Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Войцех Сегень



Войцех Сегень, студэнт Варшаўскага унівэрсытэту. Вывучае этнаграфію і псыхалёгію. Сур’ёзна захапляецца гісторыяй мастацтваў. Выкладае курс японскага мастацтва польскім мытнікам. Родам Войцех Сегень з Гайнаўкі, што пад Беластокам. Беларус паводле нацыянальнасьці, ён цікавіцца ўсім, што адбываецца ў нашай краіне, яго вельмі непакоіць, што Беларусь пакуль не імкнецца ў адзіную эўрапейскую сям’ю.

(Войцех Сегень: ) “Апошнім часам у Польшчы вельмі важнай справай быў рэфэрэндум, зьвязаны з уступам Польшчы ў Эўрапейскі Зьвяз. І цэлае грамадзтва, тым больш маладая частка грамадзтва – яна жыла гэтай тэмай. Цягам некалькіх месяцаў гэта тэма была ва ўсіх на вуснах. І атрымалася так, што вельмі значны адсотак людзей у Польшчы прагаласаваў за “так” Эўразьвязу, у тым ліку і маладыя людзі. І тут нараджаецца пытаньне: а што зь Беларусьсю? Бо мы ведаем, што і Літва, і латышы, і эстонцы, словакі, чэхі, палякі – яны ўсе імкнуцца да Эўразьвязу. Да таго ж, ахвоту выказваюць і палітыкі Ўкраіны. І атрымоўваецца, што з краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы застаецца толькі адна дзяржава – гэта Беларусь, якая не ўваходзіць і ня хоча ўвайсьці пакуль што да Эўразьвязу. І гэта крышку шкада, таму што калі развальваўся Савецкі Саюз, гэта дзяржава была адной з найлепшых паводле ўмоваў разьвіцьця, лепшай у параўнаньні зь іншымі дзяржавамі былога Савецкага Саюзу. А цяпер, праз 12-13 гадоў атрымоўваецца так, што яна стаіць на самым канцы і нават яе ня бачна яшчэ ў чарзе да Уніі Эўрапейскай. І гэта мне, як грамадзяніну Польшчы, шкада.

Як малады чалавек, я асабіста хацеў бы знайсьці сваё месца ў аб'яднанай Эўропе. І паспрабаю цяпер гэта зрабіць. Я ведаю шмат студэнтаў зь Беларусі, якія вучацца, і яны ня будуць мець такіх магчымасьцяў. Яны ня будуць мець магчымасьцяў выезду, магчымасьцяў легальнай беспраблемнай працы. І мяне вельмі хвалюе, што маладое пакаленьне зь Беларусі ня зможа карыстацца тым, чым можа карыстацца малады чалавек у Эўразьвязе”.
XS
SM
MD
LG