Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бібліятэка Радзівілаў вернецца ў Нясьвіж. На месяц


Нясьвіскі палац
Нясьвіскі палац

Рэдкія выданьні княскай бібліятэкі Радзівілаў вернуцца ў сьцены былой рэзыдэнцыі беларускіх магнатаў.

Гэта адбудзецца ў рамках выставы «Кніжная спадчына Радзівілаў», якая адкрыецца 12 красавіка ў Нясьвіскім палацава-паркавым ансамблі.

Пра гэта БЕЛТА паведаміў загадчык аддзелу рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандар Стэфановіч.

Усяго ў экспазыцыі будзе прадстаўлена 90 выданьняў па гісторыі, тэалёгіі, праве, філязофіі, творы мастацкай літаратуры, пэрыёдыка. Гэта цікавыя экзэмпляры з збору Радзівілаў Нясьвіскай ардынацыі, якія захоўваюцца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН, Прэзыдэнцкай бібліятэкі.

У апошняй захоўваецца больш за сто кніг зь бібліятэкі Радзівілаў, у Нацыянальнай бібліятэцы — каля 500 выданьняў, у бібліятэцы Акадэміі навук — амаль 3,5 тысячы, сказаў Аляксандр Стэфановіч.

Сярод экспанатаў будуць выданьні пра сам магнацкі род, такія як «Галерэя партрэтаў Радзівілаў» (1857) Эдварда Катлубая, і творы, аўтарамі якіх зьяўляюцца самі прадстаўнікі Радзівілаў, напрыклад «Пэрэгрынацыя …» (1628) Мікалая Радзівіла Сіроткі.

Сёньня ж адбудзецца прэзэнтацыя каталёга «Бібліятэка Радзівілаў Нясьвіскай ардынацыі XVII ст.». Выданьне працягвае заснаваную ў 2010 годзе сэрыю каталёгаў, якія адлюстроўваюць склад некалі найбуйнейшай прыватнаўласьніцкай бібліятэкі Нясьвіскай ардынацыі князёў Радзівілаў XV — першай паловы XX стагоддзя.

Гісторыя фармаваньня Нясьвіскай бібліятэкі ідзе каранямі ў XVI стагодзьдзе. Цяпер яе часткі знаходзяцца ў бібліятэках Расеі, Фінляндыі, Польшчы, Літвы й Беларусі. З 2009 году архівы Радзівілаў і Нясьвіскай калекцыі кніг уключаны ў рэгістар ЮНЭСКА «Памяць сьвету».

Выстава ў Нясьвіжы будзе доўжыцца месяц.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG