Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На матацыкле ў Кнігу рэкордаў Гінэса


Ганна Сурмач, Прага

Удзельнікі: Уладзімер Ярац (Беларусь), Вера Рамук (Чыкага)

Мянчук Уладзімер Ярац чатыры гады таму пакінуў Бацькаўшчыну, але зусім ня ў пошуках заробкаў ці лепшага жыцьця. Глуханямы чалавек, інвалід зь дзяцінства стаўся вандроўнікам і на матацыкле аб’ехаў больш паловы сьвету. Ягоная мэта цяпер – завяршыць сваё падарожжа вакол сьвету, каб трапіць у Кнігу рэкордаў Гінэса.

Ад беларусаў з Чыкага, спадарства Веры і Вітаўта Рамукоў, мы даведаліся, што Ўладзімер Ярац цяпер знаходзіцца ў амэрыканскім штаце Ілінойс, дзе праходзіць рэабілітацыю пасьля цяжкай аварыі. Мы зьвязаліся па тэлефоне са спн. Вераю Рамук. Спн. Вера паведаміла, што яны прачыталі пра лёс вандроўніка з Беларусі ў газэце “Чыкага трыб’юн”.

(Рамук: ) “Прачыталі ў газэце, быў цікавы артыкул, там ён быў прадстаўлены, як чалавек моцнай волі, як бык беларускі. Я казала, як зубр, але яны напісалі – бык. Распавядалася пра ягоныя падарожжы , дзе ён быў, тры фотаздымкі былі зьмешчаныя. Нам вельмі спадабаўся артыкул і мы вырашылі напісаць пра гэтага чалавека ў газэту "Беларус", гэта слаўны беларус. Мы перад Калядамі выслалі яму падарунак, на шпіталь паслалі, думаем, што ён цешыўся, калі атрымаў. Амэрыканскія газэты пісалі пра яго і раней, у іншых месцах, дзе ён быў. Пісалі пра тое, што на Кубе ён адседзеў тры месяцы ў турме таму, што яго падазравалі, што ён нейкі шпіён”.

Гэткае поўнае прыгодаў і выпрабаваньняў жыцьцё, мабыць, было наканавана Ўладзімеру самім лёсам. Ад самага раньняга дзяцінства яго захаплялі вандроўкі, паходы напачатку па родных ваколіцах.

Мы на радыё працуем толькі з гукам і ня можам размаўляць з самім Уладзімерам Ярцам. Пытаньні, якія хацелася задаць яму самому, мы задаем сёньня ягонаму старэйшаму сыну Ўладзімеру. Уладзімер паведаміў, што бацька страціў слых яшчэ немаўляткам, бо нарадзіўся перад самай вайною.

(Ярац: ) “Ён нарадзіўся нармальным дзіцём. Але ж хутка пачалася вайна, бо ён жа нарадзіўся 5 мая 1941 году, літаральна праз паўтара месяцы пачалася вайна. Калі прыйшлі немцы ў Беларусь, наша бабулька ўцякала з дзіцём і яно выпала з рук. Яно ўпала на дарозе і ўдарылася аб зямлю, ад гэтага страціла слых. Калі чалавек не чуе, у яго не разьвіваецца і мова, ён траціць і мову. Ён мог бы гаварыць, мы спрабавалі яго навучыць некалькім словам, ён можа сказаць, але з цяжкасьцю”.

Хлопчык быў пазбаўлены магчымасьці паўнацэнна кантактаваць з іншымі дзецьмі і ў сваёй самоце і маўклівасьці знайшоў выйсьце здабываць інфармацыю пра шырокі сьвет уласнымі сіламі.

(Ярац: ) “Яму не хапала ўражаньняў, хацелася нечага новага – людзей, гарадоў, дарогаў. Гэта было яму патрэбна для ягонага ўнутранага сьвету. З 20 гадоў ён езьдзіў на мапэдзе па Беларусі, а потым усё далей і далей”.

Першага свайго “жалезнага каня” – мапэд “Ява-50” – Уладзімер купіў у сярэдзіне 60-х на заробленыя ім грошы пасьля таго, як некалькі гадоў адпрацаваў на заводзе сьлесарам–інструмэнтальшчыкам. Ён скончыў ПТВ пры Мінскім аўтазаводзе. У 1974 годзе набыў матацыкл “Ява-350” чэскай вытворчасьці.

На гэтых машынах з 1966 па 1982 год Уладзімер Ярац адолеў 11 падарожжаў па тэрыторыі Савецкага Саюза, да Магадана, праехаў больш за 400 тыс. кілямэтраў за 600 дзён. Далей было падарожжа па Ўсходняй Эўропе: Польшча, Чэхія, Славаччына, Румынія, Баўгарыя. Вярнуўшыся дамоў, пачаў рыхтавацца да ажыцьцяўленьня сваёй галоўнай мары – кругасьветнага падарожжа на матацыкле. Вясною 2000 году ён атрымаў у Менску шэнгенскую візу і разьвітаўся з роднымі.

(Ярац: ) “Чатыры гады яго ўжо няма дома. Ён паехаў у Эўропу, потым у Англію, потым вярнуўся ў Гішпанію і адтуль накіраваўся ў Афрыку. Пераплыў Гібральтар, ехаў па Афрыцы і ў Заходняй Сахары папаў у аварыю, яго моцным ветрам зьнесла на ўзбочыну, і ён зламаў рабрыну. Потым трапіў на Канары адпачыць, быў там тры месяцы. І потым уладкаваўся на нейкі параплаў і праз Атлянтыку з Канараў даехаў да Паўдзённай Амэрыкі, у Вэнэсуэлу. Потым была Калюмбія і так далей, даехаў да ЗША. Аб'ехаў палову Злучаных Штатаў і дабраўся да Аляскі, аб'ехаў Аляску і вяртаўся назад. У Ілінойсе ён трапіў у аварыю, трэйлер яго зачапіў і поўнасьцю паламаў ягонага жалезнага сябру – матацыкл "Яву". Паўгоду ён праляжаў у прыватным шпіталі ў горадзе Піярыя. Зараз ужо пачаў хадзіць, устаў з інваліднай каляскі”.

Уладзімер, як вы кантактуеце з бацькам?

(Ярац: ) “Па электроннай пошце. Лістамі абменьваемся. Піша зараз лісты такія. Чатыры гады таму ён толькі простымі словамі выкладаў свае думкі, а цяпер у яго зьявіўся свой стыль. Мне здаецца, прыкладна як у Эрнэста Хемінгуэя, у такой манэры піша пра свае вандроўкі. Я проста захапляюся. Ён пасылкі сюды шле, раз у месяц, у два месяцы ад яго атрымліваем ліст ці пасылку. Вельмі шмат фотаздымкаў атрымліваем. Ён добры фатограф, гэта ягонае хобі, прыслаў таксама відэа-касэту”.

На якіх мовах чытае Ваш бацька?

(Ярац: ) “Па-беларуску чытае. Вельмі ўжо добра ангельскую ведае, можа чытаць, міміку ведае, разумелі яго ўсюды”.

Як вашая маці, спн. Паліна, наколькі цяжка ёй было прывыкнуць да бацькавых падарожжаў? Дарэчы, як яны пазнаёміліся?

(Ярац: ) “Звыкла. Маці ён знайшоў на Браншчыне, маці ў нас расейка. Ён сустрэў, калі займаўся спортам, ён такі добры спартовец, быў штангістам і тады быў на спаборніцтвах па штанзе. Знайшоў яе недзе ў клюбе і адразу сказаў: "Ты будзеш маёй жонкаю". І яна адразу паехала зь ім у пошуках свайго жаночага шчасьця. Яна адразу навучылася яго мове, міміцы. Маці нармальна – гаворыць і слухае. Дапамагалі потым усе. У 1976 годзе з Браншчыны пераехала да нас бабуля, потым родныя ўсе прыехалі ў Беларусь. У Менску ў адной хаце ўсе жылі, ў аднапакаёўцы, 7 чалавек”.

Колькі дзяцей у Вашых бацькоў?

(Ярац: ) “Я і малодшы брат Юра. У 1969 годзе бацька паехаў у далёкую вандроўку, а маці была цяжарная. Калі я нарадзіўся ў верасьні 1969 году, ён яшчэ быў у вандроўцы. Перад ад'ездам ён загадаў, што, калі народзіцца дзіця, імя безь яго дзіцяці не даваць. І вось я быў тры месяцы без імя, пакуль ён не вярнуўся, і толькі тады мяне назвалі Ўладзімерам, як і яго”.

Нехта з вас пераняў бацькава захапленьне падарожжамі?

(Ярац: )”Брат у мяне працуе кіроўцам, ён увесь у бацьку пайшоў, кажа: "Я буду, як бацька, хутка паеду разам з ім", ён хоча праехаць па дарогах бацькі. Я больш па маці, больш у кампутары, у Інтэрнэце”.

Пры такім вандроўным жыцьці як у вашага бацькі было з працаю, дзе ён працаваў?

(Ярац: ) ”Па-рознаму, на заводах – велазавод, падшыпнікавы, аўтамабільны. Год на адным, потым паехаў у вандроўку, вярнуўся – на другім. Многа ён зьмяніў заводаў, але прафэсія была адна, яна была вельмі запатрабаваная, ён быў высокага ўзроўню спэцыяліст, і яго ўсюды бралі, дэталі выточваў, быў добрым рамесьнікам”.

Вандроўкі каштуюць грошай, дзе ён здабываў сродкі?

(Ярац: ) “Грошы тады ён зарабляў дастаткова, яму хапала. Ён зарабляў і ашчаджаў. Вяртаўся, нас абуваў, адзяваў, карміў, хапала, ён маці заўсёды пакідаў грошы. Хапала, мы не бедавалі, мы нармальна жылі, не багатае, але і ня беднае ў нас было дзяцінства”.

З артыкулаў у прэсе мы даведаліся пра тое, што знаходзіць грошы на паездкі сп. Уладзімеру даводзілася рознымі шляхамі. Ён рабіў свае фотавыставы ў падземных пераходах на станцыях Менскага мэтро, распавядаў пра свае падарожжы і знаходзіў зацікаўленых людзей, якія дапамагалі як у Беларусі, так і ў замежжы. Сп. Уладзімер, а з боку беларускіх уладаў ці нейкіх арганізацыяў ён атрымліваў дапамогу?

(Ярац: ) “У Менску ён рабіў выставы пра свае падарожжы, фотаздымкі разьвешваў і паказваў людзям. У яго пастаянна былі праблемы зь міліцыяй. Нічога ад уладаў тут у Менску ён не меў, не дапамагалі, не спансаравалі, нічога ўвогуле. Ён так разрэклямаваў Беларусь на ўвесь сьвет”.

Дарэчы ў сэнсе нацыянальнай самасьвядомасьці, адчувае ён сябе беларусам?

(Ярац: ) “Ён сябе разумее і адчувае чыстым беларусам, любіць родную краіну. Ведае ўсе дарогі ў Беларусі, як ніхто другі, усе іх праехаў на сваім матаролеры. Ён ведае кожную сьцежку ў Беларусі. Беларусь ён адчувае сэрцам”.

Пэўна, сэрцам ён адчувае і свайго, як Вы сказалі, “жалезнага сябра”, дарогу, інакш, як можна зразумець, як яму ўдаецца езьдзіць?

(Ярац: )”Калі ён сядае на матацыкл, ён адчувае гэта нейкім сваім унутраным пачуцьцём, як гэты матацыкл заводзіцца. Потым, калі едзе, ён адчувае паветра, вочы свае, ён адчувае сваім унутраным пачуцьцём, якога можа няма ў тых людзей, якія маюць слых і мову. У яго разьвілася нейкае новае пачуцьцё, і ён едзе нармальна”.

Дарэчы, Уладзімер Ярац стаў першым чалавекам у былым СССР, які атрымаў права на кіраваньне матацыклам, будучы глуханямым. Людзі з такімі фізычнымі праблемамі ня мелі права на кіраваньне транспартнымі сродкамі. Жаданы дакумэнт сп. Уладзімер атрымаў у парадку выключэньня толькі пасьля таго, як фактычна наезьдзіў на матацыкле некалькі тысячаў кілямэтраў.

Калі мы размаўлялі са спн. Вераю Рамук з Чыкага, яна паведаміла апошнюю навіну ў жыцьці Ўладзімера Ярца:

(Рамук: ) “Яго павінны былі прывезьці на выставу, дзе быў паказ аўтамабіляў і матацыкляў, каб ён выбраў сабе матацыкл, і потым павінны былі купіць яму гэты матацыкл”.

Чэская “Ява” не перажыла аварыі ў Ілінойсе, Уладзімер застаўся без матацыкла і страціў магчымасьць працягваць сваё падарожжа. Сын паведаміў, што падзея, пра якую гаварыла спн. Вера, ужо адбылася.

(Ярац: ) “Яму падаравалі новы матацыкл. Немцы яму падаравалі, нямецкі завод у Амэрыцы, марка ВМW. На чэскай "Яве" ён праехаў палову сьвету, а зараз ужо будзе на нямецкім матацыкле”.

Праблема цяпер толькі ў тым, які нумар будзе на новай машыне, бо ейная папярэдніца насіла менскі нумар і тым самым дэманстравала сваю прыналежнасьць да Беларусі. Сам падарожнік, куды б не прыехаў, разгортваў перад новымі знаёмымі вялізную мапу сваіх падарожжаў, дзе чырвоным сьцяжком адзначаны Менск – кропка, дзе пачыналіся і канчаліся ўсе ягоныя дарогі.

Акрамя гэтай мапы Ўладзімер заўсёды возіць з сабою дарожны дзёньнік, які карпатліва запаўняе штодня, і кнігу водгукаў ад людзей з розных краінаў, з якімі зьвяла яго дарога.

Ці не зьмяніліся пляны вандроўніка завяршыць кругасьветнае падарожжа пасьля гэтай апошняй, даволі цяжкай для яго, аварыі? Вось што адказаў ягоны сын Уладзімер?

(Ярац: ) “Ён ня быў толькі ў Аўстраліі, у Азіі і ня быў у Антарктыдзе. Зараз будуе пляны папасьці ў Аўстралію з Амэрыкі, а потым у Азію і потым ужо вяртацца дадому.

Мне званіў адвакат, ягоны прадстаўнік у ЗША, ён адстойваў ягоныя правы і нейкія грошы выплацілі яму – страхоўку. Ён казаў, што бацька рвецца "у бой", але яшчэ слабы. Хацеў бы вось зараз на "каня" і наперад, у новую вандроўку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG