Гарадзенец Фэлікс Гавін працуе намесьнікам старшыні рэгіянальнага аб’яднаньня “Ратуша”. Мае дыплём магістра юрыдычных навук. Закончыў унівэрсытэт, у якім калісьці навучаўся беларускі першадрукар Францішак Скарына.
(Гавін: ) “Я вельмі рады, што атрымаў адукацыю ў Ягелонскім унівэрсытэце ў горадзе Кракаве. Бо гэты горад таксама важны для палякаў, як і для беларусаў. Калісьці супольная сталіца Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы. Менавіта гэта ўсё адчуваецца на вуліцах гораду. Бачна па камяніцах, на якіх гербам зьяўляецца побач зь белым арлом нашая беларуская Пагоня.
Польшча для мяне вельмі важная краіна. Я думаю, што і для шмат каго зь беларусаў. Думаю, што мала які народ так разумее нашыя праблемы, як палякі. Бо яны прайшлі тое ж самае, што зараз праходзіць Беларусь. Заўсёды марылі аб незалежнасьці—таксама як і мы. Бо я мару пра незалежнасьць нашай краіны. Пра дабрабыт у ёй, пра дэмакратыю. Пра іншыя каштоўнасьці, эўрапэйскія каштоўнасьці.
Галоўнай мэтай нашага аб’яднаньня зьяўляецца падтрымка грамадзянскіх ініцыятываў у нашым рэгіёне. І менавіта гэтым шэсьць гадоў, дзень за днём, мы займаемся. Дапамагаем, шукаем людзей. І стараемся знасьці ім партнэраў, часамі нават удаецца знайсьці нейкую матэрыяльную дапамогу. І гэта вельмі важна. Важна, каб людзі ведалі у вёсках, невялічкіх мястэчках, што іх памятаюць, што яны маюць аднадумцаў.
Важнай для мяне справай зьяўляецца самадысцыпліна. Важна тое, што я раблю сам, за сябе, адказваю за сябе. На жаль, часьцяком назіраю сытуацыю, у якой людзі, нават якія належаць да дэмакратычнай супольнасьці нашай краіны, кажуць ужо не за сябе, а толькі за Бацькаўшчыну, за сваю партыю, за ўсіх.
Я прыхільнік зусім адваротнай тэорыі. Напрыклад, маёй найбольшай марай зьяўляецца пабудова ўласнага дому. Менавіта дому, а не кватэры. Выхаваньне сапраўдных грамадзянаў, двух, мінімум, дзяцей. А толькі потым я мару аб краіне. І так я жыву. Кожны дзень працы пачынаю зь сябе: ці я не спазьніўся на працу? Ці я добра зрабіў тое ці іншае, ці чалавек, які прыйшоў да мяне па дапамогу, яе атрымаў?
Гэта галоўнае маё мотта — адказнасьць спачатку за сябе, за сваю сям’ю. А потым ужо за горад, за Горадню, якую я вельмі люблю. Гэта сапраўды для мяне важны горад. Я хачу ў ім жыць і буду жыць, і буду жыць доўга”.