Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ НЕПАЗЬБЕЖНАЯ ВАЙНА ЗША І ІХ САЮЗЬНІКАЎ СУПРАЦЬ ІРАКУ?


Сяргей Шупа, Прага

Выступаючы ў горадзе Цынцынаты ў штаце Агаё, Джордж Буш зноў заявіў, што Садам Хусэйн уяўляе сабою пагрозу Блізкаму Ўсходу, Злучаным Штатам і ўсяму сьвету.

(Буш: ) “Тым часам як у сьвеце існуе шмат розных пагрозаў, пагроза з боку Іраку стаіць асобна, бо яна канцэнтруе ў сабе ўсе самыя сур’ёзныя небясьпекі нашага часу ў адным месцы. Ірацкая зброя масавага зьнішчэньня кантралюецца крыважэрным тыранам, які ўжо ўжываў хімічную зброю, у выніку чаго загінулі тысячы людзей”.

Буш зазначыў, што Злучаныя Штаты і сьвет ня могуць дазволіць сабе чакаць – як некаторыя прапануюць – пакуль Садам адмовіцца ад сваіх праграмаў вырабу сьмертаноснай зброі, як гэтага патрабуе Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў.

(Буш: ) “Чым даўжэй мы будзем чакаць, тым больш моцным і нахабным будзе рабіцца Садам Хусэйн. Мы ня можам чакаць і спадзявацца, што Садам ня дасьць зброю ў рукі тэрарыстам або не распрацуе ядзерную зброю, каб шантажаваць сьвет. Я ўпэўнены, што такія спадзяваньні цалкам неабгрунтаваныя”.

Аднак, паводле амэрыканскага прэзыдэнта, гэта не азначае, што вайна немінучая або непазьбежная. Буш выказаў спадзяваньне, што Рада Бясьпекі ААН прыме новую рэзалюцыю, дзе ад Іраку будзе запатрабавана пагадзіцца на неабмежаваныя інспэкцыі без папярэдніх умоваў любых падазроных аб’ектаў на ірацкай тэрыторыі.

Прамова Буша прагучала на фоне зьмяншэньня занепакоенасьці амэрыканцаў ірацкай пагрозай. Жыхароў ЗША цяпер значна больш хвалююць праблемы амэрыканскай эканомікі, і паводле апытаньняў, шмат хто непакоіцца, што вайна зь Іракам яшчэ больш ускладніць і без таго праблемную эканамічную сытуацыю ў ЗША. І аднак, нягледзячы на гэтыя засьцярогі, прэзыдэнт Буш надалей захоўвае высокі ўзровень даверу ў амэрыканскім грамадзтве.
XS
SM
MD
LG