Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мы беларусы, і беларусамі памрэм”


Ганна Сурмач, Прага

Удзельнікі: Вольга і Пётар Стахвюкі (Варшава)

На пачатку 90-х гадоў, калі Беларусь нарэшце прызнала існаваньне сваёй дыяспары ў сьвеце і пачала рабіць першыя крокі насустрач замежным беларусам, на ўрадавым узроўні была прынятая адмысловая адукацыйная праграма. У адпаведнасьці зь ёю беларусы з блізкага замежжа атрымалі магчымасьць на бясплатную адукацыю ў Беларусі, якая захоўваецца і да сёньня.

Шмат хто зь беларускай моладзі зь Беласточчыны захацеў атрымаць адукацыю ў беларускіх ВНУ. Раней падзеленыя межамі суродзічы разам з адукацыяй атрымалі магчымасьць і для непасрэдных кантактаў між сабою.

Пётар Стахвюк зь Беластоку прыехаў вучыцца па гэтай праграме ў 1990 годзе ў Беларускую акадэмію мастацтваў (на той час гэта яшчэ быў Тэатральна–мастацкі інстытут). Хлопца зацікавіла аддзяленьне інтэр’еру і абсталяваньня. У гэты ж самы час на тэатральнае аддзяленьне паступіла і Вольга Лужкоўская зь Менску. Прайшло больш за чатыры гады да таго моманту, калі лёс наканаваў ім сустрэцца ў будынку alma mater, каб ісьці далей па жыцьці разам. Сёньня мы на сувязі з Варшаваю, дзе цяпер жывуць Вольга і Пётар. Пётар з прыемнасьцю ўспамінае той час:

(Пётар: ) “Адзін з маіх сяброў, які вучыўся з Вольгаю, папрасіў мяне, каб я сыграў у іх спэктаклі адну маленькую ролю. Так мы зь ёю пазнаёміліся. Яна мне адразу спадабалася, і я пачаў запрашаць яе на каву. Яна пагадзілася пайсьці са мною на каву, і вось цяпер сядзім на нашай кухні і таксама п’ем каву”.

Вольга, відавочна, што і Пётар Вас таксама адразу зацікавіў?

(Вольга: ) “Ня вельмі, ведала, што ў Пятра быў закаханы цэлы інтэрнат”.

Але Вы ўсё ж пагадзіліся на ягонае запрашэньне?

(Вольга: ) “Пагадзілася, бо зразумела адну вельмі важную рэч. Калі мы пачалі размаўляць, я ўбачыла, што я першы раз была сама сабою. Гэта быў першы чалавек, першы мужчына, зь якім я была сама сабою. Ён тады шмат размаўляў на беларускія тэмы. Пётар адкрыў для мяне сапраўднае разуменьне беларускасьці”.

(Пётар: ) "Я быў такім нацыяналістам, хадзіў на дэманстрацыі. У мяне быў шалік бел-чырвона-белы, сьцяг. Я магу сказаць, што я таксама дабіваўся незалежнасьці Беларусі. У мяне з раньняга дзяцінства ёсьць пачуцьцё, што мы – другія, мы беларусы. Мы жылі ўсё жыцьцё у Польшчы, раней жылі ў Чэнстахове, там амаль няма беларусаў. Мы ніколі не хавалі, бацька заўсёды гаварыў, што ён беларус і як хочаце, прымайце мяне такім. Я таксама маю такую пазыцыю”.

Першае вашае спатканьне адбывалася за каваю, а што далей, як доўга давялося Вам, сп. Пётар, угаворваць Вольгу стаць Вашай жонкаю?

(Пётр: ) “Папілі каву ў нашай "Бульбянай" на вул. Якуба Коласа, з наступнага дня я ўжо не даваў ёй спакою, і так мы сябравалі. Потым у нас быў цяжкі час у нашых адносінах, калі мы не сустракаліся паўгоду”.

Вось як, а што сталася?

(Пётар: ) “Я пазнаёміў Вольгу і яе маці са сваім бацькам, калі мой бацька прыехаў у Менск. Пасьля спатканьня нашых бацькоў мы на паўгоду і разышліся”.

Выглядае, што бацькі не сышліся характарамі. Вось як прыпамінае сп. Вольга гэтую амаль драматычную для закаханых маладых людзей сытуацыю.

(Вольга: ) “Прыехаў да нас бацька, па-першае, вельмі спазьніўся. Мая маці напрацавалася, нагатавала шмат страваў. Бацька прыйшоў і адразу з парога сказаў, што ён толькі на некалькі хвілін. Мне шкада было маму, я пакрыўдзілася за маці”.

І Вольга вырашыла разьвітацца зь Пятром назаўсёды, але цяпер мусіць прызнаць, што дарма так паступіла.

(Пётар: ) “Прыйшоў сьнежань 1995 году і мы выпадкова спаткаліся, я запрасіў яе на мой дзень нараджэньня, яна пагадзілася, і ў гэты ж дзень я запытаў, ці хоча яна стаць маёй жонкаю. Яна пагадзілася”.

А як бацькі зрэагавалі, як склаліся адносіны зь імі?

(Вольга: ) ”Вельмі добрыя, бацька цяпер мой першы сябра”.

(Пётар: ) “Мае бацькі вельмі добра зрэагавалі, а маці Вольгі мяне палюбіла ад самага пачатку”.

У 1996 годзе Пётар скончыў акадэмію і вярнуўся ў Беласток ужо не адзін. У жніўні яны з Вольгаю павянчаліся ў саборы сьвятога Мікалая. Гэты праваслаўны храм наведвае бальшыня беларусаў у Беластоку. Спн. Вольга гаворыць, што потым ніколі не пашкадавала, што вырашыла паехаць зь Пятром.

(Вольга: ) “Я думаю. што гэты быў вельмі, вельмі добры выбар. Я маю дзьве цудоўныя дачкі і цудоўнага мужа. Самае галоўнае, у Пятра я бачу тое, што заўсёды ён мне дапаможа, ва ўсім і заўсёды, ён вельмі надзейны”.

Пётар і Вольга Стахвюкі – абодва творчыя людзі. Як склаўся прафэсійны лёс кожнага зь іх, ці ўдалося ім рэалізаваць свае здольнасьці? Я запытала спачатку ў Пятра, чым ён сёньня займаецца.

(Пётр: ) “Я адчыніў сваю майстэрню і пачаў рабіць вітражы, і да сёньня раблю вітражы. Дзякуючы Беларускай акадэміі мастацтваў я магу працаваць тут. У нас у Польшчы практычна не было аддзяленьня вітражоў, недзе толькі год ці два таму адчынілі, здаецца, у Кракаве. Вітражамі я пачаў займацца, калі ў нас былі заняткі па тэме "праца ў матэрыяле". Мы праходзілі практычна ўсе віды мастацтва прыкладнога – мэталаплястыку, кераміку і да гэтага яшчэ былі вітражы. У нас быў вельмі добры выкладчык, і ён сказаў, што ён тэарытычна ўсё можа распавесьці, але ў Акадэміі няма матэрыялаў, каб рабіць вітражы. Калі нехта хоча больш даведацца, то ён можа завесьці да сваіх знаёмых у Беларускім мастацкім камбінаце. Я пайшоў у майстэрню да вельмі добрага вітражыста Лёвы Кардаша. Я там працаваў практычна 2 гады”.

Як з працаю ў Польшчы для вітражыста, ці ёсьць попыт на Вашу працу?

(Пётар: ) “Маю заказчыкаў, я працую ў Чэнстахове, у Варшаве. Гэта прыватныя людзі, яны замаўляюць вітражы для хатаў, для фірмаў. Я выражаюся ў гэтым, аддаю сваё пачуцьцё мастацкае. Ня так, што нехта мне скажа, каб рабіць тое і тое. Я ўкладаю свае думкі, сваю творчасьць у гэта. Бяз творчасьці немагчыма гэта рабіць”.

Ці ўдзельнічаеце ў нейкіх выставах, ці кантактуеце зь іншымі беларускімі мастакамі ў Польшчы?

(Пётр: ) “Мне не хапае часу, каб рабіць працы на выстаўкі. Хаця, мы зь сябрамі, якія закончылі Беларускую акадэмію мастацтваў, рабілі нашу сумесную выставу ў Беластоку ў 2000 годзе. Мы хацелі зь сябрамі стварыць аб'яднаньне маладых беларускіх мастакоў, але пакуль не ўдалося, думаю, што мы яшчэ да гэтага вернемся”.

Пётар Стахвюк сёньня адзіны беларускі мастак-вітражыст у Польшчы. Ён пасьпяхова вытрымлівае канкурэнцыю зь іншымі мастакамі і лічыць, што найперш дзякуючы добрай адукацыі, атрыманай ў Беларусі.

Вольга скончыла мастацкую акадэмію на 2 гады раней за Пятра і працавала ў тэатры. Спачатку на “Вольнай сцэне” ў сп. Мазынскага, а потым у “Альтэрнатыўным тэатры”. Так што ёй давялося пакінуць працу, калі яна рашылася выехаць у Польшчу.

(Вольга: ) “Гэта быў такі радыкальны момант у жыцьці, калі чалавек рашаецца пачаць усё спачатку. Ад пачатку, канечне, мова, не разумела зусім польскую мову. Цяпер бяда, што беларускую мову патроху губляю. Не ведала мовы і мне было цяжка пайсьці у тэатр. Галоўнай тэмаю для мяне тут стала музыка”.

І гэты выбар не быў выпадковым?

(Вольга: ) “У Менску я скончыла музычную школу, так што я не пачынала тут ад гамаў, я сьпявала ў "Палацы".

У тэатры мяне заўсёды мучыла і перашкаджала мне тое, што я ніколі не была незалежнаю. Заўсёды хацела пайсьці да іншых гарызонтаў. І калі пераехала сюды і зразумела, што хачу займацца музыкаю, то я ўжо ведала, што гэта той гарызонт, які адкрые для мяне нешта іншае.

Пётар купіў на свае першыя заробленыя грошы для мяне апаратуру, і так усё пачалося”.

Які накірунак Вы абралі ў музыцы?

(Вольга: ) “Я заўсёды шукала прасторы, хацела злучыць музыку, мелёдыю Ўсходу з рытмам заходнім. Я думаю, што цяпер мне гэта ўдалося. Я пішу свае песьні, свае тэксты, музыку. Я пішу хутчэй рок-поп музыку. Я маю цяпер свой гурт. Гэта музыканты з Варшавы, палякі. Пішу на трох мовах – польскай, беларускай, расейскай”.

І як Вашы посьпехі?

(Вольга: ) “У Беластоку на фэстывалі "Бардаўская восень" я стала ляўрэатам. Сама дзіўлюся таму, што песьні пачалі падабацца людзям, зацікавілі шмат каго. А далей знайшла мэнэджэра, які заняўся мною, і я вельмі хутка паднялася”.

Далей Вольга пачала выступаць і перад польскай аўдыторыяй.

(Вольга: ) “Маё першае выступленьне было на Мазурскіх вазёрах, тады была выбарчая кампанія прэзыдэнта Квасьнеўскага, я выступала якраз пасьля ягонага выступленьня. Думаю, што было добра”.

Два гады Вольга езьдзіла зь Беластоку ў Варшаву на рэпэтыцыі, і яны зь Пятром вырашылі пераехаць у Варшаву. Тут Вольга мае больш магчымасьцяў для сваёй працы.

(Вольга: ) “Я выступаю як салістка, яны граюць. Я дома падрыхтоўваю матэрыял, мы зьбіраемся, я паказваю, далей ідзем у студыю і там іграем, а пасьля выступаем з канцэртамі.

Я выступаю пад імем Леа.

Шмат канцэртаў мы далі абстрактна–рэлігійных. Пасьля я перайшла на "цяжкае" гучаньне, а потым мы перайшлі на поп-рок. Шмат канцэртаў далі мы на Замкавай плошчы ў Варшаве, у Закапанэ”.

На тэлевізіі, на радыё выступалі?

(Вольга: ) “Выступала, канечне, выступала на радыё шмат і інтэрвію былі. Тэлевізія варшаўская паказвала некалькі разоў. Нядаўна тут быў вялікі канцэрт харытатыўны для дзяцей, і я таксама выступала, кожны год там выступаю”.

Выглядае, што Вы ўжо дабіліся пэўных посьпехаў, маеце свой імідж?

(Вольга: ) “На сёньняшні дзень я думаю, што я маю арыгінальную пазыцыю музычную і тэматычную. Я думаю, што найважнейшае ў жыцьці – знайсьці сваё, свой асобны стыль, і ісьці гэтай дарогаю.

Я шукаю далей. І цяпер мне здаецца, што я знайшла сваё. Я маю цяпер сваю адметнасьць, свой зьмест. Цяпер рыхтуемся, і празь некалькі месяцаў мяркую паезьдзіць па беларускіх асяродках ва ўсім сьвеце”.

Вольга, вы зь Пятром цяпер даволі занятыя людзі, а як дзеці, ці стае на іх часу?

(Вольга: ) “Я даглядаю і Пётар даглядае. Мы разьлічваем толькі на сябе. Жывем мы ўсе разам у згодзе і разумеем адзін аднаго, дзеці нас разумеюць, я гэта вельмі шаную”.

Вашыя дзяўчаткі таксама маюць нейкія здольнасьці да творчасьці?

(Вольга: ) “Сьпяваюць, і Насьця выйграла шмат конкурсаў беларускіх, і малююць таксама”.

Наколькі Вашу сям’ю аб'ядноўвае тое, што ў вас адзін беларускі корань, як беларускасьць прысутнічае ў вашай сям’і?

(Вольга: ) “Я думаю, што канечне, канечне аб'ядноўвае. Гэта галоўная тэма, тэма, якая нас усіх трымае разам, усю сям'ю”.

(Пётар: ) "Цяпер, калі мы ў Варшаве жывём і спатыкаемся тут з палякамі, мы не цураемся таго, што мы беларусы. І яны нас шануюць за гэта. У нас зьявілася шмат сяброў. Чалавек тады мае праблемы, калі ён нешта хавае, калі хоча паказаць, што ён ня той, хто ёсьць. Цяжка перад сабою хаваць, што ты беларус, перад людзьмі таксама, гэта немагчыма схаваць. Каб нечага дасягнуць у жыцьці, трэба быць самім сабою”.

Сп. Пётар, Ваш бацька беларус, а маці – полька, Вашыя бацькі жывуць у згодзе ўжо шмат гадоў. А як Вы, ці мелі на мэце ажаніцца менавіта зь беларускай дзяўчынаю?

(Пётар: ) “Сэрца не выбірае нацыянальнасьці. Але мне ўдалося, і я вельмі рады і шчасьлівы, што мая жонка беларуска, бо няма праблемы з выхаваньнем дзяцей. У нас дочкі ведаюць, што яны беларусачкі. Яны хадзілі ў беларускі дзіцячы садок у Беластоку, ведаюць беларускую мову, ведаюць шмат беларускіх песьняў і вершаў. Наша дачка Анастасія ходзіць у школу ў Варшаве. Цяпер былі Каляды, і яна ў сваім клясе сьпявала па-беларуску калядку. Выкладчыца сказала, каб яна сьпявала таксама для ўсёй школы на галоўным сходзе. І яна сьпявала ў Варшаве, у польскай школе па-беларуску калядку. Яна цяпер у школе такая “беларуская зорка”. Я не хацеў бы мяняць свайго становішча, у якім я знаходжуся. Мы – беларусы, і беларусамі памрэм”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG