Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навальны: Я ня буду чакаць расправы

абноўлена

У Расеі працягваецца суд над расейскім апазыцыянэрам і блогерам Аляксеем Навальным. Яго абвінавачваюць у арганізацыі крадзяжу прадукцыі кампаніі «Кировлес» на суму 16 мільёнаў расейскіх рублёў. Яму пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Ленінскі раённы суд Кірава будзе разглядаць справу, як мінімум, да канца траўня.

Па рашэньні судзьдзі Сяргея Блінова, у гэтыя дні ў судзе будуць заслуханыя прыкладна па дзесяць сьведак штодня. У траўні суд прыступіць да вывучэньня пісьмовых доказаў па справе. Затым будуць дапытаныя абвінавачаныя.

Паводле вэрсіі сьледзтва, падчас працы дарадцам губэрнатара Кіраўскай вобласьці, у траўні-верасьні 2009 году Навальны, уступіўшы ў змову з дырэктарам «Вяцкай лясной кампаніі» Пятром Афіцэравым і гендырэктарам «Кировлеса» Вячаславам Апалевым, арганізаваў крадзеж больш за 10 тысяч кубамэтраў лесу. У судзе Аляксей Навальны адхіліў абвінавачаньні і заявіў аб палітычнай матываванасьці судовага працэсу.

«Вы хочаце, каб я тут абмяркоўваў драўніну? Каб я рабіў выгляд, што не прысутнічаю на палітычным працэсе? — адрэагаваў Навальны. — Калі нехта спадзяецца, што я буду маўчаць і чакаць расправы, то гэтага ня здарыцца. Я буду дзейнічаць, натуральна, з улікам закону, але буду казаць тое, што лічу патрэбным».

«Суд не зьяўляецца незалежным», так лічыць адвакатка Навальнага Вольга Міхайлава, якая, абгрунтоўваючы патрабаваньне аб адводзе судзьдзі, заявіла, што суд стаў на бок абвінавачаньня і па сутнасьці, выступае адвакатам боку абвінавачаньня,

Міхайлава таксама выказала заклапочанасьць імкненьнем суду разгледзець справу ў кароткія тэрміны.

Яшчэ перад пачаткам пасяджэньня ля будынку Ленінскага суду Кірава былі ўзмоцненыя меры бясьпекі. Каля суду прайшоў пікет прыхільнікаў Навальнага.

На другое пасяджэньне па справе «Кировлеса» у Кіраў прыехала прыкметна менш сталічных журналістаў і прыхільнікаў Навальнага, чым тыднем раней. Калі 17 красавіка ў залі не зьмясьцілася большасьць журналістаў, то ў гэтую сераду ўнутр будынка змаглі прайсьці ўсе — тым больш, што Ленінскі суд арганізаваў відэатрансьляцыю ў асобнай залі, якая зьмясьціла дадаткова каля сарака жадаючых сачыць за працэсам.

Сам Навальны раней меркаваў, што адна з мэтаў улады — паступова зьнізіць грамадзкую цікавасьць да працэсу.

Навальны і яго адвакаты дамагаліся таксама разгляду справы ў Басманным судзе ў Маскве, але гэта хадайніцтва таксама не было задаволена.

Многія назіральнікі параўноўваюць гэты працэс з судом над Хадаркоўскім. Сам Хадаркоўскі ўжо выказаўся пра суд над Навальным. У сераду газэта «Ведамасьці» апублікавала артыкул былога кіраўніка кампаніі «ЮКАС» Міхаіла Хадаркоўскага, у якім той піша аб будучых «жахлівых палітычных працэсах», заклікаючы згуртавацца ўсіх прыстойных людзей.

«Расея стаіць на парозе некалькіх гучных крымінальных працэсаў зь відавочна палітычнай падаплёкай», — напісаў Хадаркоўскі ў артыкуле ў «Ведамасьцях».

Ён тлумачыць, што мае на ўвазе перш за ўсё справу Аляксея Навальнага і працэс супраць вязьняў Балотнай плошчы.

На яго думку, з дапамогай гэтых працэсаў улада хоча запалохаць і дэмаралізаваць апанэнтаў і палітычна актыўных выбарцаў.

Працэс працягнуўся 25 траўня. Трансьляцыя з судовай залі тут:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG