Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама звольніў шэфа падаткавікоў, бо той чапляўся да апазыцыі


У ЗША разрастаецца скандал вакол Падатковай службы, абвінавачанай у неабгрунтавана дакладных і прыдзірлівых праверках апазыцыйных арганізацый з кансэрватыўнага лягеру.

Некамэрцыйныя арганізацыі ў ЗША карыстаюцца разнастайнымі льготамі, сярод якіх ёсьць права фінансавых донараў на адыманьне ахвяраваных сум ад свайго даходу. Калі б не існавала гэтай ільготы, колькасьць донараў рэзка ўпала б. Страціць прывілеяваны статус некамэрцыйнай арганізацыі даволі проста, а здабыць і захаваць яго — цяжкое заданьне. Наданьне арганізацыям некамэрцыйнага статусу і праверка іх дзейнасьці на адпаведнасьць гэтаму статусу знаходзяцца ў падпарадкаваньні Падатковай службы.

На мінулым тыдні адзін з інспэктараў Падатковай службы прызнаў публічна, што аддзел Падатковай службы ў Цынцынаці з залішняй дакладнасьцю (і нібыта насуперак інструкцыям вышэйшага кіраўніцтва) правяраў працу некамэрцыйных арганізацый прарэспубліканскага і кансэрватыўнага кірунку, якія мусілі прайсьці пераатэстацыю.

Практыка такая, як мяркуюць некаторыя СМІ, угрунтавалася неўзабаве пасьля прыходу да ўлады адміністрацыі Абамы і дасягнула свайго апагею ў ходзе леташняй перадвыбарчай кампаніі. Таму з 2011 году заканадаўцы-рэспубліканцы бамбардавалі Падатковую службу скаргамі на сваволю фінансавых інспэктараў, але без асаблівага посьпеху.

На гэтым тыдні, з увагі на штораз большы скандал вакол гэтай практыкі, прэзыдэнт Барака Абама адправіў у адстаўку кіраўніка Падатковай службы Стывэна Мілера.

«Я азнаёміўся з вынікамі працы камісіі, створанай Міністэрствам фінансаў, і магу вам сказаць: я цалкам падзяляю агульнае меркаваньне, што паводзіны падаткавікоў былі недаравальнымі. Ніводнаму ведамству не дазволена так сябе паводзіць, а ўжо тым больш падатковаму, якое валодае такімі шырокімі паўнамоцтвамі ўплываць на жыцьцё грамадзян», — сказаў Абама журналістам.

Камісія, якую згадаў Абама, высьветліла, што прыдзірлівасьць і небесстароннасьць Падатковай службай пры праверках кансэрватыўных некамэрцыйных арганізацый перайшлі ўсе магчымыя межы. Ад іх патрабавалі, напрыклад, паказаць сьпісы донараў; пазначыць грамадзка-палітычныя пытаньні, якія хвалююць ахвярадаўцаў; паведаміць, ці ахвярадаўцы маюць намер балятавацца на выбарныя пасады. Ад некаторых патрабавалі таксама раздруковак іх пастоў на фэйсбуку разам з камэнтарамі наведвальнікаў; пералік кнігаў, прачытаных супрацоўнікамі; зьмест інтэрвію, дадзеных прэсе; друкаваных матэрыялаў, раздадзеных на канфэрэнцыях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG