Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Ганчарык



Ігар Ганчарык, 27 гадоў, скончыў Менскі авіяцыйны каледж. Тры гады таму выехаў на працу паводле кантракту ў Нямеччыну. Зараз жыве у горадзе Гісэн, працуе ў невялікай нямецкай фірме тэхнікам-радыёэлектроншчыкам. Валодае ангельскай і нямецкай мовамі. На сёньня задаволены сваім лёсам, але плянуе дасягнуць нечага большага ў жыцьці. Хацеў бы рэалізаваць сябе на Радзіме, марыць аб тым, каб Беларусь заняла сваё месца сярод дэмакратычных эўрапейскіх краінаў.

(Ганчарык: ) “Маё жаданьне, каб наша краіна была ў Эўразьвязе. Трэба будаваць дэмакратычнае грамадзтва, адкрытае для другіх краінаў, адкрытае для інвэстыцый, дзе людзі маюць свабоду мяняць месца жыхарства, свабоду гаварыць, што яны хочуць, свабоду займацца той дзейнасьцю, якой яны хочуць. Для гэтага трэба ствараць спрыяльную базу, якой, я лічу, у нашай Беларусі няма.

Я лічу, што свабода патрэбная для таго, каб чалавек адчуваў сябе шчасьлівым. Калі ты адчуваеш нейкі гнёт, ты не адчуваеш сябе шчасьлівым, ты ня можаш рэалізаваць сябе на 100%.

Жыць у Беларусі я б хацеў, Але я не разглядаю слова Радзіма як месца, дзе чалавек павінен быць прыкаваным да гэтага месца. Я думаю, што лепей жыць там, дзе ты адчуваеш сябе лепей, дзе ты адчуваеш сябе патрэбным, дзе ты можаш нешта рэальна рабіць. Я, напрыклад, не магу сябе рэалізаваць пакуль што ў Беларусі. Некалькі гадоў я ня мог знайсьці там нармальнае месца працы. Я шукаю, дзе магу сябе рэалізаваць у дадзены момант. Калі я змагу знайсьці сябе ў Беларусі, я вярнуся ў Беларусь. Я ня зьехаў назусім, я тут толькі працую.

Паглядзець, як жывуць другія людзі, як жыве народ тут, у Эўропе – гэта вельмі цікава. Тады пачынаеш разумець тыя працэсы, якія праходзяць тут, і чым астатні сьвет адрозьніваецца ад тваёй уласнай краіны.

Тут ёсьць нейкія моманты, якія б ты хацеў пераняць у гэтага грамадзтва і перанесьці ў сваё. Напрыклад, тут кожны чалавек адчувае свае правы, кожны чалавек ведае, што дзяржава абавязана гэтыя правы падтрымліваць і абавязана выконваць тое, што яна абяцае.

Я хацеў бы пажадаць, каб кожны меў магчымасьць жыць так, як ён хоча жыць, каб кожны чалавек меў магчымасьць жыць там, дзе ён хоча жыць.

Людзям трэба больш праяўляць сябе, людзям трэба да нечага імкнуцца, да нейкіх канкрэтных асабістых мэтаў у палітыцы, у эканоміцы, трэба мець больш амбіцыяў, я лічу, нашай моладзі”.
XS
SM
MD
LG