Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Пуцін навучыўся ў Бэрлюсконі?


Уладзімір Пуцін і Сылвіё Бэрлюсконі ў Ліпецку (Расея), 2004 год
Уладзімір Пуцін і Сылвіё Бэрлюсконі ў Ліпецку (Расея), 2004 год
Карэспандэнт Financial Times Сайман Купэр піша пра тое, як збудаваная інфармацыйная палітыка Крамля. Гэта ня брэжнеўская мадэль татальнага кантролю, гэта хутчэй мадэль Бэрлюсконі: кантроль над тэлебачаньнем — гэта кантроль над краінай

***

Я сустрэўся з Дэрэкам Саўерам у Маскве ў 1992 годзе, сярод руін Савецкага Саюза. Я тады сышоўся з журналістамі новай англамоўнай газэты пад назвай The Moscow Times і часта бываў у яе рэдакцыі, якая знаходзілася ў гатэлі «Рэдзісан». Аднойчы я пазнаёміўся з заснавальнікам газэты — малюсенькім галяндцам, які сярод сваіх энэргічных і маладых падначаленых выглядаў падобным на важатага скаўтаў.

Саўэр да гэтага часу жыве ў Маскве. Цяпер ён стаў адным з расейскіх мэдыя-магнатаў. Больш за тое, ён — выдатны экспэрт па Расіі. Менавіта ён, са сваім поглядам журналіста, сувязямі магната і досьведам шматгадовага мясцовага жыхара, дзеці якога хадзілі ў расейскія школы, можа адказаць на пытаньне аб тым, ці сапраўды прэзыдэнт Уладзімер Пуцін вяртае Расею і расейскія СМІ назад у брэжнеўскія часы.

Саўэр, які ў юнацтве быў мааістам, а потым працаваў ваенным карэспандэнтам, прыехаў у Маскву ў 1989 годзе. Ён і яго жонка Элен Фербеек стварылі расейскія вэрсіі такіх заходніх выданьняў, як Playboy і Men’s Health, а таксама некалькі газэт — у прыватнасьці «Ведомости», што выдаюцца сумесна з Financial Times. Іх галоўным гітом стаў рускі Cosmopolitan, які пераўтварыўся глянцавы часопіс з самым высокім ў Эўропе накладам. Адначасова Саўэр цяпер — прэзыдэнт «РБК Мэдыя», галоўнага расейскага дастаўніка дзелавых навінаў.

Летась алігарх Міхаіл Прохараў, былы кандыдат у прэзыдэнты, пераканаў Саўэра ўзначаліць РБК. Саўер сьцьвярджае, што Прохараў ня ўмешваецца ў яго працу: «Я размаўляў зь ім аднойчы, калі ён спытаў, ці вазьмуся я за гэта, і ніводнага разу пасьля».

Пагроза ўмяшаньня, якая сыходзіць ад Пуціна, больш значная. Амэрыканская недзяржаўная арганізацыя Freedom House ў мінулым месяцы абнародавала выснову, што расейскі ўрад амаль «цалкам кантралюе тэлебачаньне, радыё і друкаваныя выданьні». Арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» назвала Пуціна «драпежнікам».
Нядаўняе апытаньне, праведзенае расейскім «Левада-Цэнтрам», паказала, што зь лідэраў, якія кіравалі краінай у ХХ стагодзьдзі, самай вялікай папулярнасьцю сярод расейцаў карыстаецца Леанід Брэжнеў. Другое месца займае Ленін, а рэфарматар Міхаіл Гарбачоў апынуўся на апошнім месцы.

Аднак, на думку Саўэра, пуцінская мадэль кіраваньня мас-мэдыямі не падобная да брэжнеўскай.

«Пуцін пераймае Бэрлюсконі. Яны не дарма так сябруюць. Яны абодва разумеюць, што калі ты кантралюеш асноўныя тэлеканалы і выкарыстоўваеш іх для прапаганды, гэтага дастаткова».

Італьянскі драматург Дарыё Фо напісаў п’есу, у якой Бэрлюсконі перасадзілі мозг Пуціна, аднак Саўэр лічыць, што, хутчэй, наадварот — у галаве ў Пуціна знаходзіцца мозг Бэрлюсконі. Расейскі рэцэпт — гэта італьянскае тэлебачаньне, кітайская палітыка «плюс трохі нафты», кажа Саўэр.

Тэлебачаньне для Пуціна — прыярытэтны кірунак. У адрозьненьне ад Сталіна і Брэжнева, ён разумее, што татальны кантроль над СМІ непатрэбны. Паводле Саўера, дзяржава па-ранейшаму не ўмешваецца ў справы яго сайтаў і газэт: «Мы ня бачым ніякіх пераменаў. Ніякіх званкоў, ніякага ціску, нічога такога». Вядома, у Расеі імкліва расьце аўдыторыя інтэрнэту, аднак Саўэр адзначае:

«Мы ўсе — тыя, хто зьвязаныя з мэдыямі, — лічым, што гэтыя перамены ідуць вельмі хутка. Але на справе большасьць людзей па-ранейшаму атрымлівае навіны праз тэлебачаньне».

І гэта так ня толькі ў Расеі, дзе гэта справядліва для 80% насельніцтва, але нават і ў ЗША. Расійскія газэты маюць параўнальна невялікія наклады: толькі некаторыя прадаюць больш за 100 тысяч асобнікаў, што адпавядае менш 0,1% насельніцтва.

«Гэта сьмешна, але ў Расеі існуе поўная свабода прэсы для інфармаваных, але яе няма для тых, хто неінфармаваны, — тлумачыў мне Саўэр яшчэ ў 2005 годзе. — Дасьведчаныя — людзі, якія чытаюць газэты накшталт „Ведомостей“ і „Коммерсанта“, — у любым выпадку многае б ведалі, таму што яны таксама глядзяць спадарожнікавае тэлебачаньне і карыстаюцца інтэрнэтам. Нас няма сэнсу прыгнятаць. Гэта толькі створыць шум і выкліча крытыку за мяжой». Больш за тое, наяўнасьць некаторых крытычных галасоў толькі дадае даверу да пуцінскай телепрапаганды.

Такім чынам, маскоўскай сярэдняй клясе дазваляюць захоўваць элемэнты вальнадумства. Але гэтыя людзі ня будуць зрынаць Пуціна. «У „арабскай вясны“ няма тут пэрспэктываў. Для рэвалюцыі трэба шмат маладых беспрацоўных. Але тут няма беспрацоўя, мала моладзі і маладыя людзі заўсёды могуць працаўладкавацца за пяць хвілінаў. У іх няма часу сядзець на плошчы Тахрыр — ім раніцай на працу. Status Quo магло б зьмяніць толькі адно — падзеньне коштаў на нафту», — кажа Саўэр.

Ён дзеліць свае маскоўскія гады на тры пэрыяды. У першыя сем ці восем гадоў ён назіраў «нястрымны аптымізм». Затым прыйшло «нястрымнае спажываньне». «А цяпер зацараваў цынізм. Людзі, якія могуць гэта сабе дазволіць, пакідаюць краіну. Наш багаты раён напалову апусьцеў. Тыя, хто ня можа дазволіць сабе ад’езд, імкнуцца трымацца далей ад дзяржавы і займацца сваімі справамі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG