Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фільм, які разьвенчвае лукашэнкаўскія міты

абноўлена

На здымачным пляне. Фота з архіву Антона Цялежнікава
На здымачным пляне. Фота з архіву Антона Цялежнікава

28 верасьня на тэлеканале «Белсат» адбудзецца прэм’ера новага фільму Антося Цялежнікава «Праклятыя і забытыя», прысьвечанага беларусам, якія ў канцы вайны і ў першыя пасьляваенныя гады спрабавалі разгарнуць антысавецкае падпольле.

За супрацу зь немцамі савецкая, а потым лукашэнкаўская прапаганда ахрысьціла іх калябарантамі. Журналіст Радыё Свабода Франак Вячорка паразмаўляў з аўтарам ідэі і рэжысэрам стужкі Антосем Цялежнікавым, які цяпер жыве ў Варшаве.


Антось Цялежнікаў падчас здымкаў "Жыве Беларусь!"
Антось Цялежнікаў падчас здымкаў "Жыве Беларусь!"
Антон, калі ласка, акрэсьліце ў трох сказах, што за фільм вы зьнялі і пра што?

— Фільм — пра дзеячоў Беларускай незалежніцкай партыі, якія ў 1944–45 гадах прайшлі падрыхтоўку ў Дальвіцкай нямецкай дывэрсійнай школе і меліся разгарнуць антысавецкі партызанскі рух у выпадку вайны СССР з Ангельшчынай ды ЗША.

А чыя была ініцыятыва?

— Мая. Але гэта насамрэч вяртаньне да тэмы беларускага антысавецкага супраціву, якую я калісьці ўжо намагаўся раскрыць.
Беларусь сёньня, як тэарэтычна незалежная дзяржава, ня можа існаваць далей, жывучы савецкімі штампамі, як раней.

У сучаснай Беларусі гаварыць пра так званых «калябарантаў», ды яшчэ ставіць пад пытаньне афіцыйную лукашэнкаўскую дактрыну, небясьпечна. Ці не баіцеся браць такую спрэчную тэму?

— Гэтая тэма для сёньняшняй улады, ідэалягічнай пераемніцы Савецкага Саюзу, такая ж адназначна чорная, як і калісьці ў СССР. Я лічу проста звышнеабходным уздымаць гэтую тэматыку і знайсьці больш узважаны падыход да яе. Трэба ўмець зразумець выбар людзей, іх матывы, а не катэгарычна гэта асуджаць. Беларусь сёньня, як тэарэтычна незалежная дзяржава, ня можа існаваць далей, жывучы савецкімі штампамі, як раней. Як з аднаго, так і з другога боку былі і ёсьць людзі, якія жадалі свабоды і дабрабыту сваёй радзіме, але кожны зь іх да гэтага ішоў сваім шляхам.

На здымачным пляне. Фота з архіву Антона Цялежнікава
На здымачным пляне. Фота з архіву Антона Цялежнікава


— Ці дастаткова матэрыялаў у беларускіх і польскіх архівах? Якімі крыніцамі вы карысталіся?

Апошнім часам у Беларусі сталі даступныя некаторыя дакумэнты, але гэта кропля ў моры з таго, што цяпер знаходзіцца ў закрытых для большасьці архівах КДБ. Напрыклад, у той жа Літве я працаваў у даступных для ўсіх архівах савецкага КДБ, і гэта добры прыклад падыходу свабоднай дзяржавы. Тое самае ў Польшчы ды іншых эўрапейскіх краінах. Беларусь жа ня можа разьвітацца са сваім савецкім мінулым і працягвае яго сьцерагчы ад сваіх жа грамадзянаў.

Я ня маю права каго-кольвек рэабілітоўваць. Мая задача — дапамагчы зразумець герояў майго фільму, іх выбар і ўчынкі.
Антон Цялежнікаў

— Ці вы разьлічваеце, што пры дапамозе фільму яго героі будуць, так бы мовіць, «рэабілітаваныя» ў вачах тых беларусаў, якія раней іх асуджалі як ворагаў народу?

— Я ня маю права каго-кольвек рэабілітоўваць. Мая задача — дапамагчы зразумець герояў майго фільму, іх выбар і ўчынкі.

— Пра здымкі пісалася яшчэ некалькі месяцаў таму. Дык як вялася праца над фільмам? Няўжо дазволілі здымаць у Беларусі?

Фактычна год я праводзіў вялікую дасьледніцкую працу. Сядзеў у розных архівах, вёў размовы зь людзьмі, ладзіў здымачныя экспэдыцыі. Геаграфія здымак ахоплівае амаль усе суседнія зь Беларусьсю краіны. Ну, і самае важнае — большая частка іх адбывалася ў самой Беларусі. Па-першае, гэта інтэрвію са сьведкамі тых падзеяў, іхнымі роднымі ці сваякамі. Па-другое, гэта сцэны рэканструкцыі некаторых падзеяў, якія здымаліся ў Беларусі і зь беларусамі.



— Дык гэта ўсё ж дакумэнтальны фільм?

— Фільм дакумэнтальны, але сцэны рэканструкцыі яго ўзбагачаюць з мастацкага гледзішча. У дадзеным фармаце вельмі важна не згубіцца паміж двух жанраў кіно, што часта здараецца ў шмат якіх аўтараў.
Фільм паўстаў пры поўнай падтрымцы тэлеканалу «Белсат», зь якім я ўжо маю добры і плённы досьвед супрацы.

— Папулярнае пытаньне: адкуль грошы?

— Фільм паўстаў пры поўнай падтрымцы тэлеканалу «Белсат», зь якім я ўжо маю добры і плённы досьвед супрацы.

— Гэта ня першы фільм, у якім вы асабіста бераце ўдзел: «Беларускі рэзыстанс», «Беларусь пад нямецкай акупацыяй», «Гульня ў вайнушку». Ва ўсіх мінулых праектах вы кранаецеся тэмы Другой усясьветнай вайны, антысавецкага руху, беларускай арміі. З чым зьвязаная такая цікавасьць да гэтага пэрыяду гісторыі і да войска ў цэлым?

— Насамрэч гэта не адзіная тэматыка, над якой я працую ў кіно. Але так склалася што сапраўды я цікаўлюся ваеннай гісторыяй. Напэўна, на мяне так паўплывала жыцьцё ў сям’і вайскоўца і юнацтва ў вайсковых гарадках.

На здымачным пляне. Фота з архіву Антона Цялежнікава
На здымачным пляне. Фота з архіву Антона Цялежнікава


Таксама вы ўдзельнічалі ў здымках «Жыве Беларусь!» як другі рэжысэр. Ці досьвед працы ў вялікім праекце дапамог вам у працы над «Праклятымі і забытымі»?

— Крыху, напэўна, так, хоць гэты вялікі досьвед мне больш спатрэбіцца ў працы з мастацкім кіно.

На якую яшчэ тэму вы хацелі б зьняць фільм?

— Тэмаў безьліч. Бліжэйшая — гэта фільм пра Кастуся Каліноўскага.
Такія фільмы, як «Анастасія Слуцкая» ці «Брэсцкая крэпасьць», наўрад ці змогуць абудзіць нешта добрае ў нацыянальнай сьвядомасьці.

Увогуле, якія фільмы трэба здымаць, каб беларусы абудзіліся як нацыя? І ці трэба, каб дзяржава ўдзельнічала ў такіх праектах?

— Вельмі важнае — гістарычнае кіно. Як мы бачым, большасьць краінаў сьвету ў яго інвэстуе вялікія грошы. Але калі браць Беларусь, то такія фільмы, як, напрыклад, «Анастасія Слуцкая» ці «Брэсцкая крэпасьць», наўрад ці змогуць абудзіць нешта добрае ў нацыянальнай сьвядомасьці. Гэтаксама і сацыяльнага кіно, якое ўздымае грамадзкія праблемы, проста няма ў Беларусі.

— Якім чынам, калі і дзе фільм змогуць пабачыць беларусы?

— 28 верасьня — на тэлеканале «Белсат», а пасьля — у інтэрнэце.
Мая мэта перадусім — каб фільм трапіў да беларускага гледача. Фэстывалі — справа другасная.

— Ці фільм трапіць на замежныя фэстывалі?

— Пра гэта рана казаць. Мая мэта перадусім — каб фільм трапіў да беларускага гледача. Фэстывалі — справа другасная.

— Калі будзе прэм’ера ў Менску — прыедзеце ў Беларусь?

— Калі будзе такое запрашэньне, то абавязкова!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG