Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 25 сакавіка: 95-я ўгодкі абвяшчэньня незалежнасьці БНР, Дабравешчаньне Найсьвяцейшай Багародзіцы ў каталікоў і ўніятаў


Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.


ПАДЗЕІ ДНЯ

У Вільні сьвяточныя мерапрыемствы пад назвай «Беларускі тыдзень» з нагоды 95-х угодкаў БНР пачнуцца ўскладаньнем кветак на віленскіх могілках Росы да магілаў падпісантаў Акту Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 году. Тыдзень працягнецца да 31 сакавіка.

У Менску адбудзецца ўскладаньне кветак да помнікаў Янку Купалу, Якубу Коласу і Максіму Багдановічу (11.00), а пасьля пройдзе справаздачная канфэрэнцыя ў офісе партыі БНФ у 15.00.

У рымска-каталіцкіх і грэка-каталіцкіх храмах і капліцах Беларусі пройдуць урачыстыя набажэнствы з нагоды Дабравешчаньня Найсьвяцейшай Багародзіцы.

У Вярхоўным судзе Беларусі мае быць абвешчаны прысуд былому намесьніку міністра ўнутраных спраў Беларусі Яўгену Полудню.

У Нацыянальным прэс-цэнтры ў Менску адбудзецца прэс-канфэрэнцыя, прысьвечаная Сусьветнаму дню тэатра (27 сакавіка).
Пачатак а 15.00.

У Грамадзкім прэс-цэнтры Дома прэсы ў Менску адбудзецца прэс-канфэрэнцыя арганізацыйнага камітэту па падрыхтоўцы і правядзеньню сьвята «Купальле». Мова пойдзе пра правядзеньне конкурсу на лепшы сувэнір — сымбаль «Купальля». Пачатак а 11.00.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1905 — нарадзіўся Аляксандар Вечар, беларускі біяхімік, акадэмік, які ўдзельнічаў у стварэньні першага ў СССР заводу вытворчасьці каратыну з морквы.

Першая Ўстаўная грамата БНР
Першая Ўстаўная грамата БНР


1918 — Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла Трэцюю Ўстаўную грамату, у якой абвясьціла пра стварэньне свабоднай і незалежнай БНР і аддзяленьне Беларусі ад Расеі. З тых часоў і да сёньня 25 сакавіка — найважнейшае нацыянальнае сьвята сьвядомых беларусаў ва ўсім сьвеце.


У гэты дзень праводзяцца ўрачыстыя набажэнствы і акадэміі, а ў Менску ды іншых гарадах Беларусі людзі выходзяць на сьвяточныя дэманстрацыі і мітынгі.


1939 — нарадзілася Сьвятлана Данілюк, беларуская опэрная сьпявачка.


1969 — створаны вакальна-інструмэнтальны ансамбаль «Песьняры» пад кіраўніцтвам Уладзімера Мулявіна.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

«Год таму назад народы Беларусі разам з народамі Расеі скінулі ярмо расейскага царызму‚ які найцяжэй прыціснуў быў Беларусь; не пытаючыся народу‚ ён кінуў наш край у пажар вайны‚ якая чыста зруйнавала гарады і вёскі беларускія.

Цяпер мы‚ Рада Беларускай Народнай Рэспублікі скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці‚ якое гвалтам накінулі расейскія цары на наш вольны і незалежны край.

Ад гэтага часу Беларуская Народнай Рэспубліка абвяшчаецца незалежнаю вольнаю дзяржавай. Самі народы Беларусі ў асобе Ўстаноўчага Сойму пастановяць аб будучых дзяржаўных зьвязях Беларусі.

На моцы гэтага трацяць сілу ўсе старыя дзяржаўныя зьвязі‚ якія далі магчымасьць чужому ўраду падпісаць і за Беларусь трактат у Берасьці‚ што забівае насьмерць беларускі народ‚ дзелячы зямлю яго на часткі...

Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі‚ дзе жыве і мае лічбенную перавагу беларускі народ‚ а ласьне: Магілеўшчыну‚ беларускія часьці Меншчыны‚ Гарадненшчыны (з Горадняй‚ Беластокам і інш.)‚ Віленшчыны‚ Віцебшчыны‚ Смаленчшыны і сумежных часьцяў суседніх губэрняў‚ заселеных беларусамі...»


З Трэцяй Устаўной Граматы Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG