Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве зьнялі старшыню гарвыканкаму


Былы старшыня гарвыканкаму Станіслаў Барадаўка
Былы старшыня гарвыканкаму Станіслаў Барадаўка

Афіцыйна Станіслаў Барадаўка сышоў па ўласным жаданьні. Аднак БТ праводзіла яго разгромным рэпартажам.

«Магілёў страціў ключавую ролю ў эканоміцы рэгіёну, а ягоны бюджэт упершыню ў гісторыі стаў датацыйным».

Пра гэта заявіў 16 красавіка на сэсіі гарсавету старшыня аблвыканкаму Пётар Руднік, прадстаўляючы новага кіраўніка выканаўчай улады гораду Ўладзімера Цумарава.

Ранейшы старшыня гарвыканкаму Станіслаў Барадаўка, паводле афіцыйнай інфармацыі, сам папрасіўся з пасады. Старшыняваў ён у гарвыканкаме ад сьнежня 2009 году.

У рэгіянальным выпуску навінаў на канале «Беларусь-1» заявілі, што зьмена кіраўніцтва ў гарвыканкаме насьпела даўно. У віну Барадаўку ставіліся праблемы ў прамысловасьці, камунальнай галіне, выкананьні жыльлёвай праграмы.

«Як індыкатар дзейнасьці — павелічэньне скаргаў ад гараджан і разьбітыя дарогі ў горадзе», — паведаміў тэлеканал.

Пётар Руднік заявіў: «Горад страціў ключавую ролю ў эканоміцы ўсёй магілёўскай вобласьці. Рэальны сэктар эканомікі, калі даваць прынцыповую ацэнку, нездавальняючы і як вынік бюджэт гораду стаў датацыйным — гэта практычна ўпершыню за ўсю гісторыю».

На сэсіі гарсавету Станіслаў Барадаўка выглядаў стомлена. Ён заявіў, што да сваіх абавязкаў ён абыякава ня ставіўся, але ў яго ня ўсё атрымалася. Былы кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёну Магілёва Ўладзімер Цумараў заявіў, што ягоная галоўная задача на новай пасадзе — выправіць сытуацыю ў горадзе.

Старшыня абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў, кажа, што Станіслаў Барадаўка не ўпісаўся ў цяперашнюю сыстэму ўлады і яго зрабілі вінаватым ва ўсім:

«Старшыня гарвыканкаму павінен залежаць ад насельніцтва, бо ад яго дзейнасьці залежыць жыцьцё гараджан. А паводле цяперашніх законаў старшыня гарвыканкаму залежыць толькі ад прэзыдэнта. У нас усё перавернута дагары нагамі. Каб працаваць у гэтай сыстэме, трэба быць чалавекам гэтай сыстэмы. Вось Цумараў — чалавек сыстэмы. Ён працуе даўно. На пасадзе старшыні гарвыканкаму трэба ўмець бадзёра дакладваць, шмат на што заплюшчваць вочы. Цумараў будзе рапартаваць, ён ведае, што гаварыць і як гаварыць. Ведае на каго віну зваліць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG