Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бомба ці ня бомба — высьвятлялі паўтара года


Сьледчы камітэт пачаў некалькі крымінальных спраў за спробу падарваць прыстасаваньне каля будынку «Польскага дому» ў Лідзе, які належыць «Саюзу палякаў на Беларусі».

Інцыдэнт адбыўся яшчэ ў ноч на 11 сьнежня 2011 года. Вартаўнік убачыў незвычайную ўспышку каля будынку і выклікаў міліцыю. На месцы здарэньня знойдзены парашок. Праз год экспэртызай устаноўлена, што гэта было выбуховае рэчыва. Асобы, якія датычныя да інцыдэнту пакуль не выяўленыя. Сьледзтва прыпынялася, а потым працягвалася.

Афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту па Гарадзенскай вобласьці Сяргей Шэршэневіч распавёў карэспандэнту Свабоды, што пакуль не разглядаецца вэрсія аб тэракце.

«Гаворка не ідзе пра выбух. Там нічога не пацярпела, проста крыху абпаленыя дзьверы. Справа наогул пачыналася пра хуліганства і яна пакуль не раскрытая. Спытаць, чым матываваныя гэтыя дзеяньні пакуль няма ў каго, бо злачынства не раскрытае».

Паводле «Ежедневника», невядомыя скарысталі рэчыва «трыацэтонтрыпэраксід», які фігураваў у выбухоўцы, узараванай у менскім мэтро. Сяргей Шэршэневіч пракамэнтаваў гэта такім чынам:

«Праводзіць паралелі зь нейкімі справамі проста беспадстаўна. Я толькі магу сказаць, што знойдзенае рэчыва адносіцца да выбуховых».

Справа пачатая паводле артыкулаў за наўмыснае зьнішчэньне альбо пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным чынам, а таксама за незаконны выраб, збыт і захоўваньне выбуховых рэчываў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG