Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Букстэр: усё, што вы хацелі сказаць пра белліт


Сацыяльная сетка для аматараў беларускай літаратуры зьявілася ў інтэрнэце.

Стваральнікі вэб-старонкі з правакацыйнай і моднай назвай Bookster.by — сямейная пара: Аляксандра Дорская і Арцём Канцавы.

Сетка мае аб’яднаць чытачоў белліту ў інтэрнэце. Зарэгістраваўшыся, можна будзе паведаміць і пра кнігу, якая вам спадабалася, і пра тую, якую вы чытаць ніяк ня раіце. На вэб-старонцы можна выстаўляць кнігам адзнакі, складаць рэйтынгі, камунікаваць з сваімі сябрамі і знаёміцца з крытычнымі аглядамі. Карацей — зрабіцца букстэрам.

«Год таму была прэзэнтацыя „Шабаноў“ Альгерда Бахарэвіча. Заля была забітая людзьмі, моладзьдзю. Бо Бахарэвіча любяць, і моладзь сочыць за тым, што ён піша. А пасьля — маўчаньне, — апавядае Аляксандра Дорская. Яна кажа, што за гэты год нават не пабачыла ніводнай рэцэнзіі на гэтую кнігу. — А вось тут самыя звычайныя людзі, якія яе прачыталі, змогуць пакінуць свой водгук».

Аляксандра Дорская
Аляксандра Дорская
Аляксандры і Арцёму па 28 гадоў. Саша — журналістка, піша, як гэта называецца, «пра культуру». Арцём — мэнэджэр у ай-ці. Іхнае сямейнае жыцьцё дало незвычайны плён — на Bookster.by яны хочуць сабраць тых, хто чытае беларускую літаратуру.

«Ёсьць сайты пра беларускае кіно, ёсьць музычныя парталы, — кажа Саша. — А вось асобнага сайту пра кнігі ці кніжнай сацыяльнай сеткі дагэтуль у беларускім інтэрнэце не існавала». Паводле яе слоў, раней беларускія аматары чытаньня рэгістраваліся ў суседзяў. «Мы падумалі, што варта нам зрабіць свой такі сайт».

Назва «букстэр», гэтак падобная да «хіпстэр», кажа Саша, дасталася ад іншага праекту. У яго стваральнікаў была падобная ідэя, якая не дайшла да фіналу. І назву ім проста «перадарылі».

Аляксандра лічыць, што назва добрая, гучная і запамінальная. Сапраўды, пра хіпстэраў — маладых гараджан, не абцяжараных матэрыяльнымі праблемамі і памяшаных на культуры, цяпер ня ведае толькі лянівы.

Арцём Канцавы
Арцём Канцавы
Саміх тэкстаў тут няма. Ёсьць вокладка, невялічкае апісаньне. А што рабіць з кнігай далей — справа букстэраў. Свае ўласныя стасункі з тэкстам можна вызначыць, націснуўшы на кнопкі: «хочуць прачытаць», «не чыталі, але асуджаюць», і «ня здолелі дачытаць». Можна выставіць кнізе адзнаку, не саромеючыся таго, што побач стаіць адзнака крытыкаў. Можна апавесьці ўсё, што ты думаеш, пра тэкст і аўтара. Урэшце — можна дадаць для іншых букстэраў кнігу, якую ты любіш ці ненавідзіш.

Але ў «Букстэра» ёсьць і іншая глябальная мэта. «Няма такога, каб беларускія крытыкі асэнсоўвалі беларускі літаратурны працэс увогуле ці рэкамэндавалі чытачу нейкія замежныя кнігі, якія варта чытаць», — аналізуе Аляксандра.

Яна спадзяецца, што ў іхнай сацыяльнай сетцы будуць зьяўляцца прафэсійныя крытычныя артыкулы, і самі літкрытыкі стануць рэкамэндаваць вартыя кнігі чытачам. Цяпер для сайту ўжо пішуць Павал Абрамовіч, Ціхан Чарнякевіч, Жанна Капуста і Тацьцяна Заміроўская. Пішуць, як кажа Саша, выключна за «добрае слова».

Аднак камэрцыйнай будучыні для сайту Аляксандра пакуль ня бачыць, а ці надоўга хопіць энтузіязму маладых людзей, прадказаць ніхто не бярэцца. Літаратурны крытык Павал Абрамовіч лічыць, што для таго, каб белліт зьявіўся ў інтэрнэце, высілкаў аднаго-двух людзей недастаткова:

«З выхадам беларускай літаратуры ў інтэрнэт усё адбываецца вельмі марудна. Гэтая справа павінна падтрымлівацца дзяржавай, мусіць мець фундатараў з боку прыватных асоб, кнігавыдаўцы таксама павінныя быць зацікаўленыя ў гэтым. Я як літаратурны крытык цяпер амаль ня маю магчымасьці паглядзець той ці іншы патрэбны мне тэкст у інтэрнэце. Нават з корпусу клясычнай беларускай літаратуры».

Павал Касьцюкевіч
Павал Касьцюкевіч
Арт-дырэктар кнігарні «Логвінаў» Павал Касьцюкевіч з сваім цёзкам ня згодны. Ён прыводзіць такія прыклады: Вольга Гапеева зрабіла буктрэйлер для сваёй новай кнігі. Ёсьць праект «Чорна-белыя вершы», дзе паэты чытаюць свае творы на відэа, рамана Юліі Шаровай «Дон Джаваньні» і Віктара Марціновіча «Сьцюдзёны вырай» выйшлі толькі ў інтэрнэце. Па меркаваньні Паўла Касьцюкевіча, гэтага ўжо дастаткова, каб казаць, што зь беларускай літаратурай у інтэрнэце ўсё добра.

А букстэры ўзвалілі на сябе ношу не па гадах: на сайце ёсьць цэлы раздзел, прысьвечаны беларускім выдавецтвам. Фактычна маладыя людзі з энтузіязмам узяліся рэклямаваць іх працу онлайн. Чаму ж толькі лічаныя беларускія выдаўцы маюць свае сайты ў інтэрнэце, тлумачыць Павал Касьцюкевіч:

«Гэта толькі так гучыць — беларускае выдавецтва. Як правіла, у такім выдавецтве працуюць ад 1 да 10 чалавек. Гэта, канечне, не пра некаторыя дзяржаўныя выдавецтвы, якія проста не зацікаўленыя ў тым, каб кніга перайшла межы асобных кнігарняў ці выйшла за межы нашай краіны. А незалежным выдавецтвам не заўсёды хапае сілаў яшчэ і на прамоцыю ў інтэрнэце».

Але ў белсеціве ёсьць як мінімум два прыклады ўжо трывалых валянтэрскіх праектаў пра літаратуру. Гэта часопіс «Макулатура» і часопіс перакладной літаратуры «Прайдзісьвет». Распачаўшыся колькі гадоў таму на энтузіязьме сваіх стваральнікаў, гэтыя ідэі змаглі выжыць у сеціве і толькі набіраюць вагі.

«Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце» — такую амбітную мэту ставіць перад сабою bookster.by. Пачынаць можна ўжо цяпер.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG