Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сыстэма як стары абутак – ня носяць, але і не выкідаюць


Агляд блогаў, камэнтароў, сацыяльных сетак і ўсяго на сьвеце пра ўсё на сьвеце.

Напярэдадні Вялікага сьнегападу на сайце маларыцкай раёнкі «Голас часу» выйшла справаздача са сходу ў калгасе «Арэхава» пад назвай «Строгі экзамэн для арэхаўцаў». Галоўная прэтэнзія кіраўніка гаспадаркі Мікалая Парэцкага да работнікаў:

– Пасіўнасьць і адсутнасьць ініцыятывы, няўменьне працаваць на апярэджаньне нэгатыву, безгаспадарчасьць.

Дапамагчы небаракам разабрацца ў жыцьці было закліканае начальства з Раёна:

– На сходзе прысутнічалі старшыня райвыканкаму Казімір Лапіч і начальнік райсельгасхарчу Валянцін Зайчук. Было зусім чакаемым тое, што размова раённых кіраўнікоў будзе глыбокай і грунтоўнай. Здавалася, што кожны, хто пакідаў залю, нёс з сабою масу нагод для ўдумлівага асэнсаваньня.

***

«То бок, усё так па-сур'ёзнаму», – думаў я ўвечары 15 сакавіка, калі дапамагаў выбрацца з глыбокага сумёту кабеце сталага веку ў раёне Другога веласіпеднага завулку ў Менску. Крык пра дапамогу я пачуў толькі калі наблізіўся да цёмнай плямы пасярод белай каламуці. Пляма вымалявалася ў абрыс кабеты ў футры.

Відаць, як і многія, мая выпадковая спадарожніца падумала, што «штармавое папярэджаньне» – гэта як звычайна: падзьмула, паламала старыя дрэвы і лініі электраперадач, на тым і канец. Мы ўсьміхнуліся адно аднаму, і кожны рушыў у свой бок сьнежнай цемры.

Пасьля ўжо бачыў, як да людзей на прыпынках пад'яжджалі на машынах выпадковыя кіроўцы з прапановай падвезьці, і чытаў у сеціве шквал інфармацыі, дзе найбольш краналі паведамленьні пра маштабную ўзаемадапамогу людзей.

Нагода для ўдумлівага асэнсаваньня сталася глыбокай і грунтоўнай. Ня толькі мне падумалася пра «пасіўнасьць і адсутнасьць ініцыятывы, няўменьне працаваць на апярэджаньне нэгатыву, безгаспадарчасьць» нашага раённага, дакладней, рэспубліканскага начальства.

– А дзе войскі? – Пытаньне гучала на розных пляцоўках у сеціве ў першыя гадзіны, калі стала зразумела, што гэта прыйшоў сапраўдны шторм.

У адрозненьне ад калгасу «Арэхава», у адказных начальнікаў РБ не было кіарўніцтва «з Раёну» – галоўнакамандуючы зьехаў за мяжу. Тым ня менш, хай пазьней, але вайскоўцы пачалі актыўна дапамагаць грамадзянам.

Атмасфэра вечара-ночы 15 сакавіка чымсьці нагадвала ноч пасьля Плошчы 2010 году. Мноства незнаёмых міжсобку людзей імкнуліся дапамагчы: сьпярша інфармацыяй, пасьля зборам дапамогі ці падвозам-развозам людзей.

Адной з прынцыповых фразаў вечара 15 сакавіка грамадзкасьць адарыў прадстаўнік Унутраных войскаў, апэратыўны дзяжурны афіцэр, які тлумачыў, чаму ў адрозьненьне ад Арміі, Унутраныя войскі не бяруць удзел у ратаваньні людзей:

– У нас іншая задача – ахоўваць правапарадак. Калі заўтра паступіць задача, будзем дапамагаць.

Фразу апублікавалі прыблізна ў той час, калі па ўсім байнэце гучалі крыкі пра дапамогу дзецям, якія замярзаюць у халодных аўтобусах, у сьнегавой пастцы.

У вядомых у Беларусі і па-за межамі спэцыялістаў па разгоне мірных дэманстарцый было прафэсійнае сьвята, і адпаведныя сьвяточныя мерапрыемствы.

«Унутраныя войскі пілі, пакуль людзі замярзалі на трасе», «Людзі замярзалі ў сьнежных заносах, а унутраныя войскі сьвяткавалі свой юбілей», «Дармаеды: Унутраныя войскі ў ліквідацыі наступстваў сьнегападу ня ўдзельнічалі», вось некаторыя загалоўкі матэрыялаў, дзе камэнтуецца заява.

– Я радая сьнегу, хоць штосьці адбылося ў гэтым балоце, – піша наведніца форумаў ТУТ.

– Няма Лукашэнкі, і сыстэма па-просту буксуе, яна не заточаная пад гнуткасьць і мабільнасьць, – піша іншы форумец.

У падзеях сьнегападу пакуль людзі давалі сабе рады, сыстэма стаяла ў баку, як стары абутак, які ўжо ня носяць, але чамусьці не выкідаюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG