве.

Бацька Міхася Міхаіл Пятровіч, сястра бацькі і пляменьнік чакаюць у сталіцы Ўкраіны машыну, каб ехаць у морг. Ніна Жызьнеўская выказала занепакоенасьць, што, магчыма, 28 студзеня прывезьці цела сына ў Гомель і ня ўдасца:

«І будзе ягоная магіла стаяць выкапаная і чакаць яго. Яго цела столькі ўжо намучылася, што няхай бы ён хутчэй ішоў у сваю хаціначку», — кажа няўцешная Ніна Васільеўна.
09:36 28.1.2014

Сям’і Жызьнеўскага сабралі 3000 даляраў дапамогі


Як паведаміў гомельскі грамадзкі актывіст Андрэй Стрыжак, на пахаваньне Міхаіла Жызьнеўскага, застрэленага абаронцы Эўрамайдану, у Гомелі, Менску і па-за межамі Беларусі сабрана 3 тысячы даляраў. Збор сродкаў працягваецца.

«Грошы — гэта той невялікі сродак, празь які цяпер можна выказаць сваю салідарнасьць і павагу да гэтага чалавека і дапамагчы сям’і», — лічыць грамадзкі актывіст Стрыжак.
09:28 28.1.2014
28 студзеня Вярхоўня Рада Ўкраіны зьбярэцца на пазачарговае паседжаньне. Будынак Вярхоўнай Рады знаходзіцца за барыкадамі пратэстоўцаў і шэрагамі спэцназу, паміж якімі зараз захоўваецца замірэньне.
XS
SM
MD
LG