Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прэзэнтавалі «Зкімбы-зымбы»
пачакайце

No media source currently available

0:00 1:06:39 0:00
Наўпроставы лінк

У Менску прэзэнтавалі «Зкімбы-зымбы» (ВІДЭАРЭПАРТАЖ)

У Менску прэзэнтавалі «Зкімбы-зымбы» (відэарэпартаж)

абноўлена

У Менскай кнігарні «логвінаЎ» прэзэнтавалі кнігу Аляксандра Лукашука «Зкімбы-зымбы». Свабода вяла жывы рэпартаж з імпрэзы.

У вечарыне ўдзельнічалі Валянцін Акудовіч, Уладзімер Арлоў, Аляксандар Лукашук, Генадзь Мацур, Уладзімер Някляеў, Пятро Садоўскі, Барыс Пятровіч.
19:10 15.5.2013
18:54 15.5.2013

Аляксандар Лукашук: Усьмешку я абяцаю


Дырэктар беларускай Свабоды, ляўрэат прэміяў беларускага ПЭН-цэнтру і «Глінянага Вялеса» Аляксандар Лукашук расказаў пра сваю новую і пра будучую кнігі.
18:18 15.5.2013
Завяршаем трансьляцыю.




Слухачы Радыё Свабода і наведнікі сайту могуць атрымаць кнігу з подпісам аўтара ў падарунак — прысылайце заяўку на адрас паштовая скрынка 111 Менск 5, індэкс 220005 электронны адрас — svaboda@rferl.org
18:15 15.5.2013
Толькі за гадзіну чытачы разабралі больш за сотню кніг.
18:12 15.5.2013
Пачынаецца аўтографсесія. Да аўтара выстраіліася чарга з жадаючых атрымаць аўтограф.
18:10 15.5.2013
Імпрэза падыходзіць да завяршэньня. Аляксандр Лукашук дзякуе ўсім, хто прыйшоў. «Ірына Міхайлаўна Быкава сёньня прысутнічае тут ня толькі як успамін», — распавядае Лукашук. Ён паказвае малюнак Быкава са сваёй кнігі і зачытвае ўрывак, якім ён ілюстраваны.
17:52 15.5.2013
Слова бярэ Пятро Садоўскі, якога Аляксандр Лукашук прадстаўляе «чалавек-шыбалет». Кніга Садоўскага «Мой шыбалет» выйшла ў Бібліятэцы свабоды.

Пятро Садоўскі: «Саша, ты мне блізкі па тэмпераменце чалавек. Мы хутка будзем чытаць вялікую кніжку. Дзякуй табе!»

17:45 15.5.2013
Слова бярэ Ўладзімер Някляеў. Ён распавядае, што сёньня быў у стаматоляга, які «мучыў» яго тры гадзіны. А кніжка «Зкімбы-зымбы» спрацавала як анэстэзія. «Ад большасьці кніг баляць зубы, — жартуе Някляеў. — А гэтая вось спрацавала. Я ўбачыў аўтара, які валодае беларускім словам. А самае галоўнае — сынтаксысам беларускім. Такіх людзей вельмі мала цяпер. Тут усё беларускае. Я цябе, Аляксандр, віншую з творчай удачай».

Някляеў пакінуў у падарунак пляшку «Бакардзі», якім спадзяваўся ратавацца ў стаматоляга. "Не спатрэбілася, — жартуе Някляеў.
17:39 15.5.2013
Лукашук чытае ўрывак з кнігі, прысьвечаны Алесю Адамовічу.
17:38 15.5.2013
Слова бярэ Валянцін Акудовіч: «Літаральна тыдзень таму ў школе маладога пісьменьніка мы абмяркоўвалі праблему назвы. Я пабачыў у кутку кнігу Аляксандра Эль і сказаў: Паглядзіце: якая дурацкая назва, а якая клясная! Дурацкая — таму, што гучыць неяк.. Вось хто-небудзь запомніў яе зь першага разу? Я — не. А клясная — таму, што ня мае ў сваім фармаце аналягаў. Гэта творчая ўдача, і не малая. Кінжку Аляксандра варта разглядаць з будучымі пісьменьнікамі і ў іншых кантэкстах. У Аляксандра тут дзьве кніжкі: кніжка пісьменьніка і кніжка журналіста. Дзьве кніжкі ў адной. Я даўно з такім захапленьнем не чытаў мастацкі тэкст. Апрача стылёвага майстэрства, столькі гумару, столькі самаіроніі. Я меў столькі радасьці, колькі меў, калі чытаў кнігі ў маладосьці. Дзякуй, Аляксандр!»

Вокладка кнігі
Вокладка кнігі
17:25 15.5.2013
«Уладзімер Арлоў — чалавек-надзея!», — прадстаўляе Аляксандр Лукашук наступнага выступоўцу.

Арлоў зачытвае загадзя падрыхтаваную іранічную прамову, прыводзячы рэальныя выпадкі з жыцьця, у якіх удзельнічаў Аляксандр Лукашук: "Я пасьпеў прачытаць палову кнігі... Не пасьпею сказаць пра стыль і мову Аляксандра Эль, пра яго валоданьне сюжэтам... Але як адзін з герояў гэтай кнігі, я хачу запытацца ў Аляксандра Эль, дакуль ён будзе так беспардонна і бесчалавечна абыходзіцца з вобразамі рэальных і пакуль яшчэ жывых людзей...Гавары праўду, спадар Аляксандр Эль, — сканчавае сваю прамову Ўладзімер Арлоў.
17:19 15.5.2013
Выступы ўдзельнікаў імпрэзы чаргуюцца чытаньнем урыўкаў з кнігі «Зкімбы-зымбы» у выкананьні аўтара.

17:16 15.5.2013
Слова бярэ рэдактар часопіса Дзеяслоў Барыс Сачанка.

Аляксандр Лукашук прадстаўляе яго як «чалавек-дзеяслоў».

«Кожная кніга мне дарагая, — кажа Барыс Сачанка. — а гэтая асабліва. Аляксандр назваў мяне рэдактарам, але я проста ўдзячны чытач. Было вельмі прыемна пазнваць людзей, пра якіх піша ў кнізе Аляксандр. Прыемна сачыць за ягонай іроніяй і самаіроніяй. А працы рэдактарскай тут ніякай не было — было проста прыемнае чытаньне».

Барыс згадвае знаёмства з Аляксандрам Лукашуком у 1990 годзе у рэдакцыі газэты «Звязда». «Я прыйшоў, і быў сход. Парадак дня быў такі: Разгляд заявы Аляксандра Лукашука аб выхадзе з партыі. У тым 90-м годзе прадбачаньня таго, што адбудзецца, мала ў каго было. І ўчынак Аляксандра быў незвычайны. Адзінае, што я мог тады зрабіць, гэта падыйсьці да Аляксандра, паціснуць яму руку і сказаць, што я яму шчыра зайздрошчу. І праз пару месяцаў я зрабіў тое самае».
17:13 15.5.2013
Прэзэнтацыю пачынае арт-дырэктар кнігарні Логвінаў Павал Касьцюкевіч: «Як да вас зьвяртацца, спадар Аляксандр Эль», — жартам пытаецца Касьцюкевіч.

Слова бярэ аўтар Аляксандр Лукашук: «Я хачу зрабіць страшнае прызнаньне: адзін беларускі пісьменьнік нядаўна пісаў на тэму, для каго ён піша, і прыйшоў да высновы, што ён піша для рэдактара. У мяне сытуацыя нашмат горш. Я пішу для карэктара. Самае цікавае ў мяне адбываецца не на ўзроўні тэкста, абзаца, слова — а на ўзроўні літары. Карэктарам гэтай кнігі была Віка Трэнас. Яна тут».
17:06 15.5.2013
У кнігарню Логвінаў зьбіраюцца ўдзельнікі прэзэнтацыі і героі кнігі Аляксандра Л. "Зкімбы-зымбы". Прыйшлі Ўладзімер Някляеў, Пятро Садоўскі, Уладзімер Арлоў, Алег Трусаў, Анатоль Вярцінскі, Валянцін Акудовіч. Невялікае памяшканьне кнігарні ўжо запоўненае людзьмі. Кнігу можна атрымаць бясплатна. Карыстаючыся апошнімі хвілінамі перад пачаткам імпрэзы, аўтар дае аўтографы.

17:04 15.5.2013
У вечарыне ўдзельнічаюць Валянцін Акудовіч, Уладзімер Арлоў, Аляксандар Лукашук, Генадзь Мацур, Уладзімер Някляеў, Пятро Садоўскі, Барыс Пятровіч.
Аляксандар Лукашук пра сваю новую кнігу: «„Зкімбы-зымбы“ — у перакладзе з адной паважанай мовы гэта фактычна азначае — чаму б не напісаць пра сяброў. Бо што насамрэч чакаць радасную ці сумную нагоду, да таго ж невядома, каму пісаць першым. Прынцып такі — зкімбы хацеў бы апынуцца на высьпе ці ў турме, ці ў Парыжы. І вось аказалася, што зь некаторымі па ўсіх гэтых адрасах зымбы (у перакладзе як дома). Іншымі словамі заўчасныя ўспаміны пра людзей, зь якімі я сустракаўся, спрачаўся, якія мелі ўплыў. Ад Янкі Брыла да Мілтана Фрыдмана, ад Уладзі Арлова да Вацлава Гаўла.

Аляксандар Лукашук
Аляксандар Лукашук


Першая частка кнігі — асабістае, літаратурны сямейна-гістарычны кантэкст. Другая — постаці. Гэта люстрацыі наадварот, постаці сяброў, людзей, якіх я лічу важнымі для сябе. І трэцяя частка прысьвечана Васілю Быкаву, вялікаму сябру беларускай службы Радыё Свабода, нашаму слухачу і нашаму аўтару. Там перапіска. інтэрвію, успаміны, а таксама адзін малюнак Быкава, на якім намаляваны я сам».


Сярод герояў новай кнігі Аляксандра Лукашука:
  • Янка Брыль, чалавек дажджу
  • Арсені Таркоўскі, чалавек адлюстраваньня
  • Уладзімер Конан, чалавек палёту
  • Алесь Адамовіч, чалавек дзеяньня
  • Аркадзь Рудэрман, чалавек тэатра
  • Віталь Скалабан, чалавек-амфібія
  • Уладзімер Кармілкін, чалавек хронікі
  • Вера Рыч, чалавек танца
  • Іосіф Бродзкі, чалавек імпэрыі
  • Валянцін Тарас, чалавек выдыху
  • Паўлюк Урбан, чалавек рукапісу
  • Віталь Тарас, чалавек удыху
  • Уладзімер Каткоўскі, чалавек. org
  • Сяргей Цімохаў, чалавек джазу
  • Роберт Конквест, чалавек травы
  • Эдвард Тэлер, чалавек бомбы
  • Мілтан Фрыдман, чалавек гігіены
  • Вацлаў Гавэл, чалавек свабоды


Слухачы Радыё Свабода і наведнікі сайту могуць атрымаць кнігу з подпісам аўтара ў падарунак — прысылайце заяўку на адрас паштовая скрынка 111 Менск 5, індэкс 220005 электронны адрас — svaboda@rferl.org

Дырэктар беларускай Свабоды Аляксандар Лукашук — аўтар кнігаў «Сьлед матылька. Освальд у Менску», «Прыгода АРА ў Беларусі», «У фіялетавай ночы вугал крыла», «За кіпучай чэкісцкай работай», «Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста», «Зьдзек». Ляўрэат прэміі беларускага ПЭН-цэнтру імя Францішка Багушэвіча і літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес».
16:53 15.5.2013
Свабода будзе весьці жывую відэатрансьляцыю з прэзэнтацыі. Пачынаем неўзабаве.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG