Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як купляюць галасы на Eurovision


Удзельнік конкурсу ад Азербайджану Фарыд Мамадаў
Удзельнік конкурсу ад Азербайджану Фарыд Мамадаў
Літоўскі партал 15min.lt апублікаваў відэа, якое паказвае спробу куплі галасоў гледачоў у фінале песеннага конкурсу Eurovision, і матэрыял, у якім сьцьвярджаецца, што галасы куплялі для Азербайджану. Арганізатары афэры нібыта зь Беларусі.

На відэа, зьнятым схаванай камэрай, зафіксавана гутарка некалькіх чалавек у кавярні. Двое зь іх прапаноўваюць астатнім арганізаваць групы для галасаваньня ў фінале Eurovision за аплату. Прапануецца арганізаваць групы па 10 чалавек. Групы павінны пасылаць sms з розных раёнаў Вільні на карысьць указанага выканаўцы, sms будуць аплачвацца па таксе 200 эўра за групу.



Асобы гэтых дваіх, паказаных на відэа, невядомыя. Адна з журналістак, якая прымала ўдзел у арганізацыі і правядзеньні здымак схаванай камэрай, Лепа Зяльнене кажа, што гэтыя людзі сказалі: яны зь Беларусі (на відэа 11:06) і прапанавалі галасаваць за прадстаўніка Азербайджану. Журналістка распавядае, як яны выйшлі на гэтых людзей:

«У рэдакцыю зьвярнуліся студэнты і заявілі, што ў пятніцу ім было прапанавана прагаласаваць у фінале Eurovision за плату. Сустрэча была прызначаная на суботу ў кавярні. Мы вырашылі пайсьці на гэтую сустрэчу пад выглядам студэнтаў і здымаць усё, што адбываецца, схаванай камэрай. Падчас размовы высьветлілася, што гэтыя людзі хацелі набраць галасы на карысьць Азербайджану».

Паводле Лепы Зяльнене, гэтыя людзі не былі літоўцамі.

«Яны не разумелі ні слова па-літоўску», — кажа яна.

Інструктаж заказчыкаў

У гутарцы ў кавярні абмяркоўваюцца дэталі галасаваньня ў фінале «па тэхналёгіі» і аплаты па завяршэньні «справы» па-расейску, прычым заказчыкі дэманструюць досыць добрае веданьне тэхналёгіі галасаваньня і досьвед куплі галасоў гледачоў, каб апэратары не западозрылі аплачанае галасаваньне.

«Нам патлумачылі, калі і як галасаваць, а таксама за які нумар. Яны заявілі, што дадуць па 4 мабільныя карты на групу, плюс загрузяць контуры на нашы мабільнікі», — адзначае журналістка.

«Усе галасуюць за грошы?»

На відэа дзяўчына пытаецца:

— І што, усе галасуюць за грошы?

На што заказчык адказвае, што вядома, за грошы.

Па словах журналісткі, гэтыя двое паказалі студэнтам вялікую суму наяўных грошай, каб пераканаць іх у тым, што калі пастаўленая задача будзе выканана, кожны атрымае па 20 эўра.

«Яны папярэдзілі, што мы павінны сфармаваць гатовыя да працы групы каля 10 чалавек. Групы, якія будуць кантралявацца прадстаўнікамі ад заказчыка, павінны будуць знаходзіцца ў розных частках гораду, каб не спараджаць падазрэньняў з-за шматразовага галасаваньня з той самай кропкі».

Подкуп супярэчыць духу Eurovision

Прэсавы сакратар арганізатара конкурсу Eurovision — Эўрапейскага Вяшчальнага ЗЬвязу — Ярма Сійм заявіў, што інфармаваны аб паведамленьні сайту 15min.lt. Паводле яго, абвінавачаньні ў сувязі з купляй галасоў ня новыя, гэта адбываецца штогод. Ён кажа, што гэтае відэа будзе расьсьледавана гэтак жа, як і ўсе іншыя, якія выклікаюць падазрэньні.

Аднак Ярма Сійм упэўнены, што тэхнічныя працэдуры галасаваньня надзейныя і практычна зводзяць на нішто ўплыў на вынікі галасаваньня спробаў подкупу. Ён таксама дадаў, што купля галасоў — гэта крок, які супярэчыць духу песеннага конкурсу Eurovision.

У пасольстве Азербайджану ў Літве заявілі, што ня могуць даць ніякіх камэнтароў па гэтым відэа.

Прэсавы сакратар літоўскай публічнай тэлевізіі LRT, адказнай за вынікі галасаваньня, заявіў, што ня мае ніякага афіцыйнага меркаваньня ў сувязі з гэтым эпізодам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG