Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разьвітаньне з “Заўзятарам”


Віталь Цыганкоў

Сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што спорт, на жаль, цікавіць зусім невялікую частку аўдыторыі нашага радыё — прыблізна 7-10%. Спэцыфіка Свабоды такая, што слухачы найперш жадаюць чуць на нашых хвалях пра падзеі палітычнага ды грамадзкага жыцьця. Спартовую тэматыку некаторыя ўспрымаюць не зусім гарманічна поруч з палітычнымі навінамі.

Як бы там ні было, але ва ўмовах абмежаванага эфірнага часу было вырашана пакуль не рыхтаваць адмысловай спартовай праграмы. Аднак мы ня думаем забывацца на спорт. Кожная вартая спартовая ці каляспартовая падзея будзе асьвятляцца ў нашым эфіры.

Я паспрабую падвесьці вынікі, даць справаздачу па нашай праграме, якая больш за год, ад лістапада 1999-га, штонядзелю выходзіла ў эфір Свабоды. Мы не шукалі простага й лёгкага шляху — папросту паведамляць пра вынікі спаборніцтваў ці браць інтэрвію ў вядомых спартоўцаў.

Мы імкнуліся ісьці глыбей, праводзіць аналіз тэндэнцыяў у беларускім спорце, асьвятляць скандальныя падзеі, шукаць праўды ў канфліктных сытуацыях.

Аўтары "Заўзятара" — а за год існаваньня перадачы ў ёй творча ўдзельнічалі 5 журналістаў нашага радыё — заўсёды прагнулі як мага больш разнастаіць тэматыку нашай праграмы. Ня спорт дзеля спорту, а спорт як частка жыцьця.

Таму мы распавядалі пра дачыненьні са спортам беларускіх палітыкаў. Напэўна, толькі з нашай перадачы можна было даведацца, што Анатоль Лябедзька некалі рабіў гімнастычны пад’ём пераваротам 189 разоў; што Сямён Домаш займаўся ня толькі боксам, але яшчэ й каратэ ды атлетычнай гімнастыкай; што Мікола Статкевіч пад час галадоўкі ў турме рабіў адмысловыя практыкаваньні.

Відаць, толькі ў “Заўзятары” можна было пачуць развагі Алега Трусава пра тое, чаму спартоўцы не размаўляюць па-беларуску.

Менавіта мы распавядалі пра найпрыкметныя скандалы ў беларускім спорце — чаму на Алімпіяду ў Сыднэй не пусьцілі дзясяткі спартоўцаў, якія выканалі адпаведныя нарматывы; чаму ня плоцяць заробкаў хакеістам клюбу "Менск"; за што дыскваліфікавалі дыскабола Ўладзімера Дуброўшчыка; допінгавыя справы.

Толькі “Заўзятар” паведаміў пра матэрыяльныя ўмовы вяртаньня ў Беларусь галоўнага трэнэра Нацыянальнай футбольнай зборнай Эдуарда Малафеева.

Мы разглядалі праблемныя пытаньні — чаму Нацыянальны Алімпійскі камітэт ня мае сваёй Інтэрнэт-старонкі; чаму прызэрам Алімпіяды не даюць абяцаных кватэраў; чаму беларускія спартовыя трэнэры зьяжджаюць за мяжу. Разам з адмыслоўцамі ды спартовымі аглядальнікамі мы аналізавалі сытуацыю ў беларускім боксе, футболе, баскетболе, гандболе, шахматах, хакеі.

Беларуская спартовая прэса таксама асьвятляе гэтыя праблемы, і, безумоўна, шырэй за нас. Але ў сытуацыі, калі дзьве асноўныя беларускія спартовыя газэты варагуюць, кожная зь іх не жадае асьвятляць нейкіх тэмаў, кожная мае добразычліўцаў і ворагаў у структурах спартовага чынавенства. Адпаведна, абодва выданьні маюць пэўныя абмежаваньні на крытыку "сваіх" людзей. “Заўзятар” гэткіх абмежаваньняў ня меў.

Магчыма, найлепшым часам для “Заўзятара” была Сыднэйская Алімпіяда — столькі матэрыялу для інфармацыі ды аналізу. Першая беларуская алімпійская чэмпіёнка ў Сыднэі Кацярына Карстэн дала нам інтэрвію літаральна празь некалькі гадзінаў пасьля драматычнай гонкі, дзе яна здабыла золата.

Па заканчэньні Алімпіяды мы пільна назіралі за тым, як улады выконваць (а дакладней, не выконваюць) сваіх абяцанак прэміяваць спартоўцаў кватэрамі, а таксама распавядалі пра лёс няўдачнікаў Сыднэю.

Заўсёды прысутнічаў у “Заўзятары” й міжнародны спорт — пры гэтым мы імкнуліся знайсьці ў гэтай сфэры нешта забаўнае й малавядомае.

Таму, прызнаюся, мне трошкі шкада закрываць “Заўзятар”, але спадзяюся, мы не разьвітваемся назаўсёды са спартовай праграмай. Па-першае, гэтая тэма будзе й надалей асьвятляцца ў эфіры Свабоды. Па-другое, усё залежыць ад нашых слухачоў. Калі вы пажадаеце, каб спорту надавалася больш увагі на нашых хвалях, спартовая праграма можа аднавіць сваё існаваньне.


XS
SM
MD
LG