Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўрапарлямэнце пагавораць пра мадэрнізацыю Беларусі


Будынак Эўрапарлямэнту
Будынак Эўрапарлямэнту

9 красавіка ў Эўрапейскім парлямэнце пройдзе канфэрэнцыя пра Дыялёг дзеля мадэрнізацыі беларускага грамадзтва.

Канфэрэнцыя арганізаваная паводле ініцыятывы дэпутата Эўрапарлямэнту з Польшчы Філіпа Качмарка.

Дыялёг дзеля мадэрнізацыі Беларусі быў ініцыяваны год таму эўракамісарам Штэфанам Фюле, ён стаўся плятформай для абмену думкамі паміж экспэртамі з Эўразьвязу і прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасьці і апазыцыі.

«Эўрапейскі Дыялёг павінен служыць перадусім яснаму бачаньню рэформ дзеля сучаснай і дэмакратычнай Беларусі, а таксама вызначэньню, як Эўрапейская палітыка суседзтва можа спрычыніцца да паляпшэньня адносін ЭЗ зь Беларусьсю», — зазначае бюро дэпутата Эўрапарлямэнту Качмарка.

Тым часам сёньня ў менскім прадстаўніцтве Эўрапейскай камісіі адбылася агульная нарада ўдзельнікаў працоўных групаў «Эўрапейскага дыялёгу па мадэрнізацыі зь Беларусьсю».

Як адзначыў на гэтай нарадзе Андрэй Ягораў, каардынатар адной з працоўных групаў, адным з прынцыповых пытаньняў, якія стаяць перад працягам праграмы на наступным этапе, зьяўляецца праблема прыцягненьня да дыялёгу прадстаўнікоў дзяржаўных органаў.

Прадстаўнік БНФ Рыгор Кастусёў назваў дыялёг аб мадэрнізацыі важным інструмэнтам дзеля дэмакратызацыі краіны, аднак, на яго думку, на гэты момант магчымасьці гэтага інструмэнту не рэалізаваныя з-за нязгоды ўраду Беларусі весьці дыялёг з грамадзянскай супольнасьцю па пытаньні рэфармаваньня краіны:

«Беларускае грамадзтва аб магчымасьцях праграмы так і не даведалася. А гэта, на маю думку, і зьяўляецца адной з прычынаў, а магчыма, і галоўнай, што беларускі ўрад ніякім чынам не адрэагаваў на праграму „Эўрапейскі дыялёг па мадэрнізацыі з Беларусьсю“. Лічу, што праз галоснасьць, праз давядзеньне інфармацыі да беларускага грамадзтва можна паўплываць на стаўленьне ўладаў да праграмы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG