Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая беларуская эміграцыя ў Чэхіі.


Ганна Сурмач, Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Калі ў 1517 годзе ў Залатой Празе Чэскай зьявіўся філёзаф і батанік, у лекарскіх навуках доктар Францішак Скарына са славутага гораду Полацку, лёс не абяцаў яму нічога надзвычайнага. Чалавек з дыплёмамі Кракаўскага і Падуанскага ўнівэрсытэтаў заклаў на чужыне стратную вытворчасьць, пачаў выдаваць кніжкі на чужой для мясцовага насельніцтва мове. Хто ведае, ці ня гэта сталася падставаю звароту нашага земляка на Радзіму.

Прайшло 15 гадоў і Скарына ізноў прыехаў у Прагу. Напэўна, даўнія сувязі, старыя сябры і два дыплёмы дапамаглі знайсьці працу, працу каралеўскага батаніка.

Неўзабаве будзе 500 гадоў, як чэская сьцежка Скарыны не зарастае для беларускага ступака. Вось і на мяжы тысячагодзьдзяў пацягнуліся ў Прагу беларусы. Навучаныя гістарычным досьведам, яны не закладаюць тут стратнага бізнэсу, але і ў каралеўскія батанікі іх ніхто ня кліча.

Як жа ўладжвае сваё жыцьцё ў Чэхіі сёньняшні беларус, што прапаноўвае і чаго спадзяецца ад яго гэтая краіна? Сёньняшнія нашы суразмоўцы – прадстаўнікі беларускай палітычнай эміграцыі, людзі, якія знайшлі ў Чэскай дзяржаве палітычны прытулак, а значыць атрымалі пэўны статус для пачатку ўладжваньня свайго жыцьця. Найперш, слова кіраўніку няўрадавай чэскай Арганізацыі дапамогі ўцекачам сп. Паўлу Келлі-Тыхлу.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Павал, у Чэхіі для людзей, якія атрымалі палітычны прытулак, ёсьць адмысловая ўрадавая інтэграцыйная праграма. Што гэта за праграма?

(Кельлі-Тыхл: ) “Дзяржаўная інтэграцыйная праграма прадугледжана дзейным законам Чэскай Рэспублікі ад 01.01.2000 аб палітычным прытулку. Яна накіраваная на стварэньне ўмоваў дзеля хутчэйшага ўключэньня ўцекачоў у жыцьцё чэскага грамадзтва, іхную адаптацыю ў новых умовах.

Галоўнымі складнікамі праграмы зьяўляюцца – забесьпячэньне магчымасьцяў для вывучэньня чэскай мовы і забесьпячэньне жыльлём.
Параграф 70 дае права ўцекачу навучацца чэскай мовы на бясплатных курсах. Такія курсы яму прапануе Міністэрства школьніцтва, моладзі і фізкультуры не пазьней, як на працягу 30 дзён пасьля атрыманьня прытулку.

Права на жыльлё рэалізуецца шляхам прадастаўленьня жыльля спачатку ў спэцыяльных дамах для азылянтаў у розных гарадох Чэхіі, а потым – сацыяльнай (таннай) асобнай кватэры ў арэнду. Прапанова кватэры робіцца аднаразова, і калі яна не задавальняе ўцекача, то далей ён сам мусіць вырашаць сваё жыльлёвае пытаньне.

Палітычныя ўцекачы ў далейшым маюць права на атрыманьне чэскага грамадзянства. У адпаведнасьці з Законам аб грамадзянстве ўсе прэтэндэнты могуць падаваць заяву толькі пасьля 5 гадоў сталага пражываньня ў Чэхіі, але для палітычных эмігрантаў прадугледжанае выключэньне, яны могуць не чакаць гэты тэрмін. Не патрабуецца ім таксама прыкладаць да заявы і дакумэнт аб выхадзе з грамадзянства краіны іх паходжаньня. Пры набыцьці грамадзянства пажадана паказаць веданьне чэскай мовы”.

A цяпер да пытаньня ўладкаваньня на працу. Уцякач можа пачаць працаваць яшчэ да атрыманьня прытулку, адразу пасьля заканчэньня побыту ў каранцінным лягеры. Але, звычайна, гэта праца некваліфікаваная – прыбіраньне на прадпрыемстве ці ў рэстарацыі, праца швачкі, праца ў лесе або ў сфэры абслугоўваньня турыстаў – раздача рэклямных улётак, продаж сувэніраў ці карцінаў на вуліцах і кірмашах.

Калі чалавек атрымае статус уцекача, ён мусіць думаць пра сталую працу. Тады ўжо важна, хто якую мае прафэсію, навыкі. Ці прызнаецца ў Чэхіі беларускі дыплём аб вышэйшай адукацыі? На гэтае пытаньне прадстаўнік Міністэрства школьства, моладзі і фізкультуры, загадчык аддзелу вышэйшай школы Ёзэф Бэнэш адказаў нам станоўча. Чэскія ўлады, сказаў ён, кіруюцца тут адпаведным міждзяржаўным пагадненьнем пра ўзаемнае прызнаньне дакумэнтаў аб вышэйшай адукацыі.

Сярод беларускіх уцекачоў у Чэхіі шмат людзей зь лекарскімі дыплёмамі. Як складаецца іх шлях да прафэсійнай працы? Гаворыць праскі лекар-анэстэзыёляг Сяргей Юрчанка.

(Юрчанка: ) “Я прыехаў у Чэскую Рэспубліку ў 1997 годзе, папрасіў тут палітычны прытулак і атрымаў яго. Стаў шукаць працу па прафэсіі, у мяне была адукацыя доктара-анэстэзыёляга. Гэта было цяжка.
Кожны доктар павінен здаць экзамен па спэцыяльнасьці на чэскай мове. Для гэтага патрэбна прачытаць шмат кніжак – чэскіх і ангельскіх. Пасьля экзамену праца знаходзіцца залежна ад таго, якая спэцыялізацыя. Складана знайсьці працу тэрапэўтам, траўматолягам, лепшыя шанцы ў анэстэзыёлягаў, хірургаў. Але магчымасьці заўсёды ёсьць, патрэбна толькі працаваць. Я сваёй працай задаволены. Гэта цяжкая праца, шмат дзяжурстваў, да 10 за месяц, але гэта добрая праца”.

Яшчэ адна папулярная ў сьвеце прафэсія – кампутаршчык. Яны таксама ёсьць сярод беларускіх эмігрантаў. Як атрымаць такую працу? Гаворыць Уладзіслаў Яндзюк.

(Яндзюк: ) “Знайсьці працу на эміграцыі ня лёгка. Я шукаў сваю першую працу прыблізна 9 месяцаў. Хадзіў на курсы, каб здабыць досьвед мясцовай тэрміналёгіі. Трэба пільна над сабой працаваць, тады лягчэй. У сваіх прафэсійных ведах, каб уладкавацца на добрую працу, трэба быць на 2-3 узроўні вышэй, чымся мясцовыя прэтэндэнты. Вельмі важна знайсьці першую добрую працу. Потым зьўляюцца кантакты, сувязі, ствараецца магчымасьць у далейшым закласьці
сваю ўласную справу. Толькі свая справа, уласны бізнэс могуць даць чалавеку ўпэўненасьць у сваіх сілах. Я знайшоў абвестку ў Інтэрнэце аб тым, што фірма шукала кампутарнага спэцыяліста. Я напісаў ім ліст, яны зьвязаліся са мною і запрасілі на гутарку, пасьля якой я быў прыняты на працу. Я працую ў прыватнай фірме адміністратарам кампутарнай сеткі”.

Сярод беларускай эміграцыі пераважае моладзь, частка якой не пасьпела дома здабыць вышэйшай адукацыі. Тут яе чакае пошук якой-небудзь працы або магчымасьць прадоўжыць вучобу ў вышэйшых навучальных установах.

Сьцяпан Вінакураў, які скончыў у Беларусі 4 курсы мэдычнага інстытуту, паступіў таксама на 4 курс, але даздаў тыя іспыты, якія паводле чэскіх меркаў не хапала для прадаўжэньня навучаньня. Кася Чэрнік мусіла пачынаць вучобу ад пачатку.

(Карэспандэнт: ) “Кася, як Вы паступілі ў Карлавы ўнівэрсітэт?”

(Чэрнік: ) “Я паступала на матэматыка-фізычны факультэт, на інфарматыку. Каб паступіць на гэты факультэт, трэба здаваць два іспыты, дакладней – тры, але залічваюцца толькі два лепшыя вынікі. Гэта – фізыка, матэматыка ды інфарматыка. Усе іспыты я здавала пісьмова. Для мяне гэта было прасьцей, бо можна было карыстацца слоўнікам, я недастаткова добра ведала яшчэ чэскую мову. Спачатку было вельмі цяжка, я не разумела ўсяго, пра што казалі на лекцыях, асабліва цяжка было запісваць лекцыі і чытаць кніжкі на чэскай мове. Зараз я рыхтуюся да іспыту, які будзе ўжо ў вуснай форме. Стаўленьне да мяне ўсіх выкладчыкаў вельмі добрае. Яны ня ведаюць, што я ўцякачка, яны ведаюць, што я зь Беларусі. Усе спрабуюць дапамагчы, уважліва выслухоўваюць, калі я нешта не разумею.

Адносіны студэнтаў таксама добрыя, я не адчуваю такога стаўленьня з іх боку: ты чужынец і таму ня роўны нам. Атрымала стыпендыю ў сёлета, але гэта ня вельмі многа. Таксама ёсьць магчымасьць атрымаць стыпендыю, калі будзеш добра вучыцца, скончыш на “выдатна” першы курс, то на наступным будуць плаціць стыпендыю”.

Адаптацыя – цяжкі працэс для каго заўгодна і дзе заўгодна. Беларускім уцекачам у Чэхіі трохі лягчэй, тут для іх ёсьць маральная падтрымка з боку згуртаванай дыяспары, у якой, хто ведае, ці ня ёсьць ужо будучыя каралеўскія батанікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG