22 гады, магілёвец. Сёлета ён скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту і зьбіраецца працягнуць сваю адукацыю ў Менску. Дзяніс размаўляе па-беларуску: на роднай мове зь ім размаўляла маці і вясковыя сваякі, так яна і “прышчапілася”.
Удзел у справах Маладога фронту выклікаў жаданьне спрычыніцца да “Адраджэньня” і беларускага жыцьця. Цяпер Дзяніс бярэ ўдзел ў моладзевай грамадзкай арганізацыі “Новая зямля”: ён займаецца грамадзянскай адукацыяй і выдавецкімі справамі (калісьці выдаваў газэту “Магілёўская моладзевая”, а цяпер дапамагае друкаваць газэткі школьнай моладзі).
(Мельянцоў: ) “Калі ставіш сабе пэўныя мэты, то дасягаеш іх. Я ўпэўніўся ў гэтым. Таму я сябе лічу чалавекам больш шчасьлівым, чым нешчасьлівым. Першае, бо ў мяне ёсьць добрая сям’я. У мяне ёсьць добрыя сябры. У мяне за плячыма ёсьць добрая, я лічу, адукацыя, і ёсьць добрая перспэктыва. Я ўсё ж такі думаю, што калі сабе паставіць нешта за мэту, то можна дасягнуць абсалютна ўсяго.
Я прыйшоў у Малады Фронт зусім “зялёным” хлапцом. Памятаю, як падымаўся па лесьвіцах у офіс БНФ. У мяне крыху трасьліся паджылкі. Абсалютна нічога ня ведаў аб грамадзкім жыцьці, аб палітычнай дзейнасьці, але там навучыўся, там я шмат чаго дасягнуў. Там я знайшоу добрых сяброў, я даведаўся пра рэальнае жыцьцё ў нашай краіне, і крыху, напэўна, у мяне склалася ўражаньне, уяўленьні, як гэта можна ўсё зьмяніць.
Думаю, што перш за ўсё зьмены трэба пачынаць зь сябе. Гэта такая банальная ісьціна, але яна працуе. Напрыклад, каб добра жыць у Беларусі, нам трэба добра жыць у сваей сям’і, у сваёй арганізацыі, добра ўладкаваць сваё асабістае жыцьцё. Калі ў нас тут будзе чыста, у нас будзе ўсё прыгожа, у нас будзе ўсё да ладу, усё на сваіх месцах, праца будзе ісьці, то таксама мы зможам пабудаваць гэта ў грамадзтве. “Think global, act local”, што значыць: думай і мяркуй глабальна, але рабі лакальна на сваім мясцовым роўні. Ты тут ведаеш усе праблемы, якія паўстаюць перад гэтым тваім маленькім грамадзтвам. Потым у цябе будзе атрымлівацца і з больш вялікімі праблемамі.
Думаю, што перш за ўсё ў нашай сытуацыі, у нашай краіне карысна для моладзі настойлівасьць, і таксама вера ў сябе. Ніхто нічога нікому не гарантуе, але ў гэтым ёсьць таксама свае плюсы. Таму што ёсьць свабода дзеяньня. Чалавек можа сам рабіць свой лёс, сам ставіць перед сабой нейкія мэты, сам дасягаць гэтых мэтаў, ніхто яго не абмяжоўвае.
Калі казаць пра шчасьце ў нашай краіне, то яно, я думаю, можа быць абумоўленае, нажаль, зараз усё ж такі пошукам шчасьця ўнутры сябе. Я думаю, што варта зьвяртацца да сябе, неяк зьменяць сябе, глядзець унутр сябе, перасэнсоўваць, мабыць, наша жыцьцё. Тады і вонкавы сьвет зьменіцца!”