Юрка Чавусаў – 23 гады, скончыў паліталягічнае аддзяленьне БДУ, разам з сябрамі выдае паліталягічны часопіс “Палітычная сфэра”.
(Чавусаў: ) “Ніхто ня скажа, што ў нас зусім кепска й зусім дрэнна, але… атмасфэра, ёсьць адчуваньне, што мы жывем у сямідзясятыя гады, што гэтае становішча закансэрваванае й будзе захоўвацца вельмі доўга. Пэўны пэрыяд суму і, магчыма, дэпрэсіі таксама карысны, бо дазваляе зірнуць на жыцьцё зь іншага боку.
Слова прыстасаванец мае адмоўнае адценьне, але я б разглядаў і іншы бок мэдаля. Прыстасаванец, гэта не заўжды кепска. Калі малады амбітны палітык, які мае намер стаць, напрыклад, дэпутатам альбо прыстасавацца да гэтага недэмакратычнага заканадаўства і дзейнічаць у яго ўмовах, і ў гэтых умовах ідзе на выбары й робіцца дэпутатам, то таксама з аднаго боку прыстасаванец, але ж ён робіцца дэпутатам.
Дэпутатамі ад апазыцыйных партый чамусьці паўсюль робяцца асобы, якія бачаць палітыку як акно магчымасьцяў. Таму можа і прыстасаванцы, у харошым сэнсе.
Інтэлектуальныя колы ня маюць такой мэты, якой была незалежная Беларусь для інтэлектуалаў канца васьмідзясятых. Напэўна, з гэтым зьвязана адчуваньне адсутнасьці мэты. Гэтыя колы таксама ня тое што інтэграваліся, але ўстаканіліся ў гэтай сытуацыі. Яны бачаць сваё месца – вар’ят, дэрвіш, які крычыць праўду, але якога ніхто ня чуе.
Постацяў кшталту Гавэла ў Чэхіі пасьля сьмерці Васіля Быкава я ня бачу.
На маю думку праблема беларуская мова альбо руская ня ёсьць лёсавызначальнай праблемай. Грамадзтва так створана, што калі ёсьць свая ўласная мова й незалежная дзяржава, яно будзе імкнуцца да сваёй уласнай мовы. Гэта праблема не культурнага пляну, а праблема недэмакратычнага стану нашай дзяржавы.
Я думаю, што для моладзі незалежнасьць – гэта тое, што Беларусі магчыма выстаўляць уласную каманду на Алімпіяду па футболу ці па хакею. Пабытовы нацыяналізм, які грае вялізную ролю, магчыма большую, чым нацыяналізм палітычны. Культура, якая больш грунтоўная, бо гэта падмурак, чым палітычныя надстройкі і пабудовы».