Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітынг прадпрымальнікаў у Ждановічах
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:21 0:00

Мітынг прадпрымальнікаў у Ждановічах

Прадпрымальнікі страйкуюць

абноўлена

27 чэрвеня на шэрагу рэчавых рынкаў па ўсёй Беларусі адбываецца аднадзённы агульнанацыянальны папераджальны страйк прадпрымальнікаў, незадаволеных новымі правіламі гандлю ў рамках Мытнага зьвязу. Ад 1 ліпеня суб’екты гаспадараньня абавязаныя афармляць сэртыфікаты якасьці на тавары лёгкай прамысловасьці. Працэдура расьцягваецца ў часе, а таксама вымагае значных матэрыяльных выдаткаў. Гандляры заявілі пра адмову фінансаваць чарговы сумнеўны праект і прыгразілі масавым непадпарадкаваньнем. У выніку Міністэрства гандлю пайшло на саступкі, дазволіўшы прадпрымальнікам працаваць паводле звыклай схемы яшчэ год. Аднак у прадпрымальнікаў няма пэўнасьці, што ад 1 ліпеня ўсё будзе па-ранейшаму.

18:44 27.6.2013
Старыкевіч: «У пэўным сэнсе страйк можа стаць выніковым»

Ці можна назваць аднадзённы страйк беларускіх прадпрымальнікаў пасьпяховым? Наколькі рэальна, што палітычныя патрабаваньні аб выхадзе з Мытнага зьвязу стануць лёзунгам большасьці прадпрымальнікаў? На гэтыя пытаньні адказвае галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч.
17:39 27.6.2013
Анатоля Шумчанку судзілі і далі 5 сутак арышту. Пра гэта карэспандэнту «Свабоды» паведаміла намесьніца старшыні «Пэрспэктывы» Вольга Круміна.
17:09 27.6.2013
Выніковы рэпартаж з Гомелю — дружная падтрымка страйку
16:53 27.6.2013
Рэпартаж зь Віцебску, дзе прадпрымальнікі страйкавалі раней, таму сёньня працуюць, але гатовыя падтрымаць бестэрміновы страйк з 1 ліпеня.

Віцебскія прадпрымальнікі пагражаюць бестэрміновым страйкам
На полацкім рынку не працуе каля паловы прадпрымальнікаў
На полацкім рынку не працуе каля паловы прадпрымальнікаў
15:10 27.6.2013
Горадня. Страйк падтрымалі прадпрымальнікі рынку «Паўднёвы», а таксама буйнога гандлёвага цэнтру «Карона».
14:49 27.6.2013
Бяроза. Прадпрымальнікі на рынку страйкуюць. На рынку працуюць толькі кіёскі з прамысловымі таварамі.
14:15 27.6.2013
Бабруйск. Гандляры Цэнтральнага рынку горада, а таксама рынку «Яловікі» і Гандлёвы цэнтар «Беразіна» страйкуюць. Агульнанацыянальны страйк падтрымалі дзясятак прадпрымальнікаў на «Паўночным рынку» Бабруйску. Большая частка, як паведалі тамтэйшыя пратэстоўцы, да акцыі не далучыліся.
14:08 27.6.2013
Пасьля ўмяшальніцтва прэсавага сакратара ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандра Ластоўскага журналістаў Радыё Свабода Ігара Карнея, «Народнай Волі» Алеся Сівага і парталу tut.by Натальлю Касьцюкевіч выпусьцілі з Цэнтральнага РУУС сталіцы.

Вось што паведаміў пра затрыманьне Ігар Карней:

«Яшчэ на рынку Ждановічы, калі мы зьбіраліся ехаць у гандлёвы цэнтар „Паркінг“, да Анатоля Шумчанкі падышоў намесьнік начальніка Цэнтральнага РУУС і папрасіў прайсьці „на размову“. Спадар Шумчанка адмовіўся, сказаў, што, маўляў, калі хочаце затрымаць, затрымлівайце прылюдна. Пасьля гэтага ўсё паехалі у „Паркінг“. Паставілі машыны на верхнім узроўні аўтастаянкі і пайшлі да ліфту. Ужо ў ліфце затрымалі і Шумчанку, і журналістаў. Шумчанку сказалі, што яго затрымліваюць па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні злачынства. Журналістаў затрымалі нібыта для высьвятленьня асобаў. Шумчанка папрасіўся паехаць на сваім аўтамабілі ў суправаджэньні міліцэйскай машыны, журналістаў пасадзілі ў мікрааўтобус „Форд“. Спачатку ехалі ў накірунку Савецкага РУУС, але прыйшла нейкая новая каманда, пасьля тэлефанаваньня павярнулі ў Цэнтральны РУУС.

У пастарунку ўсіх разьвялі па розных кабінэтах. У журналістаў перапісалі ўсе пашпартныя дадзеныя, і амаль дзьве гадзіны ішла гэта працэдура. Пыталіся, ці рабілі фота- і відэаздымкі.

Пасьля тэлефанаваньня прэс-афіцэра Аляксандра Ластоўскага ўсіх журналістаў адпусьцілі».
13:41 27.6.2013
13.35 «Ледзь тэлефон не забралі. Панеслі некуды паперы, думаю, хутка адпусцяць. Машына Шумчанкі, бачу, пад вокнамі, відаць, яго надоўга», — напісаў Ігар Карней.
13:12 27.6.2013
«Мы прыехалі з Шумчанкам у «Паркінг». Яго пасьвілі. Узялі без разбору», — праведамляе Карней.
13:07 27.6.2013
Анатолю Шумчанку пры затрыманьні сказалі, што ён затрыманы па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні злачынства. Пакуль міліцыя высьвятляе асобы, — піша Ігар Карней у смс з Цэнтральнага РУУС.
13:02 27.6.2013
Івацэвічы. Прадпрымальнікі рэчавага рынку на працу ня выйшлі, працуе толькі кіёск насеньняў «Палісад».

Рынак у Івацэвічах
Рынак у Івацэвічах
13:01 27.6.2013
Гомель. Страйкуюць рынкі Цэнтральны, Прывакзальны, Прудкоўскі

13:00 27.6.2013
Ігар Карней напісаў, што зь ім разам Алесь Сівы з «Народнай Волі», Натальля Касьцюковіч з tut.by і Анатоль Шумчанка.
12:42 27.6.2013
Ігар Карней паведаміў праз смс: Забралі ў Цэнтральны РУУС Менска.
12:28 27.6.2013
Менск. Затрыманы лідэр «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка, карэспандэнт Радыё Свабода Ігар Карней, карэспандэнт «Народнай Волі» Алесь Сівы і яшчэ два ці тры чалавекі. Яны ехалі з рынку Ждановічы ў гандлёвы цэнтар «Паркінг». Іх спынілі супрацоўнікі Савецкага РУУС сталіцы і павезьлі, хутчэй за ўсё, у пастарунак. Тэлефоны ўсіх затрыманых адключаныя. Пра гэта паведаміў Радыё Свабода прадпрымальнік Вячаслаў Піліпчук.

Ігар Карней, архіўнае фота
Ігар Карней, архіўнае фота
12:17 27.6.2013
Берасьце. Паводле падлікаў прадпрымальніцы Алены Кастус, на працу ня выйшлі каля 1300 прадпрымальнікаў.

«Не працуюць буйныя пункты — „Берасьцейскі пасаж“, рынак „Нікольскі“, рынак „Юбілейны“, рынак „Лагуна“, рынак „ЦУМ“ і Варшаўскі рынак. Я ўсе гэтыя рынкі аб’ехала — не працуюць», — заявіла Кустус.
12:12 27.6.2013
Віцебск. На рэчавым «Полацкім» кірмашы ня выйшлі толькі 40% прадпрымальнікаў.

На «Паўднёвым» кірмашы працуюць усе.

Гандляры тлумачаць свой няўдзел у акцыі пратэсту тым, што ў гэтым месяцы ў Віцебску ўжо быў адзін страйк, калі не працавалі блізу 95% прадпрымальнікаў, і тады пазыцыя наконт новых правілаў гандлю ў межах Мытнага зьвязу была ўжо прадэманстраваная.
12:08 27.6.2013
Ждановічы, Менск. Старшыня «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка абвесьціў падчас кароткага мітынгу , што яны дамагліся, каб 2 ліпеня ў Маскву на паседжаньне Эўразійскай камісіі паехалі прадстаўнікі прадпрымальніцкага руху. Беларускія прадпрымальнікі будуць уздымаць паслабленьня ўмоваў працы для беларускіх гандляроў.

На мітынгу выступіла начальнік аддзелу гандлю Цэнтральнага раёну Менску Натальля Хмяльніцкая, яна прапанавала прадстаўнікам зацікаўленых структур сустрэцца 28 чэрвеня на рынку Ждановічы і абмеркаваць праблемы.
11:57 27.6.2013
Баранавічы. Прадпрымальнік Мікола Чарнавус паведаміў Свабодзе: , у Баранавічах ня выйшлі на працу 1200 прадпрымальнікаў, не працуюць усе рынкі і шмат якія прыватныя гандлёвыя кропкі.

35 прадпрымальнікаў прыйшлі да гарвыканкаму, каб перадаць свае патрабаваньні. Да іх выйшла начальніца аддзелу эканомікі Раіса Ўласовіч.

«Ну што яна магла нам сказаць? Але яна сказала, што ў міністэрстве далі дабро і ёсьць папера, што яшчэ паўгода сэртыфікацыю ўводзіць ня будуць. Але што міністэрства вырашае, калі рашэньне прымалася ў Эўраазіяцкай камісіі?» — кажа спадар Чарнавус.

Каля паўгадзіны прадпрымальнікі пастаялі ля гарвыканкаму. Мікола Чарнавус трымаў плякат «Мы хочам працаваць». Да прадпрымальніка падышоў міліцыянт і папрасіў згарнуць плякат, бо могуць пакараць за несанкцыянаваную акцыю.

Міліцыя сустрэла прадпрымальнікаў ля гарвыканкаму
Міліцыя сустрэла прадпрымальнікаў ля гарвыканкаму

Сход прадпрымальнікаў у Баранавічах
Сход прадпрымальнікаў у Баранавічах


Рынак у Баранавічах страйкуе
Рынак у Баранавічах страйкуе

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG